Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ры́хаць ’кашляць’ (Сл. Гродз.). Ад ры́гаць (гл.), але тады незразумелыя прычыны аглушэння зычнага г.

Ры́хлік ’акучнік’ (міёр., Нар. сл.). Ад ры́хліць (гл.) з дапамогай суф. ‑ік‑ як цягні́к, кры́цік ’сноп накрываць мэндлікі’ (Пра словаўтваральны тып глядзі Сцяцко, Афікс. наз., 41–42).

Ры́хлы ’порысты, рассыпісты, мяккі’ (Нас., ТСБМ), ры́хлы, ру́хлы ’рассыпісты’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ’шпаркі, хуткі’ (Нас.), ’спрытны, увішны, хуткі ва ўсім чалавек’ (Пан.), ’хуткі ў рабоце’ (ушац., ЛА), ст.-бел. рыхлый, рихлый ’хуткі’, ’шпаркі’ (XVI ст.), рус. рыхлый, польск. rychły ’хуткі, паспешны’, славац. rýchly ’хуткі’, ’жвавы’, чэш. rychlý ’тс’, в.-луж. і н.-луж. rychły ’хуткі’. Лексема адсутнічае ў паўднёва-славянскіх мовах. Прасл. *rychlъ. Звязана з рух, ру́шыць, параўн. лат. rusenis ’вельмі рыхлы снег’, rūsa ’смецце’, літ. ruošù (лат. roušs) ’клапатлівы’, ’мітуслівы’, ’дзейны’, ruõšti ’рыхтаваць’, ’збіраць’, с.-н.-ням. rusch, ст.-ісл. rúst ’разваліны’, нідэрл. rul ’рыхлы і сухі пясок’ (Голуб-Копечны, 2, 320; Фасмер, 5, 532; Брукнер, 471; Чарных, 2, 131). Прасл. *rychlъ (да *rychnǫti, *rysăti, роднасных да *ruchnǫti, *rušiti) (Варбат, Морфонол., 88–89). Польск. rychle, rykle, rytle ’сып, кароста, гнайнікі’ з’яўляецца нямецкім запазычаннем, параўн., с.-в.-ням. rücheln, ням. Röteln ’краснуха’, Rütteln ’трэсці, устрэсваць’ (Брукнер, 471). Сюды ж ры́хленько ’скоранька’ (Нас.). Два значэнні гэтага прыметніка (’хуткі’ і ’рассыпісты, няшчыльны, мяккі’) тлумачацца з асноўных значэнняў зыходных дзеясловаў з коранем *ruch‑: *rъch‑ ’рыць, капаць’ > ’пасоўваць’, ’ссоўваць з месца’, ’разбураць’. Кожнае са значэнняў прыметніка прадстаўлена ў варыянтах з рознай агаласоўкай. Таму варта казаць пра адзінае ўтварэнне з суф. ‑l‑ і двума значэннямі, часткова размеркаванымі па дыялектах: у заходнеславянскіх прадстаўлена толькі ’хуткі’, у паўднёва-славянскіх — толькі ’няшчыльны, мяккі’ (Варбат, Морфонол., 88). Махэк адрознівае заходне- і ўсходнеславянскія лексемы. Ён сцвярджае, што ўсходнеславянскія трэба звязваць з рух, рушыць. Заходнеславянскія лічыць роднаснымі да літ. rušėti ’быць поўным’, ’варушыцца’, ’быць жвавым, актыўным, дзейным’. З доляй імавернасці лічыць, што існаваў дзеяслоў *rych‑ati і лексема рыхлы з’яўляецца скарочанай формай ад *rychaly (якое ўтварылася як dbaly ад dbati) (Махэк₂, 527).

Ры́хт, ры́хцік, рыхтык ’якраз, дакладна’ (ТСБМ; шальч., гарад., беласт., астрав., паст., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс., Янк. 2; бераст., шчуч., пінск. ЛА, 3; Выг.), ’акурат, у момант, хутка’ (Сцяшк.), ры́хтык ’вельмі падобны на каго-небудзь’ (капыл., Нар. словатв.), ’якраз, якраз як’, ’быццам, як’ (Сцяц.), ры́хцік ’аднолькавы, падобны’ (браг., З нар. сл.; в.-дзв., Шат.; Янк. Мат.), ’акурат’ (калінк., З нар. сл.), ’дакладна’, ’якраз’, ’падобна’, ’зусім’ (ТС), ры́хты ’такі ж, падобны’ (лях., Сл. ПЗБ), рыхцю́сенькі ’вельмі падобны’ (Сцяшк. Сл.), рыхцю́тко ’якраз, вельмі добра’ (Сл. Гродз.), рыхт: рыхт у рыхт ’такі самы’ (ТСБМ), рых ’дакладна’ (ТС), ры́хтачкі ’як дзве каплі вады’, ’якраз’, ’дакладна’ (дзярж., Нар. сл.), ’падобны’ (кіраў., Нар. сл.), рыхты́чна ’падобна’ (Сцяшк. Сл.), рыхты́чны ’падобны’ (Сцяшк. Сл.), рэ́хт выкл. ’няхай будзе так’ (Нас.), ’накшталт, якраз’ (ТС), ’досыць, даволі’ (Шат., Ян.), рэ́хта ’канец, гатова’ (ТС). Сюды ж ры́сцік ’хутка’ (валож.). З ням. richtig ’правільны’, ’патрэбны’, ’сапраўдны’, верагодней за ўсё праз ідыш.

Рыхтава́ць ’прыводзіць у стан гатоўнасці’, ’гатаваць’, ’працаваць над чым-небудзь’ (ТСБМ), ’выпраўляць’ (Яруш.), рыхтава́цца ’рабіць прыгатаванні’, ’збірацца’ (ТСБМ; віл., беласт., в.-дзв., Сл. ПЗБ; Гарэц.), рихтовацьца ’тс’ (Нас.), рыхту́нак ’падрыхтоўка’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. рихтовати ’рыхтаваць’, с.-в.-ням. richten ’накіроўваць’ (Чартко, Дасл. па літ. і мове, Гродна, 1967). Сюды ж рыхтова́ць ’парадкаваць, раўняць канцы калод у плыце’ (ТС).

Рыхце́ць ’кіпець’ (Сцяшк. Сл.). Гукапераймальнае слова, утворана па мадэлі пыхце́ць.

Ры́хчыцца, ры́шчыцца ’знаходзіцца ў стане цечкі’ (чэрв., віл., Сл. ПЗБ). Ад ры́скаць (гл.).