Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бу́кнуць ’набракаць’ (Нас.). Мабыць, з бу́хнуць (параўн. слав. *buxnǫti, рус. бу́хнуть, набуха́ть набракаць’).

Буко́нка, буко́нніца ’аканіца’ (Бяльк., Нас., Касп., Мядзв.). З *аб‑акон‑ка, *аб‑акон‑ніца (да акно́; параўн. бако́нка, буке́нніца).

Буко́та1 ’ўзгорак на лузе, на якім расце вяз’ (слаўг., Яшкін). Утварэнне ад гукапераймальнага дзеяслова *bukati, дакладней ад яго «ўзмоцненай» формы *buk‑ot‑ěti ’гучаць, шумець і г. д.’ Да семантыкі параўн. бу́чаё (гл.), там і паралелі з іншых слав. моў. Параўн. яшчэ бу́хта, буко́та2, букта. Цікава, што ў бел. мове буко́та мае два значэнні: ’узгорак’ і ’глыбокае месца ў рацэ’. Дакладная семантычная паралель да гэтага — укр. бе́лебень ’узвышша’; ’глыбокае месца ў вадзе’ (аб матывацыі гл. пад бу́чаё).

Буко́та2 ’глыбокае месца’. Гл. бу́кта.

Бу́кса1 ’бязрогая карова’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Ёсць дзве магчымасці тлумачэння: 1) метафара да бу́кса ’букса’ (гл.); першапачаткова ’карова з кароткімі, нібы абрубленымі (як «букса») рагамі’; 2) утварэнне (суфікс ‑s‑) ад дзеяслова *bukati () ’букацца, біцца лбамі’ (гл. бу́кацца); першапачаткова ’карова, якая букаецца, б’ецца лбом, а не рагамі’. Польск. дыял. buksa ’тс’ (паводле Варш. сл., 1, 231, няяснага паходжання). У літ. мове ёсць buksà ’бязрогая карова; чалавек без пальцаў’. У бел. мове запазычанне з літ.? Але ў Фрэнкеля гэтага слова няма наогул.

Бу́кса2 ’бручка’ (Бяльк., Кіс., Інстр. II, ДАБМ, 858–859, № 276). Слова, як і буксінка ’тс’ (гл.), усх.-бел. Бясспрэчна, мясцовае новаўтварэнне. Паколькі гэтай назва ізаляваная, то застаецца толькі адна магчымасць этымалагізавання: бу́кса ’бручка’ ўзнікла скарачэннем з буксінка ’тс’. Гл. Краўчук, БЛ, 1973, 3, 56.

Бу́кса3 ’букса’ (БРС), ’жалезная ўстаўка ў коле’ (Арх. Бяльк., слонім., Маш., Маслен., Бяльк.). Рус. бу́кса, укр. бу́кса (як тэхнічны тэрмін), польск. buksa, buks. З ням. Büchse ’тс’ (да ням. слова гл. Клюге, 107). Варш. сл., 1, 231; Шанскі, 1, Б, 220–221. Параўн. ст.-бел. букса (XVII ст.; Булыка, Запазыч., лічыць яго паланізмам).

Буксінка ’бручка, Brassica napus L.’ (маг., Кіс.). Бясспрэчна, мясцовае ўтварэнне (няма ў іншых мовах і суседніх дыялектах). Паколькі бручка часта носіць розныя, яўна новыя назвы (параўн., напр., немка, чыгірынка), у тым ліку і па колеру (сінюха), то можна меркаваць пра сувязь з прыметнікам тыпу рус. дыял. букси́новый ’чырвона-жоўты або цёмна-аранжавы’ (< фукси́н < ням.). Адсюль буксінка ’бручка’. Параўн. бу́кса2 ’бручка’. Гл. Краўчук, БЛ, 1973, 3, 56.

Бу́кта ’глыбокае вірыстае месца ў рацэ на самым яе павароце, якое крыху ўдаецца ў сушу’ (Яшкін), буко́та ’тс’ (Яшкін), бу́кта ’глыбокае месца ў рацэ’ (Мат. Гродз.), ’шырокае і глыбокае месца на рацэ’ (Сцяшк. МГ). Як і бу́хта2 (гл.), утварэнне ад гукапераймальнага дзеяслова *bukati, дакладней ад яго экспрэсіўнай суфіксальнай формы *bukъtěti. Форма буко́та — ад *buk‑ot‑ěti (параўн. буко́та ’ўзгорак’). Форма бу́кча ’глыбокае месца ў рацэ; затока’ (жыт., Яшкін) утворана па мадэлі *bukъti̯a. Параўн. бу́хта2, буко́т1, бу́чаё, бук2, бу́ка2.

Бу́кча ’глыбокае месца ў рацэ’. Гл. бу́кта.