Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лі́хва ’ліф, прышыты да спадніцы’ (Бяльк.). Да ліф (гл.).

Ліхвэйтар ’яфрэйтар’ (Мал.). Сапсаванае народнае яфрэйтар (гл.) з пратэтычным лʼ‑ (параўн. ле́ха ’рэха’).

Ліхвя́р ’кулак’ (Яруш.), ’хто прычыняе людзям няшчасце’ (пух., Жд. 2), ’той, хто бярэ вельмі высокія, недазволеныя законам працэнты за пазычаныя грошы’ (ТСБМ), укр. лихва́р, лихвʼя́р, ст.-рус. лихварь (XVII ст.), польск. lichwiarz, в.-луж. lichwar, чэш. lichvář ’тс’, славац. lichvár ’гандляр скацінай’; серб.-харв. ли̏хвар, славен. lihvár, макед. лихвар, балг. лихва́р. Прасл. форма lixvarь, якая абыходзіць да прасл. lixva ’пазыка грошай пад працэнты’ (Слаўскі, 4, 236). Апошняе — запазычанне з гоц. leiƕva ’пазыка’, leiƕan ’пазычаць’, ст.-в.-ням. lîhan ’тс’ (Бернекер 1, 717; Фасмер, 2, 504–505; Слаўскі, 4, 233–235). Магчыма, аднак, і поўнае запазычанне з герм. *leihwarja‑ ’пазыкадаўца’ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 99).

Ліхніс ’зорка, Lydinis L.’ (Кіс.). З рус. лихнис ’тс’, якое са ст.-грэч. λυχνίς (з улікам лац. lychnus) < λυχνος > ’свяцільня, каганец’. Матывацыяй быў чырвоны колер кветак (Махэк, Jména, 78).

Ліхома ’бяда, цяжкае становішча’ (Нік.). Да ліха (гл.). Аб суфіксе ‑ма гл. Сцяцко (Афікс. наз., 54).

Ліхоцце ’ўвасабленне зла, ліха’ (Янк. 3.), ліхоццё ’дрэнь’, ’пагібель, прорва’ (Нас.). Да ліха, ліхата́ (гл.).

Ліхоцька, ліхо́цько ’чортаў сын’ (ТС). Да ліхата́ (гл.). Магчыма, звязана са ст.-польск. lichocko ’вельмі кепска, бедна’ (XVII ст.), чэш. lichotský ’нешчаслівы, няўдалы’. Аб экспрэсіўным суфіксе ‑ка гл. Сцяцко (Афікс. наз., 160).

Ліхтава́ць ’чысціцца да бляску’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ст.-бел. лихтовати ’чысціць, выпрамляць’ (XVI ст.), запазычаны са ст.-польск. lichtować (Булыка, Запазыч., 191), якое з ням. lichten ’ачышчаць, праясняцца’.

*Ліхтан, ст.-бел. лихтанъ (XVI ст.) ’невялікае, дапаможнае грузавое судна’ запазычана са ст.-польск. lichtan ’баржа’ (Булыка, Лекс. запазыч., 120), якое з ням. прус. licht(er)kahn, lidgan (Слаўскі, 4, 232–233). У сучаснай бел. мове заменена словам ліхтэр < рус. ли́хтер ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 83), запазычанае ў пачатку XVIII ст. з гал. ці н.-ням. lichter, новав.-ням. Leichter ’пласкадоннае судна, якое аблягчае вялікае судна’ (Фасмер, 2, 506).

Ліхта́р, лыхта́р ’прылада для асвятлення — футарал са шклянымі сценкамі’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Мядзв., Растарг.; КЭС, лаг.), ’падсвечнік’ (Грыг., Нас., Шат., Шпіл.; Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), ст.-бел. лихтаръ, лехтаръ, лыхтаръ, ляхтаръ ’ліхтар’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. lichtarz ’падсвечнік’, якое ўзыходзіць да с.-в.-ням. liuhtaere, ням. Leuchter ’падсвечнік’ < liuhten ’свяціць’ < герм. *liuhta‑ ’ясны’ (Слаўскі, 4, 233; Чартко, Бел. лінгв. зб., 151; Жураўскі, Бел. мова, 62; Кюнэ, 72). Фасмер (2, 505) мяркуе, што насуперак Вінеру (63) пасрэдніцтва ідыш з’яўляецца неімаверным. Сюды ж ліхта́рня ’падсвечнік’ (Нас., Сцяшк.), ’ліхтар’ (Растарг.; паўд.-усх., КЭС), ’від ліхтара’ (паст., чыж., Сл. ПЗБ).