Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мордач ’від цэпа’ (Выг.). Уваходзіць у групу лексем з асновай mъrd‑ ’мяць, мэкаць, церці’ (Куркіна, ОЛА–1972, 216). Роднаснае да морда1 (гл.).

Морж ’млекакормячая жывёла з атраду ластаногіх Odobaenus rosmarus’ (ТСБМ). З рус. морж, ст.-рус. моржъ ’тс’ (XVI ст.), якое з саамск. morša, moršša ’які пераймае голас маржа’ (Крукоўскі, Уплыў, 73; Ітканен, Зб. Мікале, 47–65; Фасмер, 2, 655; Петрыч–Гольмквіст, JS, 8, 1962–1963, 145).

Морзаць ’смаркаць, уцягваць соплі ў нос’ (Нас.). Відавочна, з mъrdati (параўн. ст.-чэш. mrdati ’рухаць, варушыць’, польск. merdać, myrdać ’віляць, махаць, хістацца’, балг. мъ́рдам ’ківаць, махаць, люляць, мръ́ннъ ’варушыць, рухаць’, серб.-харв. мр̏днути ’зрушыць’, славен. meȓdati ’моршчыць нос’, mȓdati ’рухацца туды-сюды’) пад уплывам лексемы морзы (гл.).

Морзы ’твар, нос і губы’ (Нас.). Балтызм. Параўн. літ. mùrza ’рот’, ’твар’. Карэннае ‑о‑ пад уплывам семантычна блізкай лексемы морда.

Морка ’морква’ (Сцяшк.; навагр., ваўк., маст., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 77), з літ. morkà ’тс’.

*Моркацень, мо́ркоцень, моркецень ’баран-самец’ (ТС), лун. мо́ркʼіцʼень ’тс’ (ЛАПП). Да марка́ль (гл.).

Морква, моргва, морг̌ва, морхва, моркаў, мо́ркоў, морка, моргаўка, моркаўка, мо́ркув, моркава, маркова, марква́ ’агародная культура Daucus sativus Roel.’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Яруш., Гарэц., Бес., Зн., Сцяшк., Касп., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяц., Шатал.; КЭС, лаг.; мсцісл., З нар. сл.; міёр., Нар. словатв.; шчуч., З нар. сл.); маркоўя, марг̌аве́ня, маркаве́ньё, морковэньне, морковеннік, маркоўнік ’націна морквы’ (ТС, Шатал., З нар. сл., Жыв. сл.). Укр. морков, морква, рус. морковь, морква, польск. marchew, н.-луж. marchwej, в.-луж. morchej, чэш. mrkev, славац. mrkva, славен. mŕkev, серб.-харв. мр̏ква, макед., балг. морков. Прасл. mъrky (р. скл. mъrkъve), роднаснымі да якога з’яўляюцца: ст.-в.-ням. mor(a)ha, с.-н.-ням. more, ст.-грэч. βράκανα (Гесіхій), паходзіць з і.-е. *mr̥k‑/*br̥k, параўн. яшчэ літ. burkūnas, лат. bur̄kans ’морква’ (Іліч–Світыч, ЭИРЯ, 1, 16–26). Іншыя версіі (гл. Фасмер, 2, 655–656; Петрыч–Гольмквіст, JS, 8, 1962–1963, 147) менш верагодныя.

Моркут ’маркач’ (малар., Нар. лекс.). Да марка́ль, марка́ч (гл.). Аб суфіксе ‑ут гл. Сцяцко, Афікс. наз., 70.

Морма ’негаваркі чалавек’ (хойн., Мат. Гом.). Да мармыль (гл.). Суфікс ‑а, як у знайда, соня (сонʼа). Не выключана магчымасць запазычання ў якасці экспрэсіўнага са ст.-грэч. Μορμώ ’пудзіла, страшыдла, якім палохалі дзяцей’, семантыка якога змянілася.

*Морны, морный ’свабодны, вольны’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, звязана генетычна з серб.-харв. о̏дморан ’які адпачыў, бадзёры’ < о̀дмор ’адпачынак’.