Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Атле́т ’спартсмен, чалавек моцнага целаскладу і вялікай фізічнай сілы’. Рус., укр. атлет ’спартсмен, цыркавы артыст’, польск. atleta ’спартсмен, сілач’, чэш., славац. atlet і г. д. У беларускай мове з рускай, дзе з нямецкай ці французскай (Фасмер, 1, 36), дзе з лацінскай (< ст.-грэч. ἀθλητής ’удзельнік спаборніцтва, барэц’). У рускай слова з XVIII ст. У народных гаворках пашырана атлёт ’дужы, моцны чалавек’, якое адлюстроўвае, відаць, кантамінацыю з адлёт (гл.); вандроўныя цыркі маглі ’спрыяць і засваенню слова атлет у форме атлёт, вядомай і рускім дыялектам у значэнні ’зух’. На грэчаскую крыніцу атлет указваў Булахаў, Курс суч., 163; параўн. Шанскі, 1, А, 171; Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 123.

Атмасфе́ра. Новае (відаць, пачатку XX ст.) запазычанне інтэрнацыянальнага тэрміна з рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 90), у якой з 1718 (Біржакава, Очерки, 344) з лацінскай ці французскай, дзе ўтворана ад грэчаскіх слоў ἀτμός ’па́ра’ і σφαῖρα ’шар’. Пераноснае значэнне ’навакольная абстаноўка’ ў рускай мове з 40‑х гадоў XIX ст. Шанскі, 1, А, 172.

*Атме́нь, отме́нь ’расліна падлесак Sanicula europeaea L.’ (Бейл.). Укр. дыял. отьмєн ’кмен Carum Carvi L.’ Sanicula належыць да парасонавых, як і кмен (рус. тмин), таму пачатковае а‑ можна тлумачыць як пратэтычны гук, а слова ў цэлым — пераносам назвы расліны па знешняму падабенству. Гл. кмен, цмен.

Атну́ць ’бесперапынна, раз за разам’ (Сцяц.). Ст.-слав. отънѫдь ’зусім, галоўным чынам’. Паводле Міклашыча, 217, падтрыманага Ван Вейкам, IF, 30, 386–388, з otъ + nǫd‑ь, дзе корань супастаўляецца з рус. нужно, нужна і пад. Рус. форма отнюдь, якую Шанскі (КЭСРЯ, 318) лічыць запазычанай з стараславянскай, магла б тлумачыцца мяккаснай асіміляцыяй. Аднак Мейе (Études, 158 і наст.) прапануе іншае тлумачэнне. Першаснай формай тады лічыцца *otьnǫdъ, і корань (‑ьn‑) супастаўляецца з адзін, іншы і г. д. Гэта быццам бы лепш тлумачыць рускае мяккае н, а таму прымаецца Фасмерам, 3, 172. Нельга выключыць, што тут маем супадзенне двух слоў: стараславянскае і беларускае ўказваюць на значэнне ’заўсёды’ і могуць этымалагізавацца паводле Міклашыча, а руская форма са значэннем ’ні ў якім разе’ можа мець паходжанне з кораня in згодна з меркаваннямі Мейе і інш.

Ато́ злучнік ’калі не, то’ (Нас., Касп.), ’таму што’ (Шат.), ’неадкладна, толькі што’ (Бір. дыс.). Рус., укр. ато́ з блізкімі значэннямі. З злучніка а + займеннік то; параўн. ат. Бернекер, 1, 21; Рудніцкі, 1, 40; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 5. З дадаткам часціцы ўтворана атож (Касп.).

Ато́жылак ’парастак’; у іншым словаўтваральным афармленні: атожалля (Янк. Мат.); атожылле (КТС); атожилка (Яруш.). З літ. atãžala ’парастак’ (часцей atžalà, не выключана і *atóžala). Формы з ‑ы‑ замест ‑а‑ ў ненаціскной пазіцыі адлюстроўваюць народнаэтымалагічнае атаясамленне з коранем жыць, словам жыла, адкуль і значэнне ’адгалінаванне геалагічнай жылы’, паралельнае рус. отжилок. Літоўскае слова добра тлумачыцца з прэфіксальнага at‑ (ata‑, ato‑) і карэннага žãlias ’зялёны’.

Ато́ка ’рукаў ракі’ (Касп., Яшкін), ’востраў’ (Яшкін. дыс.), ст.-бел. отокъ ’тс’. Рус. дыял. ото́к ’тс’, ото́ка ’нізіна; сажалка’, польск. otok ’востраў’ (Нітшэ, 198, 298), ст.-польск. otok ’рака’, ’луг, абкружаны вадой’, otoka ’частка лесу з пасекай’. Серб.-харв. о̏ток ’востраў’, о̏тока ’рукаў ракі’ (Шутц, Geogr., 69, 71, 80), балг. дыял. оток ’ручай’ (ZfslPh, 9, 37), славен. otòk ’востраў’. Ст.-слав. отокъ ’тс’, ст.-рус. отокъ ’востраў’, ’мыс’, ’край’. Абодва сучасныя беларускія значэнні да праслав. *tek‑/tok‑, але ў значэнні ’рукаў ракі’, відаць, з прэфіксам otъ‑ (*ototok‑a), а ў значэнні востраў з прэфіксам o(b)‑, у першым выпадку — ’тое, што адцякае’ (параўн. пратока, прытока), а ў другім — ’тое, што абкружае’ (параўн. атачыць). Думка Блесэ, SB, V, 8, пра запазычанне з балтыйскай гэтага слова (параўн. літ. дыял. ãttaka(s), лат. attaka ’рукаў ракі, востраў’) выклікае абгрунтаваныя сумненні Урбуціса, Baltistica, V (1), 1969, 48; улічваючы пашырэнне славянскіх слоў, тут хутчэй балтыйскае запазычанне з беларускай. Мартынаў (SlW, 61–62) лічыць, што абодва значэнні атока вынікалі на аднолькавай фармальнай базе: *o(b)‑tok‑a, толькі ў адным выпадку гэтым словам абазначалася ’тое, што абцякае’, а ў другім — ’тое, вакол чаго абцякае’ (тое, што абцякаецца). Ён таксама лічыць, што бел.-серб.-харв. ізалекса дазваляе лічыць праслав. otokъ абазначэннем рачнога вострава ў процілегласць да *ostrovъ ’востраў наогул’ (параўн., аднак, у Бярынды: отокъ морскій: отнога, лиман, або островъ, выспа).

Ато́нне ’астатак, падонкі’ (Касп.). Рус. дыял. ото́нок, ото́ночка ’тонкая абалонка, шкарлупіна’. Няясна. Відаць, ад кораня тон‑ (тонкі) праз дзеяслоў, зафіксаваны ў Даля отонить ’зрабіць тонкім’ (з *otonьnьje). Магчыма, кантамінацыя з адонне (гл.).

Ато́пак ’стары стаптаны абутак’ (Нас., Інстр. I, Мядзв., Касп., Янк. I, Бяльк., Юрч., Янк. Мат.), ато́пкі ’абноскі’ (БРС). Другое значэнне, відаць, пашырэнне першага. Рус. отопок, отоптыш ’тс’. Утворана ў рускай і беларускай мовах ад дзеяслова а(б)таптаць пры дапамозе суфікса ‑ак (‑ок), як і растопак ’атопак’ (Касп.) ад дзеяслова растоптваць.

Ато́р ’вузкі загон, узараны ўроскідку, пры другім поўным загоне’, ’частка загона, узараная асобна’ (Сцяшк., Сцяц., Лекс. Палесся, 51, 54 з картай). У блізкіх значэннях зафіксавана на ўсходнім Палессі атора, аторка (Лекс. Палесся, 54), аторак, аторыч (Выг. дыс.). Утворана, магчыма, як аддзеяслоўны назоўнік ад дзеяслова *атараць з коранем *or‑ і прэфіксам *ot‑, Лекс. Палесся, 54; параўн. адор, адорак ’вузкая градка бульбы’ (Шчарб.), якія маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах. Параўн., аднак, літ. atarà, ãtaras ’канец нівы, папярочная баразна’, лат. atara ’тс’, atar̂t ’паварочваць плуг’, што робіць магчымым таксама запазычанне з балтыйскай на гродзенска-палескім арэале.