Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гавэ́ндзіць ’гаварыць’ (слонім., Арх. Бяльк.), гаве́ньдзіць ’размаўляць, траціць час у пустых размовах’ (Бяльк.), рус. смал. гаве́ндить ’гаварыць пустое’. Бясспрэчна, запазычанне з польск. gawędzić ’тс’, як і гавэ́нда (гл.). Запазычана з польск. і слова гавэ́ндаць ’гаварыць пустое, бяссэнснае’ (Шат.). Параўн. польск. рэдкае gawędać ’гаварыць’ (Варш. сл., I, 810).

Гавя́да ’скаціна’, таксама гаўя́да (гл. ДАБМ, карта № 293). Прасл. *govędo ’буйная рагатая жывёла, скаціна’ (рус. дыял. говя́до, укр. дыял. говʼя́до, балг. гове́до, серб.-харв. го̀ведо і г. д.). Утварэнне суфіксам ‑ęd‑o да і.-е. *g​ō̆u̯‑s ’буйная рагатая жывёла’. Агляд літ-ры ў Трубачова, Эт. сл., 7, 74–75. Усх.-палес. го́ўе, гаўя́ ’буйная рагатая жывёла, скаціна’, магчыма, < *govьje (< *govь < і.-е. *g​ou̯‑); гл. Борысь, БЛ, 1979 (15), 47–48.

Гавя́джы дыял. ’жывёльны, для жывёлы’ (БРС), гавя́жы (Сцяшк.). Рус. говя́жий, чэш. hovězí, славац. hovādzi, в.-луж. howjazy, н.-луж. gowjezy, ст.-слав. говѧждь, балг. гове́жди, серб.-харв. го̀веђи, славен. govéji. Прасл. *govędjь ’гавяжы’, прыметнік на ‑i̯o ад *govędo ’жывёла’ (гл.). Прынамсі, праславянскім з’яўляецца словаўтваральны тып. Параўн. Бернекер, 338; Траўтман, 94.

Гавя́жы. Гл. гавя́джы.