Затво́р ’канструкцыя для закрывання і адкрывання апаратуры’ з рус. затвор ’тс’. Параўн. укр. затвор ’тс’, польск. zatwór ’прыстасаванне для замыкання’, чэш. zátvor ’прыстасаванне для закрыцця’, ’зняволенне’, славац. zátvor ’засаўка’, ’забарона распараджацца маёмасцю’, ’зняволенне’, славен. zatvór ’замок, затвор у млыне’, серб.-харв. за́твор ’турма’, ’закрыванне’, балг. затво́р ’турма’, ’частка агнястрэльнай зброі’. Ст.-слав. затворъ ’замок, засаўка’. Ст.-рус. затворъ, затвора ’замок, засаўка’, ’асада, турма, прабыванне ў турме’, ’дзверы, вароты’. Спецыялізацыя значэння адбывалася, відаць, у рус. мове, хаця агульная база яго была ўжо ў прасл. Прасл. zatvorъ утворана з чаргаваннем галоснага ад zatverti, дзе ‑t‑ адцягнена ад otverti, а корань ver‑ той самы, што ў верая (гл.). Фасмер, 2, 82; Шанскі, 2, З, 67–68.
За́тка ’корак’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. дыял. zatka ’прылада ў ярме’, чэш., славац. zátka, серб.-харв. за̑тка, балг. за́тка ’корак’. Параўн. і за́тык ’шпень’ блізкага ўтварэння, а таксама за́ткала (гл.). Прасл. zatъka — бязафіксны наз. ад дзеясловаў za‑tъk‑nǫ‑ti, za‑tyk‑a‑ti (гл. тыкаць). БЕР, 1, 613.
За́ткала ’затычка’ (ТСБМ), ’мех з саломаю ці скрутак ануч, якім затыкалі дзірку для дыму ў курнай хаце’ (Янк. II). Укр. дыял. уст. заткало ’тс’ (Грынч., Жэлях.). Ад дзеяслова *заткаць (заткнуць, гл. тыкаць) з суфіксам ‑ла. Параўн. затка, затвералы.
Зато́е, злучнік ’аднак’, ’таму’. Рус. зато, укр. зате, чэш., славац. zato ’тс’, славен. zatọ̑je < *za todje ’для таго’, zatȏ ’таму’, серб.-харв. з̀ато ’тс’, балг. затова́, зату́й ’тс’, макед. затоа ’таму’. Складаны злучнік з прыназоўнікам за (< za) і займеннікам тое (to + je), гл. за, той. ESSJ, SGZ, 2, 757.
Зато́ка ’невялікі заліў’. Рус. смал. зато́ка ’багністы луг, месца, якое затапляецца паводкай’, цвяр. заток ’заліў’, укр. затока ’тс’, польск. zatoka ’заліў’, ’паглыбленне, паварот’, чэш., славац. zátoka ’заліў’, славен. zatòk ’невялікі заліў’, ’пухліна’, серб.-харв. за̑токи ’заліў’, балг. дыял. за́ток ’тс’. Ст.-рус. затокъ, затока ’тс’ (XVII ст.). Прасл. бязафіксны назоўнік ад za‑tek‑ti (гл. цячы) з чаргаваннем галосных е — о. БЕР, 1, 613; Нітшэ, 297; Юркоўскі, Ukr. hydrogr. 85.
Зато́н ’невялікі заліў, завадзь’. Рус., укр. затон ’заліў з мала рухомай вадой; завадзь’, польск. zatona ’тс’, н.-луж. zatoń ’бездань, яма ў вадзе, дрыгва’, чэш. zátoń, zátuň ’заліў, мель’, славац. zátoň ’ціхае месца’, славен. zatòn ’заход сонна’, ’заліў’, ’востраў’, ’балота’, серб.-харв. за́тон ’заліў’, балг. (у тапонімах) загон. Ст.-рус. затонъ ’затон’ (з XV ст.). Прасл. zaton, za‑topn‑ъ, відаць, ад za‑top‑nǫ‑ti, магчыма, пры ўздзеянні topnja > тоня (гл.) з першасным значэннем ’месца, што затапляецца’. Гл. тапіць, тануць. Фасмер, 2, 83; Шанскі, 2, З, 69; Аткупшчыкоў, Из истории, 234; Талстой, СГТ, 170; БЕР, 1, 613; Нітшэ, 297; Шутц, Georgaph., 83; Юркоўскі, Ukr. hydrogr., 85.
Зато́р 1 ’скучанасць людзей, сродкаў транспарту, крыгі і выкліканая ёю затрымка руху’. Рус., укр. затор, польск. zator ’тс’, славен. zator ’пагібель, прыгнечанне’, серб.-харв. за́тор ’пагібель’, макед. затор ’знішчэнне’. Ст.-рус. заторь ’затор1’ (XVII ст.). Параўн. балг. дыял. затра ’згуба’. Прасл. zatorь < za‑ter‑ti (гл. церці) як бязафіксны аддзеяслоўны назоўнік з чаргаваннем галосных: першаснае значэнне ’тое, што трэцца’. Параўн. рус. тор ’дарога, люднае месца’, торить ’пракладваць дарогу’ (Фасмер, 4, 81). Гл. зато́р 2.
Зато́р 2 ’сумесь для браджэння пры вырабе гарэлкі, піва і г д.’ Рус., укр. затор ’тс’, польск. zacier, уст. zator Ст.-рус. заторь ’затор’ (XVII ст.). Бязафіксны назоўнік з чаргаваннем галоснага ад дзеяслова za‑ter‑ti (гл. церці) з першасным значэннем ’тое, што заціраецца’ (параўн. зацірка) паўн.-слав. пашырэння. Гл. зато́р 1.
Зато́рыч ’выраз, паз, у які ўстаўляецца дно бочкі’ (Мат. Гом.). Параўн. утора ’тс’, рус., укр. утор, польск. wątor, чэш. útor і г. д. Прасл. ǫtorъ. Чэш. дыял. zátor ’падмыты бераг’. Форма заторыч пацвярджае корань тор‑ у слове утора (гл.); тор‑ суадносяць з церці < ter‑//tьr‑ (Фасмер, 4, 175), прычым Махэк., (672) указвае, што ён меў значэнне ’рэзаць’ (ст.-чэш. tříti). Заторыч утворана з суф. ‑ыч < ‑ičь, які далучаўся да аддзеяслоўнай з чаргаваннем галоснага асновы *zator‑. Час утварэння слова няясны. Параўн. зачыр.
Затхлы ’з пахам гнілі, нясвежасці’. Рус. затхлый, укр. затхлий, чэш. zatchlý, zatuchlý ’тс’, славен. zatọ́hel ’з пахам вільготнасці, сыры’. Ст.-рус. затхлый (XVII ст.), затхліна, затхоль (XVI ст.). Параўн. польск. zatchnąć ’рабіць цяжкім дыханне’. Дзеепрыметнік на ‑l‑ ад дзеяслова za‑tъx‑nǫ‑ti (затхнуць, гл. тхнуць) ’пачаць непрыемна пахнуць’, магчыма, яшчэ прасл. паходжання. Параўн. Шанскі, 2, З, 70; Фасмер, 2, 83.
Заўзяты ’ўпарты, напорысты, напружаны’. Рус. завзя́тый, укр. завзя́тий, польск. zawzięty ’тс’, славац. zavzalý ’тс’; параўн. славен. zavzę́ten ’дзіўны, цудоўны; цяжкі на пад’ём’. Паводле формы, дзеепрыметнік на ад *za + vъz‑ę‑ti (гл. узяць), утвораны хутчэй за ўсё па польск. глебе, дзе вядомае і цяпер zawziąć ’узяць’ у ст.-польск. мела шырокае ўжыванне з далейшым развіццём значэння ’узяты’ > ’захоплены’ (у прамым і пераносным сэнсе) > ’упарты’. З польск. у бел. укр. > рус., а таксама славац. Фасмер, 2, 72; Брукнер, 640. Славен. мае іншае значэнне і ўтварэнне і можа лічыцца асобным словам.