Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пятні́к ’гняздо, у якім паварочваецца вось варот’ (Нас., Касп., Нік. Очерки), ’прыстасаванне, пры дапамозе якога дзверы прымацоўваліся да вушакоў’ (Варл.), пя́тнік ’вушак, да якога прымацоўваюцца дзверы завесамі; вушак наогул’ (Бяльк., Мат. Маг.), укр. пʼятни́к ’крук, на які навешваюцца дзверы’, рус. дыял. пятни́к ’прыстасаванне для навешвання дзвярэй, варот’, славен. petník ’завесы ў варотах; вушак; парожак’. Прасл. дыял. *pętьnikъ, якое Бязлай (2, 32) параўноўвае з ц.-слав. пятьно ’шпора, астрога, пыж’, літ. pentìnas ’шпора’, ùžpentis ’шпора ў пеўня’, лат. piêsis ’шпора’. Міклашыч (239) выводзіў з *pęta ’пята’ (гл. пята́), Фрэнкель (571) меркаваў пра кантамінацыю *pęta і *pęti (гл. пяць). Гл. таксама напіта.

Пя́тніца1 ’пяты дзень тыдня’ (ТСБМ, Ласт., ашм., Стан.; брасл., астрав., шчуч., Сл. ПЗБ), пʼя́тніца ’тс’ (Бес., ТС), памянш. пя́ценка ’тс’ (Ян.), укр. пʼя́тниця, рус. пя́тница, стараж.-рус. пятьница ’тс’. Вытворнае ад *pętь (гл. пяць); лічыцца частковай калькай з грэчаскай мовы, параўн. н.-грэч. πέμπτη ’чацвер’, паколькі, паводле візантыйскай хрысціянскай традыцыі, тыдзень лічыўся пачынаючы з нядзелі. Лічэнне ад панядзелка, пры якім пятніца была пятым днём, як мяркуецца (гл. Машынскі, Зб. Шымчаку, 283), увёў Мяфодзій. Параўн. пято́к (гл.).

Пятніца2 ’кураслеп, Anemone rammculoides L.; чубатка, Corydalis Medis.’ (Бейл.). Няясна. Магчыма, народнаэтымалагічнае асэнсаванне (табуізацыя?) адной з народных назваў кураслепу — пянікніца (Кіс.), няяснага паходжання.

Пятно́ ’пляма на адзенні’ (ЛА, 3; баран., Сл. ПЗБ), ’радзімка, знак на целе, сіняк’ (віл., воран., Сл. ПЗБ), сюды ж пе́тня (piétnia) ’чырвоная плямка на скуры’ (Варл.), пяцьмо́ ’пляма на адзенні’ (Ян.), пятня́к ’тс’ (лях., Сл. ПЗБ), пя́тнашка ’сіняк’ (шчуч., Сл. ПЗБ), пятло́ ’ружовае месца на шчацэ’ (ЛА, 3); укр. пʼятно́, петьмо́ ’пляма, знак’, рус. пятно́ ’тс’, польск. piętno, piątno ’таўро, пячатка, кляймо’, балг. петно́, пьекно́ ’пляма; карычневая плямка на скуры ад старасці’. Прасл. *pętьno ’след, знак’ (спачатку ў мове паляўнічых), што ад *pęta (гл. пята́) (Фасмер, 3, 425; БЕР, 5, 203). Паводле Банькоўскага (2, 543–544), толькі ўсходнеславянскае, у іншых мовах — запазычанне з усходнеславянскіх, пра спецыфічнае паходжанне слова, на яго думку, сведчыць рус. гнаться по пятам ’ісці па следу’.

Пято́к1 (piatók) ’пятніца’ (Варл.), сюды ж пятко́вы (пятко́вый) ’пятнічны’ (Нас.), ст.-бел. пятокъ ’пятніца’; укр. пято́к ’тс’, польск. piątek, чэш. pátek, славац. piatok, в.-луж. pjatk, н.-луж. pětk, славен. pẹ́tek, серб.-харв. пѐтак, балг. пе́тък, макед. петок, ст.-слав. пѧтъкъ. Звязана з пяты, пяць (гл.), гл. пятніца ’тс’. Паводле Німчука (Давньорус., 95), запазычана са стараславянскай і падтрымлівалася польскім уплывам.

Пято́к2 ’пяць’ (ТСБМ, Бяльк.; Сержп.); укр. пʼя́ток ’пяцёрка (грошай)’, рус. пято́к ’пяць (штук)’. Вытворнае ад пяць (гл.).

Пя́тра, пʼя́тра ’вышкі ў хляве або гумне; ярус’ (Стан., мазыр., З нар. сл.; ПСл), piátro, pʼátro, pʼétro ’тс’ (Маш., Тарн.), пя́тра, пʼятро́ ’курасадня, куратнік’ (Мат. Маг.; мазыр., Шатал.), пя́тры ’столь у асеці з жордак’ (Бяльк.), пйа́тро, пя́тро ’гара ў хаце; старана ў гумне; прасла’ (палес., Нар. сл.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (жытк., ДАБМ, камент., 872), ’пустоты пад вісячым ільдом на вадаёмах’ (ТС), пʼя́тра ’тс’ (парыц., Мат. Янк.), ст.-бел. пятро ’паверх, ярус’. Укр. пʼя́тра ’ярус’, рус. пя́тра ’вышкі; павець’, польск. piętro ’паверх’, чэш. patro ’паверх, вышкі ў хляве’, славен. pétro ’столь з брусоў, пуня’, серб.-харв. пѐтар ’верхні паверх, вышкі’, макед. петар (petar) ’столь, гарышча’ (Hendriks, The Radožda-Vevčani Dialect of Macedonian Lisse, 1976). Звычайна выводзяць прасл. *pętro ад *pęti (гл. пяцъ2) з рэдкім суфіксам *‑tro, гл. Фасмер, 3, 426; для паўдневаславянскіх слоў мяркуецца суфікс *‑rь (*pęt‑rь, гл. Заімаў, SlW, 172). Словаўтваральныя цяжкасці Банькоўскі (2, 574) прапануе пераадолець рэканструкцыяй прасл. *prętro, параўн. каш. přątro ’столь, вышкі; паднябенне’, ст.-польск., а таксама дыял. przętro ’паверх, тэраса’, в.-луж. přatr ’мацаванне даху ў адрыне, свіран’, н.-луж. pśětš ’вышкі’, палаб. prǫtrü ’вышкі ў адрыне’, што да*prent‑ ’размяшчаць гарызантальна, насцілаць’ (гл. пратаць, прут, прасла), гл. таксама Гомалкава, Studia Etym. Brun., 1, 70 (мяркуецца пра зыходную семантыку ’вышкі з насланых жэрдак’). Пра заходнеславянскія формы падрабязна Шустар-Шэўц, 2, 1168 (супастаўляюцца з літ. sprę́sti ’расцягваць, распіраць’, sprindỹs ’пядзя’); SEK, 4, 121–122 (формы з *prętr‑ з’яўляюцца праславянскім дыялектызмам на фоне формаў з *pętr‑).

Пятро́ ’божая кароўка, Coccinella’ (ЛА, 1), пятра́‑па́ўла ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), пятру́к ’тс’ (швянч., Сл. ПЗБ), пятру́шка ’тс’ (паст., Сл. ПЗБ; Жд.). Гл. пе́трык.

Пятру́шка ’пятрушка, Petroselinum crispum (Mill.) Nym.’ (Кіс., ТСБМ; смарг., Сл. ПЗБ), ’Petroselium sativum’ (Ласт.), ст.-бел. петрушка ’тс’ (1571 г.); укр. петру́шка, рус. петру́шка, польск. pietruszka, в.-луж. pětruška ’тс’. Зыходным словам лічыцца польскае, якое праз дыял. piotruszka, piotrużka памянш. ад piotrużela (XV ст.), што са ст.-чэш. petruželě, с.-в.-ням. petersilje, ням. petroselīnum з грэч. πετροσέλῑνον, літаральна ’горны сельдэрэй’ (Фасмер, 3, 253; Банькоўскі, 2, 567; ЕСУМ, 4, 362). Віцьбіч (Спадчына, 2000, 5–6, 167) сцвярджае, што ўпершыню Рэч Паспалітую пазнаёміла з пятрушкай каралева Бона Сфорца.

Пятрэ́ць ’сохнуць, высыхаць (на сонцы, ветры і пад.)’ (ТСБМ), ’жыць надгаладзь, прычым працяглы час’ (Янк. 1), пя́траць ’сохнуць, знясільваць’ (Шат., Нас.). Дубоўка (Узвышша, 1929, 8, 105) выводзіў ад пя́тра ’вышкі ў асеці для сушкі снапоў’, ’паліцы ў ганчароў, на якіх сушаць вырабы з гліны’. Паводле Янкоўскага, “трэба думаць, ад назвы летняга посту — пятроўка” (Янк. 1, 158), што сумнеўна. Спецыяльна гл. Коген, Узвышша, 1929, 8, 102. Гл. пе́траць.

Пяту́н ’певень’ (Анім.; брасл., Жыв. НС). Відавочна, кантамінацыя пяту́х і пяву́н ’певень’ (гл.).

Пяту́х ’певень’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.; віц., Жыв. НС; віл., дзятл., брасл., шчуч., шальч., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Сцяц., Сцяшк., Сержп., Ян.), ст.-бел. петухъ ’тс’; у ВКЛ Бярында лічыў слова характэрным для гістарычнай Літвы, г. зн. паўночна-заходняй Беларусі: волынски — певень, литовски — петухъ (Лексиконъ, 11). Больш поўны малюнак распаўсюджання назвы на беларускай моўнай тэрыторыі гл. Жыв. св., 52; на тэрыторыі Украіны, Расіі і Польшы гл. Фалінска, Leksyka hodowli, 1, 62–63. Сюды ж таксама памянш.-ласк. формы пе́ця, пе́цька (гл.). Параўн. адзначанае яшчэ Ягічам харв. чак. petèh ’тс’; а таксама petȅh (Црэс), славен. pẹ́teh ’тс’ (Слаўскі, Slavica, 99); харвацкія формы Борысь (Czak. stud., 152) разглядае як праславянскія дыялектызмы ці вытворныя ад праславянскіх слоў. Адносна славенскага слова гл. Бязлай, 3, 30. Вытворнае ад *pěti ’спяваць’ (гл. пець) з рэдкім суфіксам ‑uxъ, параўн. пасту́х ад пасці ’пасвіць’ (параўн., Фасмер, 3, 253).