Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гайду́к ’гайдук’ (БРС, Яруш.), ’казачок у памешчыка; дарослы слуга, высокі, у прыгожым убранні’ (Шат.), ’служка ў багатага пана; аб’ездчык па віннаму водкупу; чумак, работнік на стругах, барках і да т. п.’ (Нас.). Рус. гайду́к. Запазычанне з укр. гайду́к, польск. hajduk ’тс’ < венг. hajdúk (мн. л. ад hajdú). Фасмер, 1, 383–384; Бернекер, 1, 375; Локач, 61 і далей. Гл. таксама падрабязна Слаўскі, 1, 392. Сюды ж гайду́к ’назва танца’ (Нас.), польск. hajduk ’тс’ (Слаўскі, там жа). Слаўскі лічыць, што ў рус. і ўкр. мовах гайдук — запазычанне з польск. Параўн. і Шанскі, 1, Г, 11. Ст.-бел. гайдукъ вядома з XVI ст. (Булыка, Запазыч., 76). Незразумела, чаму Булыка (там жа) лічыць, што венг. hajduk запазычана з тур. hajdud.

Гайдэ́шка ’арэлі’ (Янк. II). Да гайдаць (гл.).

Га́йка ’гайка’, ’жалезнае кольца, якое набіваецца на што-н. для змацавання’ (БРС, Касп., Нас.). Рус. га́йка, укр. га́йка. Паводле Фасмера (1, 384), цяжкае слова. Шанскі (1, Г, 11–12) мяркуе, што ўкр. і бел. словы запазычаны з рус., дзе гэта слова ўтворана суфіксам ‑ка ад дзеяслова гаить ’закрываць; затрымліваць’.

Гайкнуць, гайкаць ’уздыхнуць, вохнуць’ (Шэйн, Песні). Гукапераймальнае. Няясна, якая сувязь з рус. га́йкаць ’крычаць «гай»’ (аб гэтым апошнім гл. Фасмер, 1, 384).

Га́йна ’логава, беспарадак’ (Янк. III). Гл. гайно́.

Га́йнік1 ’расліна Epipactis Sw.’ (БРС, Кіс.). Калі меркаваць, што спачатку гайнік азначаў расліну Epipactis palustris Grantz, якая расце ў сырых мясцінах, на багнах, то ёсць магчымасць звязаць яе назву з гайно́ ’бярлога, логава’ (гл. гайно́), г. зн. што спачатку гайнік — расліна, якая сустракаецца на гайне́, на брудных, балоцістых месцах. Параўн. Нейштадт, Определитель, 174.

Га́йнік2 ’чорны бусел’ (Шатал.). Ці не таго ж самага паходжання, што і гайнік1? Чорны бусел сустракаецца на багнах і сырых месцах. Іншая магчымасць тлумачэння: гайнік ад гайно ’гняздо чорнага бусла, вельмі масіўнае і грубае’? Да рэалій параўн. Флінт, Птицы, 64–65.

Гайнікі́ ’мера даўжыні’ (Сцяшк.: «Гайнʼикʼи́ и ро́зныйа былʼи́, и со́рак ме́траў, і во́сʼимʼисʼат, йи́мʼи калʼи́сʼцʼи мʼе́ралʼи зʼамлʼу́»). Відавочна, з *гоннікі (з дысіміляцыяй ‑нʼнʼ‑ > ‑йнʼ) да *gonъ ’мера даўжыні’ (< *gъnati).

Га́йніць ’ганьбіць’ (Мат. Гом., 3). Фанетычнай зменай з га́ніць ’тс’ (гл.). Параўн. аналагічную з’яву ў словах тыпу бел. дыял. ба́йня < ба́ня.

Гайно́ ’бярлога, логава’ (БРС, Шат., Бяльк., Мат. Гом., 3, Шатал.); ’бярлог’ (Яшк., Касп., Грыг., Мядзв.), таксама ’гняздо’ (Мат. Гом., 3), га́йна ’логава, беспарадак’ (Янк. III). Укр. гайно́ ’гной, кал; падсцілка з саломы для жывёлы; бярлога; беспарадак’, рус. га́йно́ ’гняздо, логава звера; гняздо птушкі; сабачая будка, палатка; хлеў; падсцілка для свіней і да т. п’. Няма ў слоўніках Слаўскага і Фасмера. Рудніцкі (531) хоча бачыць тут эўфемізм для зыходнага слова *govьno. Няпэўна. Невядома, ці ёсць нейкая сувязь з чэш. hejno, славац. hajno, польск. дыял. gajno ’стада авечак, сагнаных разам’ (аб гэтых словах гл. Махэк₂, 164).

Гайня́ ’зграя сабак, ваўкоў’ (Інстр. II, Бір. Дзярж., БРС), ’група дзяцей, якія сваволяць’ (Жд. 2). Няпэўна, ці ёсць нейкая сувязь з гайно1. Хутчэй з ганя́ (> гайня́, параўн. байня < баня, гайніць < ганіць і да т. п.) да *gonъ, *gъnati: *gonь. Параўн. Янк. II, 49.