Гарсэ́т ’гарсэт’ (БРС, Нас.: гарсе́т; Касп., Сл. паўн.-зах.), таксама ’кабат, безрукаўка, станік’, ґарсэт (Сл. паўн.-зах., Шат., Сцяшк., Жд. 1). Запазычанне з польск. gorset ’тс’ (< франц. corset). Гл. Слаўскі, 1, 321; Кюнэ, Poln., 56. Параўн. Фасмер, 2, 338.
Гарт ’гарт’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Нас.). Укр. гарт. Запазычанне з польск. hart, а гэта з ням. Härte, hart. Гл. Кюнэ, Poln., 56; Слаўскі, 1, 409; Фасмер, 1, 395.
Гартава́ць 1 ’гартаваць’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Ст.-бел. гартовати (Булыка, Запазыч.). Укр. гартува́ти. Запазычанне з польск. hartować (< ням. härten). Кюнэ, Poln., 56; Булыка, Запазыч., 80; Фасмер, 1, 395.
Гартава́ць 2 ’выгортваць’ (Сл. паўн.-зах.: «Качаргой гартуеш жар»). Гібрыднае слова: < гартава́ць 1 ’гартаваць’ + гарта́ць (гл.).
Гарта́й ’араты’ (Шатал., Сл. паўн.-зах.). Зыходзячы з геаграфіі слова, можна меркаваць, што гэта проста варыянт з пратэтычным г‑ да арта́й (гл.), г. зн. прамое запазычанне з літ. artójas ’тс’.
Гарта́нь ’гартань’ (БРС), рус. горта́нь, укр. гирта́н, герта́нь, ст.-слав. грътань і г. д. Лічыцца вытворным з суф. ‑t‑an‑ ад асновы *gu̯er‑ ’з’ядаць, паглынаць’ (параўн. *gъrdlo; гл. го́рла). Трубачоў, Эт. сл., 7, 213–214.
Гарто́ль ’прыстасаванне для тармажэння плыта; плытнік, які тармозіць плыт’ (Сл. паўн.-зах.). Сл. паўн.-зах. лічыць запазычаннем з літ. і параўноўвае з літ. artà ’папярочны брус на мачце для прымацавання паруса’.
Гартэ́нзія ’гартэнзія’ (БРС). Рус. горте́нзия, укр. горте́нзія. У бел. і ўкр. мовах запазычанне з рус. У рус. мове гэта новае (XIX ст.) запазычанне з вучонай латыні (утварэнне ад жаночага імя Hortense). Гл. Шанскі, 1, Г, 143.
Гару́дзія ’гармата’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з рус. ору́дие ’тс’ (да рус. слова гл. Фасмер, 3, 154).
Гару́н ’губа’ (Шатал., Сл. паўн.-зах.): «Гарун — чорны грыб… Губу з гаруну выраблялі…; на камень гарун лажылі, патом сячом, сячом, гарун загараўся — і закурыць можна». Здаецца, з *гору́н (< *gorěti). У Яшкіна зафіксавана значэнне ’дрэва з нарастам, які ідзе на выраб труту’. Падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 50–51.