Ры́нка ’патэльня на ножках з доўгай ручкай’ (Сл. Брэс.; ваўк., гарад., Сл. ПЗБ; Сцяшк.), ’драўляная міска’ (раг., Сл. ПЗБ; рэч., Нар. сл.; светл., рагач., рэч., б.-каш., ЛА 5), ’гліняная міска’ (Бяльк., Нар. Гом.; жлоб., б.-каш., чач., ветк., добр., рэч., маз., петр., гом., Сл. ПЗБ), ’звязка дроў’ (Шпіл.), руск. дыял. ры́нка ’гаршчок для кветак’, ’гліняная міска’, укр. ри́нка. З польск. rynka ’тыгель’, ’нізкая каструлька (раней гліняная)’, якое, як і пол. rondel ’каструля’ (> бел. дыял. рандэлек), са ст.-в.-ням. rîna, с.-в.-ням. rîne, reindel, rindel, reinel ’трохногі гліняны гаршчок’, ’тыгель’, ’міска для малака’, ням. Reindel (Фасмер, 3, 529; Брукнер, 472; Трубачоў, Ремесл. терм., 297). З іншага боку можа быць звязана з ням. Ring, параўн. славен. rȋnka ’пярсцёнак’ (Сной у Безлай, 3, 181).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)