Вёска ’сялянскае паселішча, сяло, сельская мясцовасць’ (КТС, БРС, Нас., Касп., Гарэц.), весь ’тс’ (Гарэц.). Укр., рус. уст. весь ’вёска’, ст.-рус. веска ’вёсачка’, весь, вьсь ’вёска, паселішча, квартал горада’ (X ст.), польск. wieś ’вёска’, каш. vjes ’тс’, палаб. vas ’вёска, горад’, н.-луж. wjas, wjaska ’вёска’, в.-луж. wjes, чэш. ves ’тс’, славац. уст. ves ’малая вёска’, славен. vâs, серб.-харв. *вас, балг. вес (толькі ў геаграфічных назвах), ст.-слав. вьсь. Мае адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. viešpat(i)s ’гаспадар, пан’, лат. vìesis ’госць, прышлы чалавек’, ст.-прус. waispattin ’гаспадыню’, ст.-інд. viśpati ’гаспадар’, viśpatni ’гаспадыня’, алб. amvisë ’тс’, ст.-інд. viś‑ ’дом, жыллё’, veśás ’сусед’, грэч. Ϝοἶκος, авест. vĩs‑, ст.-перс. viϑ ’дом’, алб. vis ’месца, мясцовасць, плошча’, лац. vīcus ’паселішча’, гоц. weihs ’вёска’. Узыходзіць да і.-е. *u̯ei̯kʼ‑ (*u̯ikʼ‑) *u̯oi̯kʼ‑o ’дом, жыллё’. Звязана, відавочна, з прасл. *věs‑ ’род, дом’ (Мартынаў, Зб. Аванесаву, 190–192). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 80; Вондрак, Sl. Gr., 1, 346; Траўтман, 363; Вальдэ-Гофман, 2, 782–3; Фасмер, 1, 305; Голуб-Копечны, 412–3; Брукнер 618–9; Махэк₂, 684–5; Скок, 3, 567; БЕР, 1, 137; Шанскі, 1, В, 76; КЭСРЯ, 78; Рудніцкі, 1, 373.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)