Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ры́на ’вадасцёкавая канава’ (шчуч., брасл., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), ’вадасцёкавая труба’ (шальч., Сл. ПЗБ; Цых.), ’жолаб, па якім вада цячэ на кола ў млыне’ (Бяльк.), ’жолаб, вадзяны мяшок на мельніцы’ (Нас.), ры́нва ’рына’ (жытк., Нар. сл.), рус. дыял. ры́нва ’вадасток’, ’канава’, укр. ри́нва ’тс’. З польск. rynna ’жолаб’, rynwa ’жолаб’ (XVI ст.), якое з ням. Rinne ’жолаб’, ’канава’ (< ням. rennen ’бегчы’) (Брукнер, 472; Фасмер, 3, 529).

Ры́нак ’базар’ (ТСБМ; астрав., Сл. ПЗБ), руск. ры́нок, укр. ри́нок. Да ўсходніх славян трапіла праз пасрэдніцтва заходнеславянскіх моў, параўн. польск. rynek ’рынак’, ’рыначная плошча’, славац. rinok ’рынак’, ’рыначная плошча’, чэш. rynk ’кола’, ’гарадская плошча’, н.-луж. rynk ’рыначная плошча’ са с.-в.-ням. rinc ’кола’, ’плошча’, ням. Ring ’кола’ (> у паўдн.-усх. дыялектах ’плошча’ > ’рыначная плошча’). Параўн. таксама галанд. ring ’кола’, швед. ring ’кола’, ’пляцоўка’ (Фасмер, 5, 530; Брукнер, 472; Чарных, 2, 130; Булыка, Бел. лінгв., 64). Сюды ж і ры́нак у значэнні ’сярэдняя свабодная частка пакоя’ (капыл., Сл. ПЗБ).

Рына́лік ’дзіцячы начны гаршок’ (Сцяшк. Сл.). Магчыма ад ры́льнік (гл.) або ад рыка (гл.), параўн. польск. дыял. rynik, ст.-чэш. renlík ’горшчык’.

Ры́нда1, рындося ’хто неахайны’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), рус. дыял. ры́нда ’худы высокі чалавек’, ’худы конь’. З літ. rindà ’непаваротлівы чалавек’ (Саўка, Запісы 23, 57).

Ры́нда2 ’воін царскай аховы на Русі’ (ТСБМ), рус. ры́нда ’аружаносец, целаахоўнік’, ст.-руск. рында. Цяжкое слова, верагодна іншамоўнага паходжання. Вывядзенне са ст.-ісл. rǫnd ’край шчыта, шчыт’ ставіцца пад сумненне з фанетычнага пункту гледжання. Зусім неверагоднае тлумачэнне з дац. rinde, rende ’бегчы’ і з ням. Ronde ’дазор’ (Фасмер, 3, 529). Магчыма, сюды ж рус. ры́ндель ’знамяносец’ з наступным з’яўленнем насавога (Фасмер, 3, 529).

Ры́нда3: рынду біць ’у парусным флоце — тройчы ўдарыць у звон у поўдзень’ (ТСБМ), рус. ры́нда ’звон карабельнага колакала’. Тлумачыцца як утварэнне з англ. to ring the bell ’званіць у колакал’ (Фасмер, 5, 529). Малаверагоднай падаецца версія аб запазычанні са швец. ringa ’званіць’ (Мацэнаўэр, LF 18, 245).

Ры́ндзіць ’гаварыць без патрэбы’, ’плесці абы-што’ (Сл. Гродз.). Няясна. Ад трындзець > рындзець > рындзіць. ? укр. закарпац. ри́ндза ’страўнік цяляці’ ? ст.-бел. рендзикъ, рендик ? рус. дыял. ры́ндик ’здаравяк, маладзец’.

Рындэ́лак ’паўлітровая шкляная банка’ (Сцяшк. Сл.), ’рынка, пасудзіна з ручкай’ (Сл. Гродз.). З польск. rondel.

Ры́нка ’патэльня на ножках з доўгай ручкай’ (Сл. Брэс.; ваўк., гарад., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), ’драўляная міска’ (раг., Сл. ПЗБ; рэч., Нар. сл.; светл., рагач., рэч., б.-каш., ЛА 5), ’гліняная міска’ (Бяльк., Нар. Гом.; жлоб., б.-каш., чач., ветк., добр., рэч., маз., петр., гом., Сл. ПЗБ), ’звязка дроў’ (Шпіл.), руск. дыял. ры́нка ’гаршчок для кветак’, ’гліняная міска’, укр. ри́нка. З польск. rynka ’тыгель’, ’нізкая каструлька (раней гліняная)’, якое, як і пол. rondel ’каструля’ (> бел. дыял. рандэлек), са ст.-в.-ням. rîna, с.-в.-ням. rîne, reindel, rindel, reinel ’трохногі гліняны гаршчок’, ’тыгель’, ’міска для малака’, ням. Reindel (Фасмер, 3, 529; Брукнер, 472; Трубачоў, Ремесл. терм., 297). З іншага боку можа быць звязана з ням. Ring, параўн. славен. rȋnka ’пярсцёнак’ (Сной у Безлай, 3, 181).

Рынкаля́ско ’ручка ў вілах’ (Сл. Гродз.). Паланізм па форме.

Ры́нуцца, гл. рынуць.

Ры́нуць ’рынуцца’, ’кінуць’ (ТСБМ), ры́нуцца ’імкліва кінуцца, хлынуць’ (ТСБМ, Гарэц.), рынуцца, рынацца ’легчы адпачыць пасля цяжкай работы’ (віл., паст., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ры́нуць ’кінуцца, рынуцца імкліва’ (ТС, Нар. Гом.; б.-каш., Шпіл.), ’упасці’, ’кінуць’ (Яруш.; Янк.), ри́нутый ’кінуты’, ри́нуць ’кінуць’, ’пакінуць’, ри́нуцьца ’рушыць’, ’кінуцца’, ’упасці’ (Нас.), рус. ри́нуть, дыял. взры́нуть ’ускіпець’, ’раздражніцца’, взры́нуться ’уз’есціся’, укр. ри́нути ’моцна цячы’, ст.-рус. ринути ’кінуць, піхнуць’, риятися ’злавацца’, славац. rinúť, чэш. řinouti se ’ліцца’, славен. ríniti ’соваць, рухаць’, ’давіць’, серб.-харв. rȉnuti ’піхнуць’, ри̏нути се ’рынуцца, ’кінуцца’, ’стукнуцца’, нарнути ’злосна забрахаць, накінуцца’, мак. рине ’кідаю’, балг. ри́на ’разграбаю, ачышчаю’, ст.-слав. ринѫти ’кінуцца’. Прасл. *rinǫti sę ’цячы, ліцца’, ’біць ключом’ (Копечны, 307). І.‑е. база *erei‑ ’цячы’ з коранем *er ’рушыць’, ’зрушыць’. Роднаснае да ст.-інд. rin̥ati, rín̥vati ’застаўляе цячы’, ’выпускае’, ríyate ’пачынае цячы’, грэч. ὀρῑ́νω, лесб. ὀρῑννω ’прыводжу ў рух, узбуджаю, раздражняю, лац. rivus ’ручай’, ir‑rito ’раздражняю’, ірл. rían ’мора’, гальск. Renos ’Рэйн’. Далей звязана з рой, рэ́яць, рака́. (Фасмер, 3, 484 з літ-рай; Скок, 3, 144; Сной у Безлай, 3, 181).