Трыпу́тнік 1 ‘травяністая расліна Plantago major L.’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Яруш., Бейл., Гарэц., Мядзв.; віц., маг., мін., смал., Кіс., Брасл. сл., ЛА, 1, Сл. ПЗБ), тріпу́тнік ‘тс’ (Бяльк.), тры́пуцень ‘тс’ (Мат. Маг.), тръпу́тнік ‘тс’, тръпу́тніна ‘адно сцябло (ліст) трыпутнік’ (мёрск., Нар. словатв.; дзісн., Жыв. сл.), тры́патнік ‘трыпутнік’ (карэліц., ЛА, 1), трэ́патнік ‘тс’ (капыл., Сл. ПЗБ), трыпу́тняк ‘тс’ (арш., ЛА, 1). Укр. три́путень, три́пу́тник, серб. тропутац, харв. кайк. trpūtȁc, tȑput, trpútac, trìputac, славен. trpótec. Традыцыйна выводзяць з прыпу́тнік ‘тс’ (гл.), параўн. у дзіцячым фальклоры: Прыпутнічку, прыпутнічку, / Сядзіш ты пры дарозе (палес., БНТ, Гульні, 193), параўн. рус. припу́тник, укр. припутень ‘тс’, славен. tr(i)pótek (pri > tre) ‘тс’ з далейшым збліжэннем пачатку слова з тры (гл.), пераходны этап дэманструюць запісы Меера: трепутень, или попутчикъ, по дорогомъ и во всѣхъ мѣстахъ (Меер Крыч.). Паводле Ваняковай (Prasl. dialektizacija, 313, 320), тут мела месца калькаванне, паколькі шмат якія назвы расліны не мелі народнага характару, параўн. падарожнік (гл.), дарожнік, польск. podróżnik, рус. дыял. путник, славац. cestní zelina, ням. Wederich і інш. Аднак параўн. ст.-слав. трьпꙋтица ‘нейкая расліна, шандра, трыпутнік?’, што дазваляе выводзіць першапачатковую форму з *tri (рэдукаваная форма ад *trije, (гл. тры) і дэрывата ад *pǫtь (гл. пуць) са значэннем ‘расліна, якая расце каля трох дарог, на раздарожжы’ (ESJSt, 17, 995). Падобным чынам Скок (3, 500) звязвае гэту назву расліны з лікам 3 (тры): ‘расліна, якая расце на раздарожжы, дзе ёсць тры дарогі’. Аналагічна Сной₂ (788), які выводзіць праславянскую форму *trьpǫtьcь з *trь ‘тры’ і *pǫtь ‘дарога’, дзе акрамя магіі лічбы 3 прысутнічае і міфалагема ‘раздарожжа’.
Трыпу́тнік 2 ‘спарыш, Polygonum avuculare L.’ (хоц., ЛА, 1), параўн. укр. подоро́жник, чэш. мар. ucestka (< u + cesta ‘дарога’), ням. Weggras (< Weg ‘дарога’ + Gras ‘трава’). Матывацыя: расліна расце ля дарогі альбо на дарогах (Махэк, Jména, 87), на межах і палях як пустазелле, на гаспадарчых дварах і паміж пліткамі тратуараў.