Галду́нка ’вядзьмарка’ (Шатал.). Відавочна, дыялектная змена слова *коядунка. Параўн. рус. колду́н, колдова́ть (аб рус. слове гл. Фасмер, 2, 287–288). А ці не запазычана галду́нка (< *колдунка) проста з рус. мовы (дзе колду́н і яго вытворныя вядомы вельмі шырока)?
Галду́шка ’гузік з аўчыны’ (Шатал.). Цёмнае слова, няма адпаведнасцей у суседніх мовах. Магчыма, тут нейкая аснова *голд‑, якая азначала ’штосьці круглае, камяк, катылёк’. Параўн. (але гэта вельмі няпэўна) рус. дыял. голды́жина (пск.) ’купіна’.
Гале́лы ’шэлег’ (манета; Нас., з заўвагай: «Dinarii Halenses была мелкая саксонская манета»). З формы галеръ ’назва манеты’, якую прыводзіць Булыка (Запазыч., 77), форму гале́лы атрымаць немагчыма, нават калі лічыць, што тут адбылася асіміляцыя: гале́лы < *галеры. Трэба шукаць іншае зыходнае слова. З нумізматычных даследаванняў вядома, што назва манеты denarii Hallenses ці проста Hallenses (ад назвы швабскага горада Hall) ужывалася і ў форме Halleri (гл. R. Kiersnowski, Wstęp do numizmatyki polskiej wieków średnich. W‑wa, 1964, с. 121). Гэта апошняя праз пасрэдніцтва польск. мовы патрапіла ў бел.: гале́лы (націск!) < Halleri (з асіміляцыяй l — r > l — l).
Гале́нь ’дзяркач’ (Касп., Бяльк., Шатал.). Рус. голе́нь (таксама голи́к) ’тс’. Утварэнне суфіксам ‑ень (*‑ьnь) ад прыметніка го́л‑ы.
Гале́ра (БРС, Касп.). Ст.-бел. кгалера, галера ’судна, галера’. Булыка (Запазыч., 146–147) мяркуе, што гэта слова ў ст.-бел. мове непасрэдна з польск. galera (< іт.). Рус. гале́ра (з XVII ст.) запазычана з ням. Galeere або іт. galera (так Фасмер, 1, 386). Шанскі (1, Г, 14) лічыць, што першакрыніцай рус. слова з’яўляецца хутчэй за ўсё іт. galera.
Галерэ́я (БРС) (гэтага слова няма ў Булыкі, Запазыч.). Рус. галере́я, укр. галере́я. Думаюць, што ў рус. мове гэта слова запазычана з ням. Galerie або з франц. galerie (гл. Фасмер, 1, 386; там і літ-ра). Шанскі (1, Г, 15) лічыць, што ў рус. мове галерея з ням.
Гале́та ’галета’ (БРС). Рус. гале́та, укр. гале́та. У бел. і ўкр. мовах гэта, відавочна, запазычанне з рус. мовы. Першакрыніцай з’яўляецца франц. galette, якое трапіла ў рус. мову ў сярэдзіне XIX ст. Гл. Фасмер, 1, 386; Шанскі, 1, Г, 15.
Гале́тнік ’бядняк’ (БРС, Касп., Нас.). Ад прыметніка *golъ ’голы; бедны’ ў слав. мовах утвараецца шмат назоўнікаў з рознымі суфіксамі, у тым ліку з суф. *‑eta (паралельная фармацыя, быццам з апафоніяй, да ‑ota). Адсюль шырока вядомае слав. *golota і менш пашыранае *goleta. Гэта апошняе мы знаходзім, напр., у бел. галіта́ ’беднасць’ (у Нас. голита́) < *gol‑eta. Адсюль пры дапамозе суф. ‑нік утворана гале́тнік (або з суфіксам ‑ік ад прыметніка *gol‑et‑ьnъ). Суфікс *‑eta з элементам ‑j‑ (*‑et‑ja) дае пачатак новаму фарманту — *‑eč‑a (усх.-слав.). Параўн. бел. гале́ча ’беднасць’ (Касп.), укр. голе́ча ’галота, беднякі’ (у рус. мове голе́ча мае больш абстрактнае значэнне ’галалёдзіца’).
Гале́ц ’рыба галец’ (БРС), рус. голе́ц ’тс’ (у рус. мове вядома з XIV–XV стст.). Утварэнне ад прыметніка голы (*golъ): рыба так названа па сваёй слізкай шкурцы. Гл. Бернекер, 1, 325; Праабражэнскі, 1, 142; Фасмер, 1, 428; Шанскі, 1, Г, 117.