Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыпу́ннік ’прыбудова да пуні’ (Касп., Інстр. 2), Тв. скл. припуньком ’камора ў пуні’ (Анім. дад.). Рус. дыял. зах. припу́нник ’прыбудова да хаты, пуні для дроў, мякіны і да т. п.’. Конфікснае пры‑ + ‑нік утварэнне ад пуня (гл.) або ад прыметніка *прыпунны з суфіксам ‑ік.

Прыпуска́ч ’кіёк, адзін канец якога ўсаджаны ў дзірку навоя і не дае навою круціцца’ (в.-дзв., Шатал.), прыпускні́к ’доўгая палка, якой нацягваюць ніткі асновы’ (віл., Жд. 1), прыпу́снік, пріпу́снік, прыпу́сьнік, прыпуска́льнік, прыпушча́льнік ’кій (клін), які ўтрымлівае кола (пярэдняга) задняга навоя’ (Нік. Очерки, Касп., Сл. ПЗБ; ушац., леп., малін., гарад., ЛА, 4). Параўн. рус. наўг. припуска́ть ’намотваць палатно на пярэдні вал (пры тканні)’, укр. припуща́льник ’шасцярня ў коле пярэдняга навоя ў кроснах’. Вытворныя з рознымі суфіксамі ад прыпуска́ць < пуска́ць.

Прыпу́тнік, трыпу́тнік ’падарожнік, Plantago major, Plantago lanceolata’ (Мядзв., Яруш.). Рус. припу́тник, укр. при́путень ’тс’. Дэрыват ад прыметніка *прыпу́тны ’той, які расце пры дарозе’. Да пуць (гл.). Параўн. трыпу́тнік (гл.).

Прыпу́чыць1, прыпу́чваць ’рабіць застрэшак з пучкоў’ (ТС). Да пук, пучо́к (гл.).

Прыпу́чыць2 (прыпу́чыты) ’прыбіць, утрамбаваць размашыстымі ўдарамі’ (драг., З нар. сл.). З пры‑пу́чыць, дзе пучыць узыходзіць да пу́каць(ца) (гл.).

Пры́пха ’папіхіч’ (ТС). З *pri‑pъxa? Да пхаць (гл.).

Прыпы́лены ’пакрыты тонкім слоем пылу’ (ТСБМ), перан. прыпу́лены ’прыдуркаваты’ (ТС). Ад прыпылі́ць (прыпулі́ць) ’прысыпаць, прыцерушыць’ (ТС). Да пыл (гл.). Апошняе значэнне адпавядае рус. разм. припы́ленный ’тс’, якое кандэнсуе фразеалагізм пыльным мешком по голове ударенный.

Прыпы́нак, прыпу́нок ’месца спынення транспарту’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., ТСБМ, ТС), прыпы́н ’прыстанішча’ (Ласт.), прыпу́н ’прытулак, прыстанішча’; ’перапынак’ (ТС), прыпы́ніска ’прыстанак’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Дэрываты з рознымі суфіксамі ад прыпыні́ць (гл.), параўн. укр. припи́н, при́пинка ’перапынак, затрымка; прыпынак’.

Прыпыні́ць, прыпуні́ць ’спыніць рух на некаторы час; перастаць рабіць што-небудзь’; ’даць прыпынак, прытулак, схованку’ (ТСБМ, Яруш., ТС), пріпыніті ’спыніць, абразуміць’ (Бес.). Прэфіксальны дзеяслоў з коранем пін‑ (гл. пну, пяць). Аб змяненні і > ы ў корані гл. апыну́цца.

Прыра́да ’прыбор; камплект, набор прадметаў; дапаможнае прыстасаванне, прылада’ (Нік. Очерки, Стан.). З польск. przyrząd ’прыбор, прыстасаванне’, аформленага па тыпу прыла́да ’тс’.

Прырака́ць ’абяцаць; прадвяшчаць’ (Нас., Ласт.), прырачо́ны ’абяцанкі’ (Ласт.), пріріка́ньня ’прадказванне’ (Бяльк.), ст.-бел. приречи ’абяцаць, абнадзеіць, сказаць, памянуць’. Укр. приріка́ти ’прадвяшчаць, абяцаць’. Хутчэй за ўсё, з польск. przyrzekać ’абяцаць’, przyrzeczony ’абяцанкі’. Гл. рэкнуць.