Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трэ́цца, тре́цца ‘нерастуе (пра рыбу)’ (гродз., брэсц., гом., ЛА, 1), цярэ́цца ‘тс’ (клім., ЛА, 1). Форма 3‑й ас. адз. л. дзеяслова це́рці(ся) (гл.).

Трэць ‘трэцяя частка чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ст.-бел. треть ‘тс’, ‘трэцяя частка зямельнага надзелу (мера плошчы)’ (ГСБМ). Субстантываваны парадкавы лічэбнік трэці (гл.), параўн. траціна, гл.

Трэ́шчы ‘прыгаршчы’: узяла мукі трэшчы (лід., Сл. ПЗБ). Няясна; мажліва, наватвор ад трэ́шчыць ‘пляскаць (у далоні)’, г. зн. столькі, колькі можна ўзяць у далоні.

Трэ́шчына ‘шчыліна на месцы разлому’ (ТСБМ; навагр., ЛА, 4), тры͡ешчына ‘тс’ (Вруб.), трі́шчына ‘тс’ (кам., ЛА, 4). Укр. трі́шчына, рус. трещина. Усходнеславянскае. Утворана ад прасл. *trěsk‑ъ і суф. *‑ina, гл. трэск.

Трэ́шчыцца ‘ўглядацца’ (Юрч. СНЛ). Відаць, першапачатковае значэнне ‘шырока раскрываць, вылупліваць, вытрэшчваць вочы’, гл. вы́трашчыць. Слова з праблемнай этымалогіяй, параўн. рус. таращить (глаза) ‘напружана ўглядацца’, для якога Фасмер (4, 23) дапускае сувязь з трахнуть ‘стукнуць, трэснуць’, гл. трахаць. Борысь (720) на аснове чэш. třeštit ‘шалець, выходзіць з сябе’, ‘вылупліваць вочы’, дыял. treščit ‘стукаць’, ст.-чэш. treščiti ‘грукаць, трашчаць, лятаць з трэскам’, славац. trieštiť ‘разбіваць’, харв. і серб. старое trieštiť ‘трэснуць, ударыць (пра гром)’, славен. treščiti ‘выклікаць трэск, грукат’, ‘стукаць (пра маланку)’, ‘кідаць раптоўна, шпурляць’ мяркуе, што першаснае значэнне магло быць ‘адкрываць з трэскам’ (вобразна і пра вочы). Гл. трашчаць, трэснуць.

Трэ́шчыць ‘пляскаць у далоні’ (шуміл., Сл. ПЗБ), трі́шчыты ‘лупцаваць’ (кам., ЖНС); сюды ж, відаць, трэшша́ць (куры) ‘сакочуць’ (гарад., ЛА, 4). Да прасл. *trěsk‑ъ > трэск, трашчаць, гл. папярэдняе слова.

Тр-р-р — выгук, якім спыняюць каня (ТС; мсцісл., З нар. сл.), трр, прр ‘тс’ (Арх. Вяр.), тыр-р ‘тс’ (Сцяц. Сл.). Старажытнае ўтварэнне гукапераймальнага характару (Фасмер, 4, 91; ЕСУМ, 5, 612), гл. тпру.

Тсс — заклік да перапынку ў маўленні, захавання цішыні (ТСБМ), укр. тс, тсс, рус. тсс ‘ціха’, ‘цыц’, польск. ts, tss. Рэгіянальны выклічнік, які, відаць, генетычна звязаны з прыметнікам *tixъ, параўн. ням. still. З глухіх зычных складаецца адпаведны выклічнік у іншых еўрапейскіх мовах: чэш. pst,pšš, ням., славац., харв. pst і польск. pst, cyt, славен. st, pst, рум. sst, англ. hush, sh і інш. (ЕСУМ, 5, 666).

Тсцёў, тсьця́ ‘цесцеў’, тсцёўскі ‘ўласцівы цесцю’, тсцёўшчына ‘спадчына пасля цесця’ (Нас., Гарэц.). Да цесць (гл.), якое з прасл. *tьstь ‘цесць’. Названыя беларускія формы ўзыходзяць да фанетычна і граматычна правільнай формы (ускосных склонаў, у прыватнасці Р. скл.) тсьці (í‑асновы) < прасл. *tьsti, якая падверглася ўплыву ‑jĭ‑асноў і набыла форму *tьstʼa ‘цесця’. У сучаснай беларускай мове парадыгма скланення выраўнялася паводле Н. скл. цесць, цесця і г. д. Не выключаны таксама ўплыў польскай мовы, параўн. ст.-польск. cieść, ćcia/cieścia ‘цесць’ (XV ст.).

Ту1 — экспрэсіўнае слова ў выразах: ту, якій ты!ту на цябе!ту цябе! ‘цьфу’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.; полац., Нар. лекс.). У адным з першых літаратурных твораў: Ці не пісацель? / Ту! Не, паночак, /Я Тарас (К. Вераніцын, Тарас на Парнасе. Паэмы. Мінск, 2009, 18). Часта як выраз незадавальнення, нязгоды. Звычайна разглядаецца як варыянт выклічніка тфу (гл.) у сувязі з неарганічным характарам ф у беларускай народнай мове, параўн. яго замены на тпху, тху (гл.), цьху і пад. Параўн., аднак, рус. ту: ту, голова! ‘эх ты!’, серб. цімак. ту́ ‘выклічнік незадавальнення, раздражнення’, макед. ту што ми стори ‘ox, што ты нарабіў’, балг. дыял. а́ бре, ту́ бре! (раздражненне, гл. СбНУ, 38, 50), што сведчыць пра магчымае аднясенне выклічніка да т. зв. першасных інтэр’екцый (Смаль-Стоцкі, Приміт., 19), прадстаўленага ў складзе выклічнікаў тыпу агату, ату, туга (гл.) і інш. Дапускаецца дэістычнае паходжанне, гл. ESSJ SG, 2, 701.

Ту2 ‘тут, сюды’ фалькл.: Братовая золвы на ночь просить : / Ту ту ту! — Моя золвица, моя сястрыца, / Ту ту ту (Бяс., 40); Ту, цимболисты и скрипки играют… (С. Полацкі), ту-ту-ту — падзыўныя для гусей (ДАБМ, камент., 896); ст.-бел. ту ‘ў гэтым месцы; туды, сюды; тады; у даным выпадку’ (1388 г., ГСБМ). Параўн. укр. дыял. ту ‘тут’, рус. фалькл. ту ‘ў той час, тады’ (СРНГ), польск. tu ‘тут; цяпер, у гэтым месцы; дагэтуль, адсюль’, чэш., славац., в.-луж., н.-луж. tu ‘тс’, харв., серб. , славен. ‘тс’, ст.-слав. тоу ‘там, тут, тады, у тым месцы’. Прасл. *tu вытворнае ад займенніка *tъ (гл. той) з няясным па паходжанні ‑u (агляд праблематыкі ў літаратуры гл. ESSJ SG, 2, 697–701; ESJSt, 17, 996; пра ст.-бел. формы гл. Крамко, Мова бел. пісьм., 276). Сучаснае дыялектнае ўжыванне, напр., ту ‘тут’ (воран. Сл. ПЗБ), а таксама познія старабеларускія формы пад уплывам польскай мовы, гл. Булыка, Запазыч., 326. Паводле Шустар-Шэўца (1553), вакалізацыя, як у н.-луж. ku < прасл. *kъ, гл. к.

Ту3 — размеркавальны злучнік то … то: ту чуеш у гэтай песні страшны голас дзікага звера, ту смех шалёнага, ту нудны крык нішчаснага, ту плач беднага чалавека (Я. Колас). Параўн. аналагічныя злучнікі: макед., балг. ту … ту, польск., чэш. tu … tu. Функцыянальна ідэнтычна займеннікавым утварэнням ад *tъ, у першую чаргу *to (гл. та, то), адносна паходжання гл. ESSJ SG, 2, 701. У беларускай літаратурнай мове выціснута пад уплывам рускай мовы.