ЕЛІСЕ́ЕВІЧЫ,

археалагічная стаянка эпохі палеаліту ў в. Елісеевічы Бранскай вобл. (Расія), на правым беразе р. Судасць. Адкрыў у 1930 К.М.Палікарповіч, даследавалі Л.В.Грэхава і бел. археолагі А.Дз.Будзько і Палікарповіч. У культурным пласце на глыбіні 1,2—1,3 м выяўлена вял. колькасць касцей маманта (чарапы, буйныя трубчастыя косці), верагодна, рэшткі жытлаў ці гасп. пабудоў. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, прылады з касцей маманта, ваўка, ліса, пясца, зайца і інш. жывёл, сусветна вядомыя маст. вырабы з касцей маманта (статуэтка жанчыны, выявы рыб, пласціны са складаным геам. арнаментам). Стаянка датуецца 12 970—17 340 да н.э.

т. 6, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)