Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

О́КРА, Стараруднянскі канал,

рака ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 293 км². Пачынаецца каля паўд. ускраіны в. Кірава, вусце за 3 км на З ад в. Баравуха. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Даліна на вял. працягу адкрытая, трапецападобная. Рэчышча на працягу 14,5 км (ад вытоку да вусця р. Рудзенка) каналізаванае.

т. 11, с. 431

«ОКРА́ИНА»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-радыкальнага кірунку. Выдавалася з 30.7(12.8). 1907 да 25.5(7.6).1908 у Мінску на рус. мове. Развівала праграму забароненай газ. «Жизнь провинции». Цэнзура характарызавала яе як выданне «рэзка апазіцыйнага кірунку без ясна і пэўна вызначанай праграмы якой-небудзь партыі». Друкавала апошнія паведамленні, артыкулы грамадска-паліт. і літ.-маст. зместу, белетрыстыку, паэзію, мясц. хроніку, рэкламу, ілюстрацыі. Крытыкавала ўрадавую палітыку П.А.Сталыпіна, злоўжыванні мясц. улад, выступала супраць дыскрымінацыі «іншародцаў». Праблемам гістарыяграфіі, гісторыі, культуры прысвечаны даследаванні Д.Бохана «Польская народная паэзія», М.Метэрлінка «Псіхалогія няшчаснага выпадку», «Вялікі мастак» (пра Л.Талстога), М.Караліцкага «Ідэя творчасці ў творах Тургенева і Гаўптмана» і інш. Аўтары літ.-маст. аддзела арыентаваліся на традыцыі рэалізму і асветніцкую эстэтыку, прапагандавалі спадчыну рус., польск. і зах.-еўрап. л-ры і маст. культуры, станоўча ацанілі наватарства Л.Андрэева, К.Бальмонта, З.Гіпіус, У.Меерхольда, М.Мінскага, Г.Гаўптмана, Метэрлінка, Ф.Салагуба. Асвятляла тэатральнае і муз. жыццё Мінска. Выданне газеты прыпынена, пазней забаронена.

Літ.:

Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.

У.М.Конан.

т. 11, с. 431