Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ры́нда1, рындося ’хто неахайны’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), рус. дыял. ры́нда ’худы высокі чалавек’, ’худы конь’. З літ. rindà ’непаваротлівы чалавек’ (Саўка, Запісы 23, 57).

Ры́нда2 ’воін царскай аховы на Русі’ (ТСБМ), рус. ры́нда ’аружаносец, целаахоўнік’, ст.-руск. рында. Цяжкое слова, верагодна іншамоўнага паходжання. Вывядзенне са ст.-ісл. rǫnd ’край шчыта, шчыт’ ставіцца пад сумненне з фанетычнага пункту гледжання. Зусім неверагоднае тлумачэнне з дац. rinde, rende ’бегчы’ і з ням. Ronde ’дазор’ (Фасмер, 3, 529). Магчыма, сюды ж рус. ры́ндель ’знамяносец’ з наступным з’яўленнем насавога (Фасмер, 3, 529).

Ры́нда3: рынду біць ’у парусным флоце — тройчы ўдарыць у звон у поўдзень’ (ТСБМ), рус. ры́нда ’звон карабельнага колакала’. Тлумачыцца як утварэнне з англ. to ring the bell ’званіць у колакал’ (Фасмер, 5, 529). Малаверагоднай падаецца версія аб запазычанні са швец. ringa ’званіць’ (Мацэнаўэр, LF 18, 245).

Ры́ндзіць ’гаварыць без патрэбы’, ’плесці абы-што’ (Сл. Гродз.). Няясна. Ад трындзець > рындзець > рындзіць. ? укр. закарпац. ри́ндза ’страўнік цяляці’ ? ст.-бел. рендзикъ, рендик ? рус. дыял. ры́ндик ’здаравяк, маладзец’.

Рындэ́лак ’паўлітровая шкляная банка’ (Сцяшк. Сл.), ’рынка, пасудзіна з ручкай’ (Сл. Гродз.). З польск. rondel.

Ры́нка ’патэльня на ножках з доўгай ручкай’ (Сл. Брэс.; ваўк., гарад., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), ’драўляная міска’ (раг., Сл. ПЗБ; рэч., Нар. сл.; светл., рагач., рэч., б.-каш., ЛА 5), ’гліняная міска’ (Бяльк., Нар. Гом.; жлоб., б.-каш., чач., ветк., добр., рэч., маз., петр., гом., Сл. ПЗБ), ’звязка дроў’ (Шпіл.), руск. дыял. ры́нка ’гаршчок для кветак’, ’гліняная міска’, укр. ри́нка. З польск. rynka ’тыгель’, ’нізкая каструлька (раней гліняная)’, якое, як і пол. rondel ’каструля’ (> бел. дыял. рандэлек), са ст.-в.-ням. rîna, с.-в.-ням. rîne, reindel, rindel, reinel ’трохногі гліняны гаршчок’, ’тыгель’, ’міска для малака’, ням. Reindel (Фасмер, 3, 529; Брукнер, 472; Трубачоў, Ремесл. терм., 297). З іншага боку можа быць звязана з ням. Ring, параўн. славен. rȋnka ’пярсцёнак’ (Сной у Безлай, 3, 181).

Рынкаля́ско ’ручка ў вілах’ (Сл. Гродз.). Паланізм па форме.

Ры́нуцца, гл. рынуць.

Ры́нуць ’рынуцца’, ’кінуць’ (ТСБМ), ры́нуцца ’імкліва кінуцца, хлынуць’ (ТСБМ, Гарэц.), рынуцца, рынацца ’легчы адпачыць пасля цяжкай работы’ (віл., паст., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ры́нуць ’кінуцца, рынуцца імкліва’ (ТС, Нар. Гом.; б.-каш., Шпіл.), ’упасці’, ’кінуць’ (Яруш.; Янк.), ри́нутый ’кінуты’, ри́нуць ’кінуць’, ’пакінуць’, ри́нуцьца ’рушыць’, ’кінуцца’, ’упасці’ (Нас.), рус. ри́нуть, дыял. взры́нуть ’ускіпець’, ’раздражніцца’, взры́нуться ’уз’есціся’, укр. ри́нути ’моцна цячы’, ст.-рус. ринути ’кінуць, піхнуць’, риятися ’злавацца’, славац. rinúť, чэш. řinouti se ’ліцца’, славен. ríniti ’соваць, рухаць’, ’давіць’, серб.-харв. rȉnuti ’піхнуць’, ри̏нути се ’рынуцца, ’кінуцца’, ’стукнуцца’, нарнути ’злосна забрахаць, накінуцца’, мак. рине ’кідаю’, балг. ри́на ’разграбаю, ачышчаю’, ст.-слав. ринѫти ’кінуцца’. Прасл. *rinǫti sę ’цячы, ліцца’, ’біць ключом’ (Копечны, 307). І.‑е. база *erei‑ ’цячы’ з коранем *er ’рушыць’, ’зрушыць’. Роднаснае да ст.-інд. rin̥ati, rín̥vati ’застаўляе цячы’, ’выпускае’, ríyate ’пачынае цячы’, грэч. ὀρῑ́νω, лесб. ὀρῑννω ’прыводжу ў рух, узбуджаю, раздражняю, лац. rivus ’ручай’, ir‑rito ’раздражняю’, ірл. rían ’мора’, гальск. Renos ’Рэйн’. Далей звязана з рой, рэ́яць, рака́. (Фасмер, 3, 484 з літ-рай; Скок, 3, 144; Сной у Безлай, 3, 181).

Ры́пацца ’рухацца’ (Янк. Мат.), ’ёрзаць, рухацца’ (Гарэц.), ры́пнуць ’хутка пайсці’ (рэч.), рус. рыпаться ’безпаспяхова спрабаваць зрабіць што-небудзь’, дыял. рыпать, рыпе́ть ’рыпець’, укр. ри́пати ’рыпець’, ри́патися ’часта адчыняць дзверы’, польск. rypać ’шыбаваць’, ’уцякаць’, саст. ’біць нагой’, ’рыпець’, чэш. rýpati ’калупаць што-небудзь’, ’тыкаць’, ’піхаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, ’крыўдзіць’, rypati se ’калупацца’, славац. rýpať ’капаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, чэш. rypati ’капаць, рыць’, vyrypovat ’ісці пружыністым, спешным крокам’, в.-луж. rypać ’калупаць’, н.-луж. rypaś, балг. рѝпам ’падкідваю ўверх’, ’падскокваю, скачу’. Прасл. *rypati ’рыць, рваць, капаць’. І.‑е. база *reup‑ ’ламаць’, ’вырываць’, ’рваць’, ’раздзіраць’, з расшыральнікам ‑s‑: *reups‑: *rups‑: *ryps‑; корань *reu‑ (: *rw‑) ’рыць’, ’капаць’ (Покарны, 1, 868–870; Куркіна, ОЛА, 135; БЕР, 6, 261–263 з літ-рай). Параўн. літ. ruõpti ’капаць’, raūpti ’выдзёўбваць’, ’раскалупваць’, rupěti ’клапаціцца’, ст.-в.-ням. roubon (ням. rauben) ’рабаваць’, лац. rumpo ’рву’, ’разрываю’, ст.-інд. ropayati ’абламвае’ (Чарных, 2, 130–131).

Ры́паць1 ’падымацца ўверх і апускацца ўніз (пра ніты)’ (петр., Шат.), ри́па ’деталь самопрялки, соединяющая верхнюю часть с подставкою’ (Влад.). Ад ры́паць2 (гл.), параўн. серб.-харв. rípati ’скакаць, падскокваць’.

Ры́паць2 ’скрабсці’, ’скрыпець’ (Др.), ’скрыпець’ (Гарэц.), ’няўмела іграць на гармоніку, скрыпцы’ (Мядзв.), ры́паць ’рыпець, скрыпець, скрыгаць; дрэнна іграць; поркацца, кешкацца’ (ТС), ры́пацца ’рыпець, выдаваць гукі пры трэнні’ (ТС), ’незадаволена бурчаць’ (Яўс.), ры́палка ’дрэнны гармонік’, ’няўмелы гарманіст’ (Янк. 2, Жд. 3), рус. ры́пать, ры́пнуть, руск. дыял. ры́пать ’скрыпець’, укр. ри́пати ’скрыпець’, рипатися ’часта адчыняць дзверы’, польск. rypać ’удараць’, ’грымець’, ’рыпець’, в.-луж. rypać ’калупаць’, славац. rýpať ’капаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, чэш. rýpati ’калупаць’, ’тыкаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, ’крыўдзіць’, rýpati se ’калупацца’, rupati ’хрусцець’, ’трашчаць’)’, серб.-харв. rípati ’скакаць, падскокваць’. Прасл. *rypati для якога можна меркаваць першаснае значэнне ’рыць’, ’капаць’, ’рваць’ (польск. дыял. rypać ’стукаць, адбіваць’, ’есці’, ’капаць’, ’крышыць’, чэш. rypati ’капаць, рыць’) і другаснае ’непакоіцца’ (рус. рыпаться, в.-луж. rypać ’чапляцца, назаляць’, балг. ри́пам ’мітусіцца, кідацца’), было растлумачана Брукнерам як вытворнае яд *ryp (утварэнне ад *ryti з суфіксальным ‑p‑) (Брукнер, 472). Аднак наяўнасць славянскіх слоў з тым жа ‑p‑ і іншай агласоўкай кораня тыпу *rupa ’яма’ (укр. рупа, славен. rupa, серб.-харв. rupa, балг. ру́па) і *rupiti sę ’непакоіцца’ (> бел. ру́піцца), што сведчыць аб прыналежнасці ‑p‑ да зыходнай дзеяслоўнай асновы (імаверна вытворнай у сваю чаргу ад і.-е. *reu‑, які даў і прасл. *ryti). Таму больш дакладным падаецца тлумачэнне Махэка, які мяркуе, што слав. *rypati з’яўляецца ітэратывам ад незахаванага дзеяслова *rupiti, якой адпавядаў бы літ. raũpiti (Махэк, 2, 527). Аднак мяркуемы зыходны дзеяслоў прапаноўваецца рэканструяваць у форме *rъpati (*rup‑: *rъp‑: *ryp‑), паколькі захаваліся укр. по́рпати ’капацца, разграбаць, выграбаць (пра курэй)’, ’рыцца ў чым-небудзь’, польск. дыял. parpać ’рыцца, капацца’, балг. дыял. ръ́пам, ръ́пна ’рэзаць тупымі, вышчарбленымі нажніцамі або сярпом’, ’рэзаць дрэнна, няроўна’ (Варбот, Этимология 1971, 6–7; Куркіна, Этимология–1984, 111). Гл. таксама рыпе́ць.

Рыпе́ць, ры́паць ’скрыпець’ (ТСБМ; беласт., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ры́пнуць ’скрыпнуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), рып ’гук, які ўтвараецца пры трэнні’ (ТСБМ), рыплі́вы, рыпу́чы ’скрыпучы’ (ТСБМ, Сцяшк.), рыпе́ць ’рыпець, скрыпець, скрыгатаць’ (ТС), ры́паць ’няўмела граць’, ’выказваць крыўду’ (Яўс.), ры́пнуць рыпнуць, скрыпнуць (ТС), рыпу́чы ’скрыпучы’ (ТС), ры́пкі ’рыпучы’ (Сцяшк. Сл.), ры́панне ’буркатня’, ’няўмелае гранне на гармоніку’ (Яўс.), рус. рыпе́ть, укр. рипіти ’скрыпець’, чэш. rupati ’хрусцець’, ’трашчаць’ rupěti ’хрусцець (пра снег). Прасл. *rypati. І.‑е. база *reup‑ ’ламаць’, ’вырываць’, ’раздзіраць’; корань *rep‑ (: *ru) ’рыць’, ’капаць’ з расшыральнікам ‑p‑ (Покарны, 1, 868–870). Параўн. літ. ruõpti ’капаць’, raũpti ’выдоўбліваць’, раскалупваць’, rupė́ti ’клапаціцца’, ст.-в.-ням. roubon (ням. rauben) ’рабаваць’, лац. rumpo ’рву’, ’разрываю’, ст.-інд. ropayati ’абломлівае’ (Чарных, 2, 130–131). Лічыцца, што тут той жа корань, што і ў ры́нуць, рака́, г. зн. узыходзяць да і.-е. кораня *erei‑, расшыраным фармантам p і роднаснае да ням. reisen (reiten) (Скок, 3, 146). Малаверагодная роднасць са ст.-ісл. raup ’выхвалянне’, ropa ’адрываць’, с.-н.-ням. ropen, с.-в.-ням. roffazen ’тс’ (Мацэнаўэр, LF 18, 245; Фасмер, 3, 530). Магчыма, гукапераймальнага паходжання). З іншага боку параўн. літ. rypúoti ’плакаць, галасіць’, raupyti, ruopti ’удараць’, rupas, rupus ’штосьці няроўнае’, інд. ropa‑ ’дзюра’, ropajati ’адрывае’, rupjati ’у яго рве ў бруху’, лац. rumpere, ням. Raub ’рабаўніцтва’ (< з ням. roub ’?’), raufen ’вырываць’, ’рваць’, ’трапаць’, ’церабіць’ (Брукнер, 472). Гл. таксама ры́паць2.