Аздо́ба (БРС, КЭС), ст.-бел. оздоба ’тс’ (1592) (Нас. гіст.), укр. оздоба. Мабыць, запазычанне з польск. ozdoba.
Азе́л ’марока’, азеліваць марочыць’ (Бяльк.), азяляць ’марочыць, спакушаць’ (Нас.), азяліцца ’адурэць, як выпіўшы зелля’ (Арх. Бяльк., Нас.), азяленне ’ап’яненне’ (Гарэц.), азяліць ’затлуміць, ап’яніць’ (Яўс.), азяліцца зелле (Гарэц.). Параўн. озелить ’зачараваць зеллем’, озел ’вядзьмарства’ (Дабр.). Беларускае новаўтварэнне ад зелле (Мартынаў, SlW, 65). Гл. Фасмер, 3, 125.
Азіля́ць ’марочыць, ачмураць’ (Бяльк.). Гл. азел.
А́зірк ’позірк, погляд’ (Бяльк.), азіркам ’аглядаючыся’ (Бяльк.). Гл. зыркаць.
Азла́шчы ’асабліва, тым больш’ (Арх. Бяльк., Гарэц.) < польск. a zwlaszcza.
Азна́йміць (Др.-Падб., Яруш.), азнаймавацца (Нас.), азнайменне (Нас.), ст.-бел. ознаймати ’паведамляць, аб’яўляць’ (1563), ознаймити(ся) (1542), ознайменный (1517), ознайменье, ознаймовати(ся) (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. oznajmić (się) (Мартынаў, SlW, 68).
Азно́б (БРС), азноба ’балячка, прастуда, азноб, зайздрасць’ (Нас.). Гл. знабіць.
Азо́рнік ’нахабны, шалапут’ (Нас.), азарнок (Сержп.), азарны (Касп., Нас.) да а‑зор‑нік, гл. рус. озорник, озорной. Першапачаткова ’той, хто сочыць за кім-небудзь, падглядвае’. Параўн. рус. озор у тым жа значэнні. Няправільна Ільінскі (PF, 11, 199) адносіць да кораня ‑ор‑ з наступнай дэкампазіцыяй прэфіксаў. Параўн. Фасмер, 3, 126.
Азукува́ты ’спрытны, жвавы’ (Бяльк.), азука ’спрытны’ (Нас.), хлапец‑азука (Нас., Гарэц.) да зух, зухасць (гл.). Мартынаў, SlW, 68. Памылкова Карскі, Белорусы, 160.
Азыза́ць (БРС, Бір., Касп., Шат.), азызнуць (КЭС), азызлы ’апухлы’ (Шат., КЭС), азызнівець ’апухнуць’ (Бір. дыс.) да аслізлы (гл.) ’гладкі? Семантычна параўн. гладкі ў значэнні тлусты’ і гладкі ў значэнні ’аслізлы’.