Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мы́сліць ’разважаць, супастаўляючы думкі або з’явы рэчаіснасці і робячы з іх вывады’, ’уяўляць у думках, жадаць’ (ТСБМ, Нас., Яруш.), мыслява́ць ’разважаць’ (мазыр., Нар. Гом.). Укр. мислити, рус. мыслить, польск. myśleć, н.-луж. mysliś, в.-луж. myslić, чэш. mysliti, славац. myslieť, славен. mísliti, серб.-харв. ми̏слити, макед. мисли, балг. мисля, ст.-слав. мыслити (мышлѫ). Прасл. mysliti, якое з myslь > мысль (гл.).

Мысль ’думка’, ’дума’ (ТСБМ, Яруш.), мыслі ’думкі’ (мядз., іўеў., Сл. ПЗБ). Укр. мисль, мисля, рус. мысль, польск. myśl, н.-, в.-луж. mysl, чэш. mysl, славац. mysel, славен. mȋsel, mísel, серб.-харв. ми̑сао, макед. мисла, балг. мисъл, ст.-слав. мысль. Прасл. myslь традыцыйна выводзяць з mud‑tlь (Трубяцкой, ZfslPh, 2, 117) і падаюць роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. maũsti (maudžiù) ’ныць’, ’сумаваць’, ’вельмі жадаць’, ãpmaudas ’прыкрасць’, гоц. gamaudjan ’прыгадваць’, ufarmaudei ’забыццё’, ст.-грэч. μύθος ’мова, слова’, у Гамера ’думка’ μυθέομαι ’гавару, размаўляю, абмяркоўваю’, новаперс. mōye ’скарга’, магчыма, ст.-ірл. smūainim ’думаю’ (< *smoudniō). (Міклашыч, 208; Траўтман, 171; Мее, 416; Фасмер, 3, 25; Махэк₂, 385; Бязлай, 2, 185). Фрэнкель (420) адхіляе роднаснасць паміж слав. myslь і літ. maũsti і суадносіць з мудзіць (гл.). Тапароў (Этимология–1963, 5–43) пераканаўча сцвярджае, што прасл. myslь — стары аддзеяслоўны назоўнік *monslĭ‑ (< і.-е. *men‑), роднасны да mǫdrъ (гл. мудры), і параўноўвае з літ. mąslùs ’удумлівы, кемлівы, разважлівы’, mąstýti ’мысліць, меркаваць, разважаць’ (< і.-е. *man‑ < *men‑), звязваючы прасл. myslь з mьnitъ. Ва ўсх.-слав. мовах у лексемы myslь завужана семантыка, і яна амаль выцеснена прасл. duma > ду́ма (гл.) (Мартынаў, Лекс. взаимод., 84).

Мысок ’насок’ (ТСБМ, Нас.; добр., Мат. Гом.). Да мыс (гл.).