О́ЎЭН ((Owen) Роберт) (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),
англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.Мор і Т.Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).
Тв.:
Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1950.
Т.І.Адула.
т. 11, с. 458
О́ЎЭН ((Owen) Рычард) (20.7.1804, г. Ланкастэр, Вялікабрытанія — 18.12.1892),
англійскі заолаг, анатам і палеантолаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1834). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1839). Скончыў мед. курс у шпіталі Сент-Барталам’ю ў Лондане (1825). Працаваў у Каралеўскім ін-це ў Лондане, у 1856—83 у Брытанскім музеі. Навук. працы па марфалогіі і сістэматыцы выкапнёвых жывёл. Распрацоўваў праблему аналогіі і гамалогіі органаў. У 1863 апісаў птушку юрскага перыяду археаптэрыкса.
т. 11, с. 459
О́ЎЭНС ((Owens) Джэймс Кліўленд) (12.9.1913, г. Данвіл, штат Алабама, ЗША — 31.3.1980),
амерыканскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Чэмпіён XI Алімп. гульняў (1936, Берлін) у бегу на 100 і 200 м, скачках у даўжыню і эстафетным бегу 4 × 100 м. Рэкардсмен свету ў бегу на кароткія дыстанцыі (1935, 1936) і скачках у даўжыню (1935).
т. 11, с. 459