ДНІПРО́ВА ЧА́ЙКА (сапр. Васілеўская Людміла Аляксееўна; 1.11.1861, с. Зялёны Яр Мікалаеўскай вобл., Украіна — 13.3.1927),
украінская пісьменніца. Скончыла гімназію ў Адэсе (1879). Майстар інтымнай і грамадз. лірыкі. Аўтар рытмізаваных лірычных мініяцюр, адметных сац. сімволікай, рамант. пафасам і філас. роздумам аб сэнсе жыцця: «Дзяўчына-чайка» (1892), «Скала» (1893), «Буравеснік» (1900), «Плаўні гараць» (1902) і інш. Побыт укр. сялянства і інтэлігенцыі канца 19 — пач. 20 ст. адлюстраваны ў апавяданнях «Знахарка» (1885), «Крыжанос» (1896), «У школе» (1909). Вядома як збіральніца фальклору, перакладчыца.
Тв.:
Вибрані творы. Київ, 1987.
Літ.:
Пінчук В.Г. Дніпрова Чайка. Київ, 1984.
В.А.Чабаненка.
т. 6, с. 170
ДНІ́ШАЎ (Алібек Мусаевіч) (н. 30.7.1951, Алматы),
казахскі спявак (тэнар). Нар. арт. Казахстана (1981), нар. арт. СССР (1986). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1976). З 1976 саліст Каз. філармоніі, з 1978 — Каз. т-ра оперы і балета. Мае моцны голас прыгожага мяккага тэмбру, вял. дыяпазону. Выконвае гал. партыі тэнаровага рэпертуару ў операх класікаў, сучасных айч. і замежных кампазітараў. Сярод іх: Тулеген («Кыз Жыбек» Я.Брусілоўскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі) і інш. У канцэртным рэпертуары неапалітанскія, рус. нар. песні, рамансы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1975), міжнар. конкурсаў імя Р.Шумана (г. Цвікаў, Германія, 1977), вакалістаў у Рыо-дэ-Жанейра (1979). Прэмія Ленінскага камсамола 1979.
т. 6, с. 170