Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Лупоны ’суквецце сланечніку’ (карэліц., Сл. ПЗБ). Да лупі́ць 1. Суфікс ‑он, відавочна, пад уплывам слова бутон.

Лупсе́й (зневаж.) ’губаты’, лу́псі ’губы’ (Сцяц.; ваўкав., Сцяшк. Сл.). З в.-ням. Lefze (магчыма, праз ідыш) ’губа ў жывёлы’ (< ст.-в.-ням. lëfs).

Лупцава́ць, лупцова́ць ’біць, хвастаць’, ’стукаць, удараць па чым-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Растарг., Шат., Касп., ТС), ’сцёбаць пугай, дубцом’ (КЭС, лаг.), лупцова́цца ’біцца, тузацца’ (ТС). Укр. лупцюва́ти, лупцева́ть ’тс’, уладз. ’знімаць скуру з жывёлы’, смал., тул. ’есці з вялікім апетытам’, варон. лупцеваться ’біцца’, разан. лупцевня́ ’бойка’. Паходзяць з ⁺лупсовать, пск., цвяр., тул., бран., валаг., перм., урал. лупсовать ’моцна біць, лупцаваць’, валаг. лупсоваться ’біцца’, а гэтыя — з ⁺лупсать, лупсить, пск., цвяр. лупси́ть ’моцна каго-небудзь біць, адлупіць’, алан. ’шмат есці’, наўг. лупса́нить ’біць, хвастаць’. Апошнія з’яўляюцца балтызмамі, параўн. літ. lupsė́ti, lapsė́ti ’біць, махаць крыламі’, ’жэстыкуляваць’, lupsénti, lapsénti ’лапчыва, прагна есці’, lùpsena ’біццё, пабоі’, а са значэннем ’здыхаць’ літ. lapsénti, відаць, звязана з зах.-укр. лупеса́ти ’лупіць, здзіраць скуру’. Зяленін (РФВ, 54, 115) намагаецца растлумачыць паходжанне рус. лупси́ть ’біць’ з эст. lopsima ’біць’. Фасмер (2, 535) тлумачыць гэтыя дзеясловы як пашырэнне асновы дзеяслова лупи́ть. Сюды ж лупца́нка, лупцоўка ’лупцаваны’, лупцану́ць (Мат. Гом., ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат.; КЭС, лаг.).

Лу́пы 1 ’вусны’, ’вялікія непрыгожыя губы’ (Касп., Шат., Сцяшк., Жд.; віц., мін., шчуч., навагр., КЭС; полацк., Нар. лекс.), польск. паўн.-усх. («z Litwy») łupy ’тс’, ’губы жывёл’. Да лупа 1 (гл.), якое, з’яўляючыся балтызмам, звязана з с.-н.-ням., н.-ням. lobbe, lubbe ’тоўстая, абвіслая губа’ (Слаўскі, 5, 347).

Лу́пы́ 2 мн. ’адходы пры шатраванні круп’ (стол., Выг. дыс.). Да лупа́ (гл.).

Лупы́цыр ’карузлік, карапуз’ (Бяльк.) — у выніку перастаноўкі п — ц і змены семантыкі з люцы́пар ’д’ябал’ (гл.).

Лупэнда, лупэньдзя, лупэньдзік, лупънда́, лупяндзя́ ’чалавек з вялікімі, тоўстымі губамі’ (міёр., З нар. сл.; Сцяц.). Да лупіць 1 (гл.). Аб суфіксе ‑енда, ‑яндзя гл. Сцяцко (Афікс. наз., 98–99). Параўн. аналагічныя ўтварэнні на рус. моўнай тэрыторыі: уладз. лупа́нда ’вірлавокі’, валаг. ’тоўстая, непаваротлівая жанчына, гультаяватая дзяўчына’ — гэтыя і іншыя слав. утварэнні з суфіксам ‑anda, ‑ajda Слаўскі (SP, 1, 63) разглядае як утварэнні з балт. суфіксам.

*Лу́сіць, лу́сіть ’трашчаць’ (Растарг.) — другаснае ўтварэнне з лу́снуць ’трэснуць, лопнуць’, якое з прасл. lus(k)nǫti. Не выключана магчымасць утварэння з выклічніка лусь! (гл.).

Луска́, лузка́, лусга́, луцка́ ’слаістае покрыва чаго-небудзь’, ’луска рыб і гадаў’, ’перхаць, лускавіны на скуры жывёлы’, ’смецце ў збожжы’, ’высеўкі’, ’лупіна, вонкавая абалонка плода, стручка’, ’шалупайка ад яйка’, ’луска цыбулі’ (Нас., Гарэц., Бес., Мядзв., Шат., Касп., Мат. Гом., Бяльк., Вешт., ТСБМ, ТС, Растарг., Янк. 1, Сл. ПЗБ; Д.-З., Пін.; барыс., Шн. 3; КЭС, лаг.). Укр. луска́, лемк. лу́ски ’стручок’; рус. луска́, ст.-рус. луска ’луска’; польск. łuska, в.-луж. łuska, чэш. luska, мар. łuska, славен. lȗska, серб.-харв. лу̏ска, лјȕska, ст.-балг. луска. Прасл. luska ’знешняе покрыва пладоў, насення, яек, рыб, гадаў’. Да і.-е. *leu‑sk‑ (і.-е. адпаведнікі: лат. laûska ’асколак, чарапок, трэска, нешта зламанае, патоўчанае’, laûskas ’перхаць’, ’шалупінне’, літ. luskà ’лахман’, lusnà ’лупіна, луска’ (Слаўскі, 5, 348–352), а таксама, відаць, асец. lyskʼ, liskʼæ ’гніда’ (Абаеў, 2, 56). Параўн. лузга́ і луза́ць (гл.). Сюды ж лу́сачка, лускаві́нне ’асобная пласцінка лускі’, лускава́ты ’пакрыты луской’ (ТСБМ).

Лускаві́ца ’смалёўка, ляскаўка, Silene cucubalus Wib’. (брэсц., Кіс.), лускаўка ’тс’, ’Silene inflata’ (Кіс., Бел. зельн.). Да лускаць 2 (гл.). Названа паводле нібы надзьмутага падвяночка, які, калі націснуць на яго, гучна трэскаецца’ (Махэк, Jména, 79), параўн. чэш. praskavec (< praskati = ’трэскацца’), польск. trzaskawka ’тс’. Гл. таксама луснец.

Лускаві́цінь ’мяшок, у якім адцэджваюць тварог’ (Бяльк.), рус. бран. лускави́тень ’тс’. З пчалярскай лексікі: гл. васкавень. Відавочна, спачатку было ⁺васкавіт ’мяшок, які робіць воск’, але таму, што ва ўсх.-бел. гаворках дэрываты з суфіксам ‑іт азначаюць асоб па іх занятку (барацьбі́т, сяўбі́т), да васкавіт быў далучаны суфікс ‑ень (як берасцень ’збанок, гаршчок, аплеценыя бяростай’). Пры ад’ідэацыі лексемы луска ’адходы’ в‑ было заменена ў л‑.