Ражаство́, ражджаство́ ’каляды’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк.), рожество́, роздво́ ’тс’ (Талстая, Полес.), ражство́ ’тс’ (Гарэц.), рождво́ ’тс’ (ПСл), роздво́ ’тс’ (ТС), параўн. укр. різдво́, рус. рождество́, польск. Boże Narodzenie, чэш. Narození Páně, серб. рождѐство, харв. roždastvo, roždestvo, балг. рождество́, ст.-слав. рождьство, розьство. Утворана ад радзі́ць 1 (гл.). Ва ўсходніх славян у XI–XII стст. свята мела назву рожьство, пазней — рожество (Сразн.), ст.-бел. роство, розтво (1387 г.), апошняе з рожьство (> росство, гл. Карскі, 1, 284), што адпавядала зыходнай стараславянскай форме гэтага слова са значэннем ’нараджэнне’, ’дзень нараджэння’. Параўн. ст.-бел. роженье: день роженья его (Альтбаўэр) як сінанімічнае ўтварэнне ад таго ж кораня, але з іншым суфіксам, сучаснае ражджэ́нне ’нараджэнне’ (Сл. ПЗБ), рожэ́нье ’тс’ (ТС) (Фасмер, 3, 493; Чарных, 2, 119–120; БЕР, 6, 304).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)