Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Медзь, міедь, мідь ’вязкі і коўкі метал чырванаватага колеру’, ’выраб з медзі’, ’медныя грошы’ (ТСБМ; драг., КЭС; Бес.). Укр. мідь, рус. медь, польск. miedź ’медзь’, н.-луж. měź ’тс’, ’бронза’, ’латунь’, в.-луж. mjedź ’руда’, а значэнне ’медзь’ — з чэш. мовы (Шустар-Шэўц, 12, 920); чэш. měď, славац. meď ’медзь’, славен. mẹ̑d ’медзь’, ’латунь’, серб.-харв. mjȅd, макед., балг. мед, ст.-слав. мѣдь ’медзь’. Прасл. mědь не мае генетычна блізкіх і.-е. адпаведнікаў. Яе збліжаюць са ст.-ісл. smiðr, ст.-в.-ням. smid ’каваль’, з ірл. mēin(n) ’метал руды’, ст.-грэч. σμίλα ’нож для вырэзвання’ (Міклашыч, 194; Аткупшчыкоў, Из истории, 157). Бернекер (2, 46) параўноўваў яе з ц.-слав. смѣдь ’цёмны, шэры’. Больш падрабязна літаратуру гл. Фасмер (2, 591), Покарны (697). Абаеў (Зб. Младэнаву, 321) выводзіць лексему mědь з назвы краіны Мідзія са ст.-іран. Māda‑ праз ст.-грэч. іян. Μηδία, з якой медзь іянійцы прывозілі ў свае калоніі на Чорным моры (Ольвія і інш.). Аналагічна лац. cuprum ’медзь’ < ст.-грэч. Κύπρος ’Кіпр’. Сюды ж медзякі ’медныя грошы’ (Яруш., ТСБМ) (відаць, з разм. рус. медяки), ме́дны, медзя́ны, медзяні́сты ’які мае адносіны да медзі: зроблены з медзі, падобны колерам на медзь або да іншых каляровых металаў’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), ме́дзень ’медны кацёл’ (паўд.-усх., КЭС).

Медзюля́н ’тоўсты, непаваротлівы’, мідзюля́н ’тс’, медзюля́нскі сабака (Нас., Бяльк.), медзяля́н ’свавольнік’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). З польск. medelan, (pies) medelański ’паляўнічы сабака, з якім хадзілі на мядзведзя’, якое ад назвы г. Мілана — Mediolana < гальск. Mediolanum ’пасярод поля’ (Насовіч, 283; Брукнер, 327), — з гэтага раёна Паўночнай Італіі паходзілі вялікія паляўнічыя сабакі. Неверагодна Карскі (Труды, 390), які тлумачыў лексему уплывам літ. слоў з коранем med‑ ’лес’: medė́jas ’паляўнічы’, medìnis ’дзічына’.

Медзяні́ца ’лістаблошка, Psylloidea, Psyllinea’ (ТСБМ). Да медзь (гл.). Названа паводле жоўтага або чырвона-бурага колеру цела.

Медлі, мэдлік, мэбля ’ўкладка снапоў крыжыкамі’ (Бір. дыс.; капыл., ДАБМ, к. 286; ТСБМ), ганц. ’укладка з 20 снапоў’, пух. ’укладка жыта ў 10 снапоў’, ’укладка з 5 снапоў аўса’ (Сл. ПЗБ), мэтлік ’капа’ (Яруш.). Да мэндлік (гл.).

Медлік ’бабка з 30 снапоў’ (бяроз., Выг. дыс.). Да мэндлік (гл.). Мена ‑эн‑ у ‑e‑ у выніку «гіперправільнасці» (фанетычная адаптацыя польскіх лексем з насавым ę); параўн. польск. świętoбел. бяроз. сьве́то ’свята’.

Ме́дная змяя ’мядзянка’ (брасл., Сл. ПЗБ) — калька літ. varìnis žaltỹs (літаральна ’медны вуж’).

Ме́днік ’лудзільшчык’ (ТС). Да медзь (гл.). Аб суфіксе ‑нік гл. Сцяцко, Афікс. наз., 161.

Медуні́ца1, мядуні́ца; мядуні́шнік ’шчамяліца няясная, Pulmonaria obscura Dum. (віц., Кіс.; свісл., Сл. ПЗБ; Бяльк.), рус. смал., наўг. медуни́чник, сіб. меду́нка, укр. меду́нка, польск. miodunka, miodynka, серб.-харв. меду́нак, медуњак, меду̀ника, меду̀ница, балг. медуни́ка, палес. медуні́ца ’зябер, Galeopsis L.’ (ТС), рус. паўн. медуни́чник, медуни́ца ’тс’; медуні́ца ’спірэя вербалістая, Spiraea salicifolia L.’ (віц., Кіс.; Грыг., ТСБМ, Дэмб.), мяду́ніца ’спірэя вязавая, Spiraea ulmaria L.’ (Касп.), рус. валаг., наўг., смал. медуни́ца, серб.-харв. меду̀ника ’тс’. Да мёд (гл.). Названы паводле таго, што з’яўляюцца добрымі меданосамі. Таксама Каламіец і Шамота (Мовознавство, 1979, 4, 24).

Медуні́ца2, мідуні́чка ’сорт яблыкаў’ (Нас.; бялын., Янк. Мат.). Да мёд. Названа паводле салодкага смаку. Аналагічна: укр. меду́нка, польск. miodówka ’салодкая грушка’, славен. mę̑dovka, серб.-харв. меду̀ника, medvańa ’салодкая груша, яблык’.

Ме́дык ’спецыяліст па медыцыне’, ’студэнт медыцынскай навучальнай установы’ (ТСБМ), ст.-бел. медикъ, медыкъ (XVII ст.) ’урач’ запазычаны са ст.-польск. medyk ’тс’, якое з лац. medicus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 129). Сучаснае значэнне прыйшло з рус. мовы.

Медыкаме́нт(ы) ’лячэбныя сродкі, лякарства’ (ТСБМ), ст.-рус. медикаментъ, медикаменты (XVII ст.) прыйшло праз ням. Medikament (XVI ст.) з лац. medicāmentum ’тс’ < medeor ’лячыць’, ’дапамагаць, палягчаць’ (Фасмер, 2, 590; Васэрцыер, 149).