Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лі́пнуць ’прыліпаць’, ’шчыльна прыціскацца’, ’прыставаць’ (Яруш., Бяльк., Шат., ТСБМ). Укр. липнути, рус. липнуть, польск. lipnąć, н.-луж. lipnuś, чэш. lipnouti, славац. lipnúť, славен. pri‑lípniti. Прасл. lьpnǫti. Пазней адбылася мена галоснага асновы ў ‑i‑ пад уплывам (pri)lipati (Слаўскі, 4, 275).

Ліпня́к ’масляк’ (маст., Сцяшк. Сл.). Відавочна, недакладны запіс. З ляпняк. Да ляпіць, ляпіцца (гл.). Названа паводле клейкай слізі, якая пакрывае гэты грыб.

Ліпо́та ’добрае надвор’е’ (навагр., Сцяшк. Сл.). Укр. ліпота́ ’прыгажосць’, ст.-рус. лѣпота ’тс’, ’прыстойнасць’, рус. арханг. лепота́ ’прыгожая знешнасць’, ’мажносць’, паўн.-дзвін. ’гліністая гразь’, ’сырое надвор’е, калі да колаў прыліпае гразь, а да палазоў — снег’, серб.-харв. љепо̏та, ст.-слав. лѣпота ’прыгажосць’. Абстрактнае ўтварэнне з суфіксам ‑ota ад прасл. lěpъ, якое да і.-е. *loi̯p‑os ’той, хто лепіцца, прыліпае’ < *lei̯p‑ ’намазаная маззю, ляпіць’. Бел. лексема — з лепо́та ’прыгажосць’, семантыка якога канкрэтызавалася.

Ліпоўка ’бочка з ліпы’ (Мат. Гом.). Да ліпавачка (гл.).

Лі́пскі — у выразе лі́пская хуста ’хустка чырвонага колеру’ (Ян.). Паходзіць (праз польск. мову) ад назвы г. Лейпцыга — Lipsk (параўн. і чэш. Lipsko, луж. Lipsk), у якім знаходзілася фабрыка.

Лі́псы ’вочы’ (Яўс.). Няясна (мала інфармацыі). З арго (?). Да лы́паць (?).

Ліпу́цік, ліпу́чкі ’смолка ліпкая, Viscaria vulgaris Bernt. (ТС). Да ліпнуць (гл.). Утварыліся лексемы ад липуч‑ъ > лі‑пуч‑ъкъ са зменай ч > ц паводле лю́цік. Прымета ліпкасці была вырашальнай і пры ўтварэнні рус. разан. липник ’тс’.

Ліпу́чка ’аднасценная сетка’ (Паазер’е, Браім, 43). Няясна.

Ліпу́чы ’ліпкі’ (Нас., Гарэц., Бяльк.), ліпу́чый ’заразны’ (Бяльк.), ліпу́шчая хваро́ба ’тс’ (КЭС, лаг.). Да лі́пнуць (гл.).

Лі́пцы ’прыманка з жабы, на якую ловяць ракаў’ (ваўк., Сл. паўн.-зах.). Відавочна, узыходзіць да прасл. lip‑ьcь < ‑lipati > лі́пнуць, хаця адпаведнікі ў іншых слав. мовах не знойдзены.