І́ншы ’другі’, ’які-н., некаторы’ (ТСБМ), і́нны (Нас., Шат., Жд. 3; крыч., Жыв. сл., 130). Рус. ино́й, дыял. и́ный, и́нный, и́нший, укр. і́нший, дыял. и́ний, польск. inny, inszy, в.-луж. уст. jiny, н.-луж. уст. jiny, hyny, чэш. jiný, дыял. jinší, славац. iný, inší, славен. in, серб.-харв. и̏н, балг. ин, и́ный. Ст.-слав. инъ ’некаторы’, ’другі’, ст.-рус. инъ, иныи, инъшии ’тс’, ст.-бел. инший, ин, иный ’тс’. Прасл. *jьnъ/*inъ роднаснае літ. víenas, лат. viêns, ст.-прус. ains, ст.-лац. oinos, лац. unus ’адзін’, грэч. οἶνος, οἴνη ’адно ачко на ігральнай косці’, гоц. ains, ст.-ірл. ōen, ст.-в.-ням. ein ’адзін’; сюды ж, відаць, літ. ìnas ’сапраўдны’, якое, аднак, трактуецца неадназначна; узыходзіць да і.-е. *oi̯no‑/*ei̯no‑ ’адзін’; параўн. ст.-слав. инокъ, иноходь, иночѧдь, инорогъ, серб.-харв. ино̀косан ’адзінокі’, захаваўшыя зыходную семантыку. Семантычная трансфармацыя ’адзін’ → ’другі’ адбылася праз семантычнае звяно ’некаторы, нейкі’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 233–234 (з літ-рай); Фасмер, 2, 134–135; Шанскі, 2, I, 81–82; Слаўскі, 1, 460–462; Махэк₂, 227; Безлай, 1, 211; Покарны, 1, 286. Іншыя этымалагічныя прапановы малапераканаўчыя. Міклашыч (96), а затым Мейе (Études, 159, 433) адрознівалі jьnъ ’адзін’ і inъ ’іншы’, прычым апошняе Мейе звязваў са ст.-інд. anyás ’іншы’. Остэн–Сакен (JF, 33, 1914, 271) параўноўваў з грэч. ἐ‑κεῑνος, лац. e‑quidem ’вядома, сапраўды’. Бернекер (1, 432) звязваў з займеннікам i‑ ў грэч. ἴα ’адна’, ός ’адзін, той’. Хірт (РВВ, 23, 1898, 333) бачыў у славянскім слове запазычанне з гоц. ains. Форма іншы ўтворана суфіксам вышэйшай ступені ‑šy (Слаўскі, 1, 463–464). Адсюль дзеяслоў и́ншыць, инше́ць (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)