Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рыш ’рыс’ (гродз., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. ryż ’тс’.

*Рышка, рі́шка ’будынак з печкай для сушкі снапоў’ (ДАБМ). Запазычанне з руск. ри́га ’памяшканне для малацьбы’, ’пуня’, ’адрына’, ’гумно’, якое з фін. riihi ’тс’ (Фасмер, 3, 482).

Рышт1 ’рыштаванне пры пабудове зруба вышэй вокнаў’ (ТС), ’козлы для падоўжанай распілоўкі калод’ (ТС), ры́шты, рэ́шты, ра́шты ’прыстасаванне ў возе для пашырэння яго пагрузачнай пляцоўкі’ (Нар. словатв.). Усечаная форма ад рыштава́нне (гл.), рышту́нак.

Рышт2 ’месца, дзе цячэ невялікая рэчка’ (міёр., НС), ’роў, ручай’ (Бяльк.), ’канава’ (Нас.), ’ручай, рэчышча, роў’ (клім., ЛА 5), ’канава’ (Гарэц., Яруш.), ры́шта ’канава’ (Жд. 3). Ад рышто́к (гл.).

Рыштава́нне ’часовае будаўнічае збудаванне’ (ТСБМ), ’часовыя падмосткі звонку зруба’ (Сцяшк.; Інстр. 2), ’падмосткі пад стог’ (ДАБМ, 878), рыштава́не ’рыштаванне’ (лід., паст., Сл. ПЗБ), рышта́к, рышто́ўка, рышту́нак ’рыштаванне’ (лельч., добр., ельск., жытк., Сл. ПЗБ), риштова́нне ’рыштаванне’, ’падмосткі’, риштова́ць ’рабіць падмосткі’, риштова́цьца ’падмашчывацца’, ’жульнічаць’, ришту́нокъ ’падмосткі’, ’падстаўка’ (Нас.), рыштава́ць ’рабіць падмосткі’ (Гарэц.), ст.-бел. рыштованье, рештаванье, риштованье, роштованье ’рыштаванне’ (1514). Запазычанне з польск. rusztowanie, rynsztunek ’узбраенне’, ’рыштунак’, якія ў сваю чаргу з ням. Rüstung ’узбраенне’, ’рыштунак’, rüsten ’рыхтаваць’, ’забяспечваць’.

Рышта́нт ’свавольнік’, ’распуснік’ (віл., НС; Сл. Гродз.), ’валацуга, злодзей’ (ТС), ’злодзей, нягоднік’ (Янк. Мат.), рышта́нец ’арыштант’, ’хуліган’ (Янк. 2), рышта́нтскій ’нягодніцкі’ (Янк. Мат.), рышта́нтства ’шкодніцтва’ (Янк. Мат.).

Рышто́к ’вадасцёкавая канава’ (ТСБМ, Сцяшк.; смарг., шчуч., шальч., Сл. ПЗБ; маладз., Янк. Мат.; Бір. Дзярж.), ’паток’ (швянч., Сл. ПЗБ), ’затока’ (трак., Сл. ПЗБ), ’сцежка’ (лід., Сл. ПЗБ), ’паз у столі’ (шальч., Сл. ПЗБ), рышто́ка ’затока’ (чэрв., Сл. ПЗБ), рыштко́м, рышто́кам, рыштако́м, рышто́камі ’цурком’ (шальч., воран., трак., слонім, Сл. ПЗБ), рышт (паст., Сл. ПЗБ), рышто́кі ’рагі поту, слёзы на твары’, ’пацёкі на вокнах’ (воран. ЛА 3), ст.-бел. ринштокъ, рыншторкъ ’сцёкавая канава’ (1580). Запазычанне з польск. rynsztok < с.-в.-ням. rinnstok, ням. Rinnstock ’тс’ (Булыка, Запазыч., 290).

Рышто́чнік ’званочак’ (Кіс.). Утворана ад рышто́к (гл.), паколькі расліна расце на ўзбоччы дарог, каля вадасцёкавых канаваў.

Рышту́нак ’набор неабходных для працы прыстасаванняў’ (ТСБМ, Гарб.), ст.-бел. рыштунокъ, риштунокъ, ринштунокъ, рынштунокъ ’рыштунак’ (1530). Запазычана праз польск. rynsztunek ’узбраенне’, ’рыштунак’ з ням. Rüstung ’рыштунак’.

Ры́шты ’вышкі ў хляве’ (стол., Нар. сл.). Ад рышт1 (гл.).

Рышчы́ны ’размоклыя хлебныя крошкі ў квасе’, (Цых.). Ад рашчы́на, ро́шчына (гл.).