О́ЙО,
дзяржава народа іаруба на тэр. паўн.-зах. Нігерыі ў 14—19 ст. Да 2-й пал. 18 ст. падпарадкавала б.ч. інш. дзяржаў іаруба. Удзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі, кантралявала асн. шляхі вывазу рабоў з унутр. раёнаў кантынента. На чале О. стаяў алафін (правіцель), улада якога была абмежавана саветам знаці. З канца 18 ст. пачаўся заняпад О. У 1836 войскі халіфата Сакота разбурылі сталіцу О. — г. Ойо, пасля чаго яна існавала як невял. дзярж. ўтварэнне. У 1893 абвешчана брыт. пратэктаратам.
т. 11, с. 428
О́ЙО (Оуо),
горад на ПдЗ Нігерыі. Каля 300 тыс. ж. (1999). Вузел аўтадарог. Гандл. цэнтр раёна вырошчвання алейнай пальмы, маніёку, кукурузы, какавы. Вытв-сць пальмавага алею. Саматужныя рамёствы (скураныя вырабы, ткацтва, прадзенне).
т. 11, с. 428