Перагля́ды, перагля́дзіны ’агледзіны’ (смарг., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.) — з перагле́дзець ’разгледзець, абмеркаваць яшчэ раз’. Семантычна найбольш блізка стаіць рус. разан. гля́дать ’аглядаць каго-, што-небудзь дзеля азнаямлення, пераканання ў наяўнасці’. У выніку пераносу значэння ўзніклі перагля́ды, пірагля́дзіны ’паездка нявесты да жаніха’ (смарг., астрав., Сл. ПЗБ), як пярэзвы, перазоў. Падобныя да бел. перагляд зах.- і паўд.-слав. (польск. przegląd, чэш. přehled, н.-луж. рśeglěd ’перагляд, агляд’, серб.-харв. пре́глед ’агляд(анне)’, макед. преглед ’тс’, славен. preglèd ’агляд, праверка’) — новыя ўтварэнні, калькі з ням. Übersicht ’агляд, назіранне’.
Пераго́н ’участак чыгункі, шашы паміж дзвюма станцыямі’, ’малако, абястлушчанае на сепаратары’ (ТСБМ), параго́н ’тс’ (Сл. ПЗБ) — новыя словы, успрынятыя з рус. ці польск. моў, утвораныя паводле ўзору прасл. *per‑gonъ < *per‑ і gъnati > гнаць (гл.), параўн. пераго́н ’перавод пчол у іншы вулей’ (Нікан.), пераго́нка ’тс’ (Яруш.), укр. перегі́н ’доўгі шлях перапраўкі рэкрутаў з У краіны ў Расію’, рус. перего́н ’дарога, па якой гоняць скаціну’, польск. przegon, славац. priehon ’тс’, в.-луж. přehon ’прагон праз што-небудзь’, славен. pregòn ’праследаванне’, а таксама бел. перагон ’участак апрацаванай зямлі, пэўная адлегласць раллі’ (Касп.), перагонам ’перагонны дождж (з перапынкамі)’ (ЛА, 2).
Пераго́раць ’перагараваць’ (лях., Сл. ПЗБ), ’агораць, справіцца з чым-небудзь’ (Нар. Гом.) трэба разглядаць разам з аго́раць ’што-небудзь зрабіць, набыць з цяжкасцю’, горны ’гаротны, сумны’ (БРС), якія да прасл. *gorati: серб.-харв. пре́гор ’перажыванне, гора, смутак, журба’, ’забыццё журбы’; чэш. horati ’гарэць’, ст.-польск. gorać ’палаць, палымнець’, польск. gora ’агонь на пашы, які распальваюць пастухі’, рус. гора́ть ’знішчацца агнём’. Форма *gorati — даволі старая ступень вакалізму кораня побач з *gorěti і *‑garati, параўн. літ. garúoti ’выпарвацца; моцна жадаць’ побач з літ. gorúoti ’моцна жадаць; працаваць да поту’ (Трубачоў, Эт. сл., 7, 31).
Пераграшы́цца (пырыгрышы́тысь) ’перакусіць, з’есці трошкі’ (Клім.). Да пера- і грашы́ць > грэх (гл.) пры ад’ідэацыі рус., ц.-слав. прогрешение. Матывацыя: забарона прыняцця ежы і пітва да споведзі, у адваротным выпадку — грэх.
Перагро́мка (перэгро́мка) ’ручай, рэчышча, прамыіна, цяжкапраходны ўчастак на балоце, мелкае месца на рацэ’ (лельч., ЛА, 5), ’старое рэчышча’ (ЛА, 2). Магчыма, звязапа з hrýmki з песні, запісанай Федароўскім на Ваўкавышчыне: zaszumieli łuhi, zaszumieli hrymki, якое Турска тлумачыць як ’крыніцы, ручайкі’ або ’від травы, зараслі такой травы’, параўноўваючы з рус. гремяч (народная назва крыніцы, ручая) і гремячая трава, гремячка, польск. gromotrask (Турска ў Федар. 7), што дазваляе звязаць разглядаемую лексему з прасл. *grměti ’грымець, шумець’ або з *grъmъ ’куст; куча; дуб’, а таксама ’ўзгорак у лесе’: паводле Макоўскага (Удивит. мир, 84), значэнне ’дрэва, кусты, лес’ тыпалагічна звязана са значэннем ’утвараць гукі’, параўн. серб.-харв. шума ’лес’, ням. дыял. Geräusch ’тс’, а таксама літ. grimti ’біць; гнаць; мяць, таўчы’. Мартынаў (СіБФ–1989, 62) мяркуе пра змяшэнне прасл. *gromъ ’гром, лёскат’ з *grъmъ ’дуб’.
Перагрэ́біны ’пласты сена’ (свісл., Шатан.), перагроб ’пласт сена’ (Сцяшк. Сл.). Да пера- і грэбсці, грэбаць (гл.). Аб суфіксе ‑ін‑ы гл. Сцяцко, Афікс. наз., 43–44.
Перагуга́ць ’прамантачыць, прагуляць’ (Нас.). Да пера- і гуга́ць (гл.).
Перагу́д ’працяжнае гудзенне, якое то заціхае, то узмацняецца’ (ТСБМ, Жылка). Паэтычнае ўтварэнне, як перазвон. Да пера- і гудзець (гл.).
Перагуза́ць ’зноў перавязваць снапы’ (Нас.). Да пера- і гуза́ць (гл.), апошняе звязваецца з прасл. *ǫz‑/*ęz (ЭСБМ, 3, 112). Аднак, улічваючы першаснасць пачатковага г‑ трэба зыходзіць з прасл. *guzъ, варыянта назалізаванага *gǫzъ, якія адлюстроўваюць больш старажытныя і.-е. адносіны *gongʼ‑/*gou̯gʼ‑, параўн. ст.-грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gū̀žis ’галоўка капусты’ (Трубачоў, Эт. сл., 1, 91–92), курд. guz‑ ’азадак, ягадзіцы’. Семантыка лексемы перагуза́ць, такім чынам, суадносіцца не з *vęzati ’вязаць’, а з *guzъ ’камель дрэва, ніжняя частка снапа’, параўн. здро з *guz‑d‑ro, як укр. гуз‑но ’зад (чалавека)’, рус. гузло́, гу́з‑но, гуз‑но́ ’ніжняя, задняя частка чаго-небудзь’ і інш. шматлікія лексемы з коранем гуз‑ з гэтым жа значэннем, палес. гузды́р (Выг.) ’ніжняя частка снапа’ < прасл. *gǫzyrь ’задняя частка чаго-небудзь’. Параўн., аднак, славен. prézati ’звязваць’, якое Супрун (ЭСБМ, 1, 123) звязвае з *перазаць (гл. аперазаць); магчыма, з *per‑ǫz‑ati з пратэзай, гл. гуж 1, тады сувязь з гуз — другасная.
Перагэ́цнуць ’пераскочыць’ (свісл., Сцяшк. Сл.). Да пера- (гл.) і гэцнуць < гэцаць, якое з польск. heca ’пацеха, забава’, ’забаўляльнае прадстаўленне, першасны цырк’, у XVII–XVIII стст. heco! — вокрык у час палявання на зайцоў, што ўзыходзяць да ням. (баварска-аўстрыйск.) Hetz ’жарт, шумная весялосць’, звязанага з Hetze ’цкаванне; натоўп, зграя (сабак); жвавасць; жарт’. Менавіта ў час цкавання як паляўнічай забавы загадвалася сабаку “перагэцнуць”, напрыклад, праз палку (Слаўскі, 1, 413; ЕСУМ, 1, 502–503).