Тсцёў, тсьця́ ‘цесцеў’, тсцёўскі ‘ўласцівы цесцю’, тсцёўшчына ‘спадчына пасля цесця’ (Нас., Гарэц.). Да цесць (гл.), якое з прасл. *tьstь ‘цесць’. Названыя беларускія формы ўзыходзяць да фанетычна і граматычна правільнай формы (ускосных склонаў, у прыватнасці Р. скл.) тсьці (í‑асновы) < прасл. *tьsti, якая падверглася ўплыву ‑jĭ‑асноў і набыла форму *tьstʼa ‘цесця’. У сучаснай беларускай мове парадыгма скланення выраўнялася паводле Н. скл. цесць, цесця і г. д. Не выключаны таксама ўплыў польскай мовы, параўн. ст.-польск. cieść, ćcia/cieścia ‘цесць’ (XV ст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)