Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ву́хла асудж. ’някемлівы, нездагадлівы чалавек’ (міёр., З нар. сл.). Вытворнае ад ву́х‑а, гл. вухла́сты; параўн. паўднёваславянскую паралель: макед. ушло, ушла ’лапавухі чалавек’.

Вухла́сты ’з вялікімі вушамі’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.). Адназоўнікавы прыметнік; параўн. галава́сты, спіча́сты (ад галава, спіца) з характэрнай суфіксацыяй; ад незафіксаванага *вухлы экспр. ’вушы’.

Вухна́ль ’падкоўны гвозд’ (Мядзв., Нас., Шат., БРС), вухна́лік (Нас. Доп., Байк. і Некр.), укр. (в)ухна́ль, (г)ухналь, рус. ухна́ль. Праз польск. ufnal, hufnal з ням. Hufnagel ’тс’ (Брукнер, 592; Фасмер, 4; Рудніцкі, 1, 502; Кюнэ, Poln., 111).

Вухры́ць ’вучыць, настаўляць’ (Юрч., Сцяшк. МГ). Няясна, магчыма, звязана з ву́харэц (гл.).