Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЕЛІЗАВЕ́ЦІНСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1844—66 у в. Елізавеціна Клімавіцкага пав. (цяпер у наваколлі в. Мокрае Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.). Выпускала аконнае шкло. У 1866 працавалі 44 чал. Сыравіну набывалі: гліну ў Калужскай і Чарнігаўскай губ., пясок у Смаленскай губ., саламяны попел у Чарнігаўскай губ. Шкло збывалі ў Віцебскую і Магілёўскую губ., Крамянчуг, Харкаў, Палтаву, Мінск і інш.

т. 6, с. 385

ЕЛІЗА́РАЎ (Альберт Сцяпанавіч) (н. 13.1.1937, г. Архангельск, Расія),

бел. вучоны ў галіне прыладабудавання. Д-р тэхн. н. (1972), праф. (1977). Скончыў Ленінградскі ін-т авіяц. прыладабудавання (1960). З 1975 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па радыёвымяральных прыладах. Распрацаваў вектарныя аналізатары радыётэхн. ланцугоў звышвысокачастотнага дыяпазону і на іх аснове новыя віды ўзроўнямераў.

Тв.:

Автоматизация измерений параметров линейных невзаимных СВЧ четырехполюсников. М., 1978;

Электрорадиоизмерения. Мн., 1986.

т. 6, с. 385

ЕЛІЗА́Р’ЕЎ (Валянцін Мікалаевіч) (н. 30.10.1947, Баку),

бел. балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1979), нар. арг. СССР (1985). Акад. Міжнар. слав. акадэміі (1996), Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў у С.-Пецярбургу (1997). Праф. Бел. акадэміі музыкі (1995). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча імя А.​Ваганавай (1967), балетмайстарскае аддзяленне Ленінградскай кансерваторыі (1972). Стажыраваўся ў Францыі па стыпендыі ЮНЕСКА (1982). З 1973 гал. балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1996 дырэктар — маст. кіраўнік Нац. акад. т-ра балета Беларусі, дзе стварыў усе свае асн. пастаноўкі: «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава (1978), «Спартак» А.​Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1983), «Балеро» на муз. М.​Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (1986, 1997), «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева (1988), «Дон К.іхот» Л.​Мінкуса (1989), «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані (1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Ставіў балеты таксама ў Расіі, Польшчы, Югаславіі, Турцыі. Стваральнік харэаграфіі для тэлефільма «Фантазія» («Веснавыя воды», паводле І.​Тургенева) з удзелам М.​Плісецкай (1975, Цэнтр. тэлебачанне, рэж. А.​Эфрас) і інш. У творчасці імкнецца да ўвасаблення значных тэм сучаснасці. У харэаграфічнай мове шырока выкарыстоўвае прыёмы сучаснай пластыкі. Яго дзейнасць спрыяла міжнар. прызнанню бел. балетнага т-ра. Пад кіраўніцтвам Е. бел. балет з поспехам гастраліраваў амаль у 30 краінах свету. Яго творчасці прысвечаны тэлефільмы «Стварэнне» (1979) і «Валянцінаў дзень» (1993, рэж. абодвух В.​Шавялевіч). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў і артыстаў балета (1970), 7-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1993, Масква, спец. прыз), прэміі «Чалавек года» ў галіне муз. мастацтва з уручэннем прыза «Залатая Неферціці» (1996), вышэйшай узнагароды Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» (Парыж, 1996). Чл. Савета Еўропы па культуры (1990), старшыня і чл. журы міжнар. конкурсаў балета ў Маскве, Варне (Балгарыя), Нагоі (Японія), Кіеве, Віцебску.

Літ.:

Народный артаст СССР Валентин Елизарьев. Мн., 1987;

Чурко Ю.М. Искусство, созвучное времени // Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997.

Т.​М.​Мушынская.

В.М.Елізар’еў.
Сцэна з балета «Спартак» у пастаноўцы В.Елізар’ева.

т. 6, с. 385

Елісеева Тамара Паўлаўна

т. 18, кн. 1, с. 383

ЕЛІСЕ́ЕВІЧЫ,

археалагічная стаянка эпохі палеаліту ў в. Елісеевічы Бранскай вобл. (Расія), на правым беразе р. Судасць. Адкрыў у 1930 К.​М.​Палікарповіч, даследавалі Л.​В.​Грэхава і бел. археолагі А.​Дз.​Будзько і Палікарповіч. У культурным пласце на глыбіні 1,2—1,3 м выяўлена вял. колькасць касцей маманта (чарапы, буйныя трубчастыя косці), верагодна, рэшткі жытлаў ці гасп. пабудоў. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, прылады з касцей маманта, ваўка, ліса, пясца, зайца і інш. жывёл, сусветна вядомыя маст. вырабы з касцей маманта (статуэтка жанчыны, выявы рыб, пласціны са складаным геам. арнаментам). Стаянка датуецца 12 970—17 340 да н.э.

т. 6, с. 385

ЕЛІСЕ́ЕНКАЎ (Алег Мікалаевіч) (н. 21.9.1958, г. Спас-Дземенск Калужскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1982, клас Дз.Смольскага). З 1986 выкладае ў Бел. ун-це культуры. З 1997 гал. рэдактар рэдакцыі муз. і забаўляльных праграм Бел. тэлебачання. Працуе ў розных жанрах. Яго сімф. музыцы ўласціва спалучэнне прыёмаў скразнога развіцця з канцэртаваннем, стылістыкі барока і класіцызму з сучаснай кампазіцыйнай тэхнікай. Сярод твораў: кантата «Купалаў час» на словы Я.​Купалы (1982); сімфоніі — 1-я і 3-я (1980, 1986), камерныя 2-я і 4-я (1981, 1986); «Дывертысмент» і «Камерная музыка» для стр. арк.; камерна-інстр. творы, у т. л. санаты, санаціна, «Варыяцыі» для цымбалаў (1990); п’есы для рок-гурта, біг-бэнда і спрынг-бэнда; песні на словы бел. і інш. паэтаў; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 6, с. 385

ЕЛІСЕ́ЕЎ (Аляксандр Васілевіч) (13.8.1859, г. Суаменліна. Фінляндыя — 3.6.1895),

рускі падарожнік. Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1882). Падарожнічаў на Пн і ПнУ Еўрап. Расіі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі. Вядомы як даследчык М. Азіі і Афрыкі. У 1881—82 наведаў Егіпет, Палесціну і Сірыю, у 1884—87 падарожнічаў па Лівіі, Алжыры, Тунісе, М. Азіі, у 1895 — па Эфіопіі. Сабраў шматлікія антрапал. і этнагр. звесткі.

Тв.:

По белому свету: Очерки и картины из путешествий по трем частям Старого света. 2 изд. Т. 1—4. СПб., 1901—04.

т. 6, с. 385

ЕЛІСЕ́ЕЎ (Аляксей Станіслававіч) (н. 13.7.1934, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969), лётчык-касманаўт СССР (1969), д-р тэхн. н. (1973). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (МВТВ) імя М.​Э.​Баўмана (1957). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 15—16.1.1969 з Б.В.Валынавым і Я.В.Хруновым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-5» (як бортінжынер), 16.1.1969 з Хруновым перайшоў праз адкрыты космас (37 мін) у касм. карабель «Саюз-4» (пілатаваў У.А.Шаталаў), на якім 17.1.1969 вярнуўся на Зямлю. 13—18.10.1969 з Шаталавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-8» (як бортінжынер), 23—25.4.1971 з Шаталавым і М.М.Рукавішнікавым — палёт на касм. караблі «Саюз-10» (як бортінжынер). У ліпені 1975 — кіраўнік палёту па праграме «ЭПАС». З 1985 рэктар МВТВ імя Баўмана. Правёў у космасе 8,9 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына. Дзярж. прэмія СССР (1980).

А.С.Елісееў.

т. 6, с. 385

ЕЛІСЕ́Й, Эліша,

старазапаветны біблейскі прарок, вучань Ільі (гіст. — прарок, які жыў у Ізраільскім царстве ў 850—800 да н.э.). Паводле Бібліі Е. быў сведкам узнясення Ільі на неба на вогненнай калясніцы, пасля чаго сам набыў здольнасць здзяйсняць цуды.

т. 6, с. 386

ЕЛІСЕ́ЙСКІЯ ПАЛІ́,

1) у старажытнагрэчаскай міфалогіі мясціна шчасця; тое, што Элізіум.

2) Адна з гал. і парадных вуліц Парыжа ў зах. частцы горада, паміж пл. Згоды і пл. Шарля дэ Голя, дзе размешчаны рэзідэнцыя прэзідэнта Францыі (Елісейскі палац), фешэнебельныя магазіны, гасцініцы, рэстараны, кінатэатры і інш.

т. 6, с. 386