Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вясе́нні ’веснавы’ (БРС, КТС), вясеньній ’тс’ (Бяльк.), укр. весінний, рус. весенний, ст.-рус. весненыи, весньный, польск. wiosenny, чэш. мар. vesní. Утворана пры дапамозе суф. ‑н‑і (< ‑ьnъ). Да вясна́ (гл.).

Вясёланка, вясёлонка ’святліца’ (брасл., Карскі, Труды) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вясёлы (гл.) са значэннем ’светлы’, параўн. рус. калуж. весёлая ночь ’светлая, месячная ноч’, вясёлка ’адкрытае месца, якое асвятляецца і саграваецца сонцам’, і памяншальна-ласкальнага суф. ‑он‑к‑а.

Вясёласць ’весялосць’ (КТС), вясёлысьць ’тс’ (Бяльк.), укр. веселість, рус. весёлость ’тс’, польск. wesołość ’вясёлы настрой, пацеха, радасць, добры гумар’; ’вясёлы спосаб правядзення часу’, н.-луж. wjasolosć, в.-луж. wjesołosć ’весялосць, радасць’, чэш. veselost ’весялосць, забава, пацеха’, паўдн.-усх. ’вяселле’, славац. veselosť ’весялосць, забава’, славен. vesẹ̑lost, серб.-харв. ве̏селост, макед., балг. веселост. Прасл. veselostь, утворанае з суф. ‑ostь ад прым. veselъ > вясёлы (гл.). Бел. літаратурная форма мае націск на канчатку.

*Вясёлачка, вясёлычка — памяншальнае ад вясло́ ’вясло ў чаўне’ (Бяльк.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ачк‑а. Паводле рэдкасці суфікса н. р. і тэрытарыяльнай абмежаванасці ўжывання, можна меркаваць, што слова было запазычана з рус. гаворак, дзе маецца арханг., алан., валаг., перм. весёлышко ’тс’, суфікс якога быў відазменены на бел. глебе пад уплывам ‑ечк‑а (як лісцечка, гняздзечка).

Вясёлка1 ’радуга’ (БРС, КТС, Янк. II, Касп., Гарэц., Сцяшк. МГ, Грыг., Мядзв., пух., З нар. сл.), wiesióu̯ka, wiesiúu̯ka (Маш.), укр. весе́лка, а таксама весели́ця, весели́чка, веселі́вка, весі́вка, рус. пск., смал., валаг. весёлка ’тс’. Да вясёлы (гл.). Усх.-слав. арэал пашырэння лексемы можна звязаць з літ. linskmỹnė ’вясёлка’ ⟷ liñksmas ’вясёлы’ (Непакупны, Связи, 64–65) і вепск. ilʼoi‑kalʼoi ’вясёлка’ ⟷ іло ’весялосць, смех’; падобная ж матывацыя ў бел., рус. радуга < radǫgaradъ ’рады’ (Фасмер, 3, 431). Параўн. таксама весялу́ха2 (гл.). Сюды ж вясёлкавы. Афанасьеў (Представл., 3) атаясамлівае висялуха з висеть ’якая вісіць у паветры’.

Вясёлка2 ’таемнік, Lathraea squamaria L.’ (мін., Кіс.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вясёлы (гл.) і суф. ‑к‑a. Названа расліна паводле шматколернасці (бледна-ружова-чырвоная) суквецця. Параўн. тое ж у рус. весёлые глазки ’браткі, Viola tricolor L.’.

Вясёлка3 ’смаржок, Gyromitra esculenta’ (Інстр. II), гом. вясё́лкі ’смаржкі’ (Працы, 6), узд. ’порхаўка, Phallus impudicus’, укр. весе́лка воню́ча ’тс’, весе́лка чо́ртова ’Phallus caninus Huds.’ Да вясна > *вясеннік < вясенні грыб. Паводле народнай этымалогіі, ад вясёлы ў сувязі з незвычайнасцю формы (выгляду) грыба. Гл. таксама весялуха5, вяселік2.

Вясёлка4 ’бародаўчатая бяроза, Betula verrucosa Ehrh.’ (лёзы., КЭС); ’звычайная дробналістая бяроза’ (паўн.-віц., Нар. лекс.), рус. смал., пск. весёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, смал. весёлочка ’тс’. Пад уплывам народнай этымалогіі — да вясёлы. Больш імаверна да вясна (гл.). Параўн. таксама ўкр. назву вясенняга месяца сакавіка бе́резень.

Вясёлкі мн. ’дзіцячы сад’ (брагін., Мат. Гом.) — відазмененае ясёлкі < яслі з прыстаўным в‑.

Вясёлы ’пранікнуты весялосцю, радасцю; прыемны для погляду, не пануры’; ’той, хто дае, выклікае радасць’; ’яркі, светлы’ (БРС, КТС, Бяльк.), драг. высёло́ (прысл.) ’прыгожае месца, асветленае, з буйнай расліннасцю, магчыма, на ўзвышшы’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. веселий, рус. весёлый ’вясёлы, радасны’, каз. ’хуткі’, смал. ’ласкавы’, у спалучэннях ’рознакаляровы (камень, кветкі)’; ’асветлены, светлы, ясны (пра ноч)’; ’шматлікасць (рыбы, суквецця)’, ст.-рус. веселый ’вясёлы, які радуе багаццем, дастаткам’; польск. wesoły (ст.-польск. wiesioły), н.-луж. wjasoły, в.-луж. wjesoły ’вясёлы’, чэш. veselý ’тс’, валаш. veseła ’карова з белымі нагамі і хвастом’, мар. veselý ’светлы, чырвоны (колер)’, славац. veselý ’вясёлы’, славен. vesę̑ł ’тс’, серб.-харв. ве̏сео ’прыгожы, пагодлівы (дзень, месяц’; ’светлы, ззяючы’; ’ясны, каляровы’; ’буйны, свежы (расліна)’; ’хуткі, жвавы’; ’цудоўны, незвычайны’, макед., балг. весел ’вясёлы’, ст.-слав. веселъ. Прасл. vesel‑ъ мела значэнне ’буйны, пышны, паўнакроўны; каляровы, які іграе жывымі, яснымі колерамі, які радуе, вясёлы’. Самымі блізкімі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца лат. vęsęls ’здаровы, поўны, цэласны, цэлы, непашкоджаны’, прус. wessals, ілір. анамаст. Veselia ’Felicitas’ (Будзімір, RIEB, 1, 284; Краэ, IF, 57, 113). Відавочна, ‑elъ з’яўляецца суфіксам, тады корань ves‑ < і.-е. *u̯es‑ са значэннем ’добра’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 543) ці ’жыць’ (Праабражэнскі, 1, 78); таксама Младэнаў (63) і Покарны (826) звязваюць гэты корань з лац. vēscor ’атрымліваць асалоду ад ежы’, санскр. vas‑ ’ем’, vásu‑ ’добры’, кімр. gwest ’бяседа’, гоц. wisan ’банкетую’, ірл. feis ’есці’. Фасмер (1, 303) адносіць сюды яшчэ авест. vaηhu‑, voku, гальск. ves(u)‑ (ва ўласных імёнах Vesunertus, Vesclevesis), ірл. fíu ’варты, роўны’. Фік (545), Буасак (234) і Гараеў (1896, 46) адносяць аснову ves‑ да і.-е. *u̯ekʼ ’хацець’ (ст.-інд. vaś‑mi ’хачу, жадаю’, грэч. ἑκών ’ахвотны’, ἕκηλος ’спакойны’). Тое ж Махэк₂ (685), які праводзіць паралель паміж слав. vesel‑ъ і ням. lustig (< Lust ’радасць, захапленне, жаданне, ахвота’, ’юрлівасць’), суадносячы яго з лексемай vášeň ’страсць’. Торп (405), Скок (3, 578), КЭСРЯ (77) звязваюць вясёлы з лексемай вясна́ (гл.), што зусім імаверна, калі прыняць пад увагу значэнні лексемы ў паасобных слав. гаворках: ’месца з буйной расліннасцю’; ’рознакаляровыя кветкі’; ’свежыя, буйныя расліны’; ’здаровы, цэласны’, а таксама ўкр. квітень, польск. kwiecień — назвы вясенніх месяцаў. Сюды ж прысл. вясёла (КТС).

Вясёнка1 ’вясна’ (КЭС, лаг.). Да вясенка (гл.).

Вясёнка2 ’вясенняе жаночае паліто’ (навагр., З нар. сл.) запазычана з польск. jesionka ’дэмісезоннае паліто’. Пачатковае в‑ прыстаўное, па аналогіі да вясна.

Вя́ска ’сена, салома, канюшына, увязаныя ў рэзгіні ці ў вяроўку або лейцы’ (докш., Янк. Мат.). Да вя́зка, вяза́ць (гл.).

Вяско́вец ’жыхар вёскі’ (БРС, КТС) — уласнабеларускае. Утворана пры дапамозе суф. ‑овец ад вёска (гл.). Сюды ж вяскоўка, вяскоўскі (КТС), вясковы ’сельскі’ (БРС, КТС, Яруш., Бяльк.).