Трэ́шчыцца ‘ўглядацца’ (Юрч. СНЛ). Відаць, першапачатковае значэнне ‘шырока раскрываць, вылупліваць, вытрэшчваць вочы’, гл. вы́трашчыць. Слова з праблемнай этымалогіяй, параўн. рус. таращить (глаза) ‘напружана ўглядацца’, для якога Фасмер (4, 23) дапускае сувязь з трахнуть ‘стукнуць, трэснуць’, гл. трахаць. Борысь (720) на аснове чэш. třeštit ‘шалець, выходзіць з сябе’, ‘вылупліваць вочы’, дыял. treščit ‘стукаць’, ст.-чэш. treščiti ‘грукаць, трашчаць, лятаць з трэскам’, славац. trieštiť ‘разбіваць’, харв. і серб. старое trieštiť ‘трэснуць, ударыць (пра гром)’, славен. treščiti ‘выклікаць трэск, грукат’, ‘стукаць (пра маланку)’, ‘кідаць раптоўна, шпурляць’ мяркуе, што першаснае значэнне магло быць ‘адкрываць з трэскам’ (вобразна і пра вочы). Гл. трашчаць, трэснуць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)