Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

О́ДЗІН,

у скандынаўскай міфалогіі вярх. бажаство. У глыбокай старажытнасці лічыўся богам ветру і буры, стваральнікам сусвету, багоў і людзей, пазней — богам вайны, апекуном гандлю і мараплаўства, гаспадаром вальхалы, валадаром валькірый. У міфалогіі стараж. германцаў кантынента О. адпавядаў Вотан.

Літ.:

Буйвал В. Одзіну і Ярылу // Мастацтва. 1994. № 6.

Одзін. Скульптура Г.Э.Фрэйда. 1-я пал. 19 ст.

т. 11, с. 427

О́ДЗУ (Ясудзіра) (12.12.1903—12.12.1963),

японскі рэжысёр. Здымаў пераважна сумныя і лірычныя з мяккім гумарам фільмы, якія ўводзілі гледача ў паўсядзённае жыццё, паказвалі ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Сярод «нямых» фільмаў — «Універсітэт-то я скончыў...» (1929), «Такійскі хор» (1931), «Нарадзіцца-то я нарадзіўся...» (1932), «Аповесць пра плывучую ваду» (1934), «Такійская гасцініца» (1935); гукавых — «Адзіны сын» (1936), «Позняя вясна» (1949), «Час збору ўраджаю» (1951), «Смак простай ежы» (1952), «Такійская аповесць» (1953), «Кветкі Хіган» (1958), «Смак сайры» (1962). Рэжысёрскі стыль О. стаў адной з асноў традыц. школы яп. кіно: спакойная кампазіцыя, запаволенасць дзеяння, адсутнасць вострых драм. калізій, доўгія агульныя планы. З 1955 ген. сакратар Асацыяцыі кінарэжысёраў Японіі.

т. 11, с. 427