Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Раздабрэ́ць ’пагладчэць, паправіцца’ (Некр.). Параўн. рус. добре́ть, раздобре́ть ’таўсцець, тлусцець, сыцець’, старое польск. dobrzeć ’набірацца сілы’, што да прасл. *dobrěti ’быць прыемным, карысным’, ’дабрэць’ (ЭССЯ, 5, 40–41).

Разда́гацца ’пачаць бегчы з тупатам’ (Юрч. СНЛ). Утварэнне ад гукапераймальнага выклічніка даг!, параўн. з іншай вакалізацыяй рус. ды́гать ’гнуцца’, ’хістацца’, укр. дигота́ти, диготі́ти ’дрыжаць’, пол. dygać ’кланяцца’, ’прысядаць’, якія звязваюць са ст.-в.-ням. tūhhan, с.-в.-ням. tûchen, с.-н.-ням. dûken, англ. duck ’хіліцца ўніз’, ’ныраць’ (Фасмер, 1, 557). Параўн. таксама тур. dağdağa ’шум, гам, крык’, dağdağali ’шумны’.

Раздаро́жа ’бездараж, бездарожжа’ (Скарбы), сюды ж таксама раздаро́жжа ’ростань’, ’месца, дзе сыходзяцца і разыходзяцца дарогі’ (ТСБМ, Сцяшк.), параўн. рус. дыял. раздоро́жье ’ростань’, ’скрыжаванне дарог’, польск. rozdroże ’тс’. Ад раз- і даро́га (гл.).

Раздво́ ’першы дзень каляд’ (Янк. 2). Гл. ражаство.

Раздзе́л ’частка ў кнізе’ (Гарэц.). Ад раз- і дзяліць (гл.).

Раздзе́нькаваць, раздзя́нькываць ’гутарыць павольна’, ’разносіць чуткі’ (Юрч. СНЛ), што да дзенькаць, дзя́нькаць ’весці пустыя размовы’ (Юрч. СНЛ). Гукапераймальнае ўтварэнне.

Раздзо́гаць ’разбіць’ (Нас.), раздзо́ганный ’выпадкова разбіты’ (Нас.). Ад раз- і дзо́гаць ’стукаць, стукаць нагамі’, ’біць, калаціць’ (Нас.). Сюды ж укр. дьо́гнути ’штурхнуць, кальнуць’, чэш. дыял. džignút ’кальнуць’, літ. díegti ’калоць’. Да праславянскага *dьgnǫti (ЭССЯ, 5, 205); адносна семантыкі параўн. джгаць (гл.).

Раздзяндзю́ліваць, раздзяндзю́рываць ’павольна нудна размаўляць’ (Юрч. СНЛ), дзюндзю́ля, дзюндзю́ра, дзю́ндзя ’балбатня’ (там жа). Гукаперайманне, параўн. укр. дзидзиґати, дзиндзиґати ’размаўляць па-габрэйску’ (Смаль-Стоцкі, Приміт., 155).

Раздне́ць ’развіднець’ (Сцяшк.). Ад раз- і днець (гл.), як распаго́дзіцца, раздажджы́цца.

Раздо́р ’драўляныя вілы’ (барыс., Сл. ПЗБ), рус. дыял. раздо́р ’расшчэпленае дрэва’, ’заезд пры аранні’, ’стан, калі дзве ліны (у бурлакоў) шырока разыходзяцца ў розныя бакі’. Ад раз- і драіць, дзерці (гл.).