◎ Купе́на ’купена многакветкавая, Polygonatum Moench multiflorum (L.)’ (Нас., Кіс., Касп., Гарэц.). Да купах (гл.), улічваючы форму карэнішча (БелСЭ, 6, 204) і такія сінонімы да назвы лекавай купены, як пупнік, грыжнік. Словаўтварэнне нерэгулярнае. Ці не да купіна? Параўн. купіна 3 (гл.).
◎ Купе́ць, ку́паць ’тлець’ (ТС). Гл. капцець. Гэтыя словы суадносяцца фармальна, як *koup‑/kuop. Гл. купіць.
Ку́піна 1 ’кучка зацвярдзелай зямлі на нізкім або балоцістым месцы, аброслая травой, мохам’ (ТСБМ, Касп., ТС, Нік. Очерки, З нар. сл., Федар., Яруш., Сержп. Ск., Яшк., Кліх, Сл. паўн.-зах.). Укр. купина ’рачная выспачка’, рус. купина ’тс’, польск. kępina, в.-луж. kupa, н.-луж. kupa ’выспачка’. Параўн. літ. kam̃pas ’мясцовасць’, лац. campus ’поле’ (Бернекер, 1, 600; Фасмер, 2, 420).
Ку́піна 2 ’цярновы куст’ (Булг.). Запазычанне са ст.-слав. кѫпина ’тс’ у біблейскім тэксце.
Ку́піна 3 ’скабіёза жоўтая, Scabiosa ochroleuca L.’ (Кіс.). Да купа 1 (гл.). Пра семантычную сувязь гэтых слоў сведчаць такія сінанімічныя назвы, як каўтуннік і гузікі. Параўн. купена (гл.).
Ку́пісты ’шыракаплечы’ (Сцяшк. Сл.), ’прысадзісты (пра чалавека)’ (Янк. III). Да купа 1 (гл.).
Ку́піцца ’тлець, гарэць (пра торф)’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. ку́піць.
Купі́ць ’набыць за грошы’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах.). Укр. купити, рус. купить, ст.-слав. коупити, балг. купя, серб.-харв. ку́пити, славен. kúpiti, польск. kupić, чэш. koupiti, славац. kúpiť, в.-луж. kupić, н.-луж. kupiś ’тс’. Прасл. kupiti лічыцца запазычаннем з гоц. kaupon ’таргаваць, гандляваць’, а германскія словы — з лац. caupo ’крамар’ (Бернекер, 647; Траўтман, 123; Кіпарскі, 204). Аднак існуе іншая магчымасць вытлумачыць паходжанне славянскіх лексем. Лац. caupo ў сваю чаргу разглядаецца як запазычанне з невядомай мовы. Яго можна звязаць са ст.-грэч. κάπηλος ’крамар’, калі прыняць для апошняга κάπηλος (< *κϜαπηλος): caupo‑ *ku̯op‑: *kou̯p‑. Сюды ж можна аднесці і тах. kappi ’серабро’ (< *kou̯p‑): ст.-грэч. καπηλεία ’гандаль’ ∼ тах. kappi ’серабро’. І.‑е. ku̯op тады разглядаецца як назва адзінкі натуральнага абмену. Параўн. прасл. kopa (гл. капа) (ст.-польск. і ст.-чэш. kopa ’грашовая адзінка’). Калі гэта так, мы можам рэканструяваць *ku̯op‑/*kou̯p‑ і аднесці сюды прасл. kupiti. Германскія словы можна разглядаць як славянізмы (далейшую аргументацыю гл. у Мартынава, Лекс. взаим., 161–166).
Ку́піць ’гарэць без полымя, дымець’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 210), якое суадносіцца з ко́паць (< *ku̯op‑) як аблаўтны варыянт *koup‑. Гл. купець і капцець.
Купле́т ’асобная страфа песні’ (ТСБМ, Яруш.). Запазычана праз рус. куплет з франц. couplet ’тс’ (Шанскі, 2, 8, 448).
Купо́н ’адразны талон у каштоўных паперах’ (ТСБМ). З франц. coupon ’тс’ праз рус. купон (Шанскі, 2, 8, 449).
◎ Ку́пра ’горб’, ’карак’, ’бядро’, ’клуб у каровы’, ’пупок у птушак’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. літ. kupra ’горб’ (там жа, 2, 575). Балтызм. Гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 144. Нельга змешваць з укр. купер ’хвасцец’, польск. kuper, чэш. kupr ’тс’, якое, магчыма, мае генетычную сувязь з літ. kaūparas ’курган’, і інш. (параўн. Фасмер, 2, 420; Слаўскі, 3, 377).
◎ Куптыры́ ’трава (балотная)’ (Мат. Гом.). Да каптур (гл.)?