Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДМАНІ́СІ,

руіны горада-крэпасці (пл. 25 га) каля г.п. Дманісі ў Грузіі ў сутоках р. Машавера і Пінезауры. Узнік у эпоху сярэдневякоўя. З 9 ст. Д. валодалі арабы, пасля туркі-сельджукі, выгнаныя ў 1123 Давыдам IV Будаўніком. Росквіт Д. адносіцца да 12—13 ст. Пасля разгрому Д. Цімурам у 14 ст. пачынаецца яго заняпад. Да 18 ст. горад абязлюдзеў. У выніку раскопак (вядуцца з 1936) выяўлены гар. пабудовы, знойдзена кераміка, манеты, прылады працы, зброя, скарб з 25 залатых і сярэбраных упрыгожанняў 12—13 ст.

т. 6, с. 167

ДМАХО́ЎСКІ (Вікенцій) (1805 або 1807, в. Нагародавічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.2.1862),

бел. жывапісец, тэатр. дэкаратар. Бацька мастака У.Дмахоўскага. Вучыўся ў Віленскім ун-це на літ. ф-це, адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма (1826—29).

Удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—37 у эміграцыі, потым жыў у Вільні, у 1855—58 у в. Брацянка каля Навагрудка. Аўтар рамант. пейзажаў «Рака Нерыс каля Верак» (1840), «Радзіма» («Двор у Нагародавічах», 1843), «Пажар у лесе» (1850), «На начлезе» (1854), «Каля пераправы», «Замак і вежа ў Троках», «Від замка ва Урадніках», «Вуліца ў Вільні», «Руіны замка ў Гальшанах», «Замак у Крэве», «Дом Міцкевіча ў Навагрудку» і інш. Сярод жывапісных работ «Аўтапартрэт», «Крыжакі пры асадзе крэпасці Пуня» (1837), «Яўрэйскае вяселле» (1860-я г.). Выканаў акварэлі — віды ваколіц Навагрудка, Вільні, «Сядзіба ў Тутанавічах». У 1850—54 афармляў спектаклі ў Віленскім гар. т-ры («Галька» М.Манюшкі, «Італьянка ў Алжыры» Дж.Расіні, «Фаварытка» Г.Даніцэці і інш.).

Літ.:

Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971;

Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Картинная галерея. Вильнюс, 1969.

В.Дмахоўскі. Аўтапартрэт.
В.Дмахоўскі. Каля пераправы. 1850-я г.

т. 6, с. 167

ДМАХО́ЎСКІ Генрык Міхайлавіч [26.10.1810, Вільня (паводле інш. звестак маёнтак Забалацце Міёрскага р-на Віцебскай вобл.) — 26.5.1863], бел. скульптар, удзельнік рэв. руху на Беларусі, у Літве і Польшчы ў 1830—60-я г. Скончыў Віленскі ун-т (1828). Удзельнік паўстання 1830—31 (у атрадзе В.Пяткевіча). Пасля яго разгрому эмігрыраваў у Францыю, дзе ў 1832—33 з рэв. эміграцыяй рыхтаваў новае паўстанне (т.зв. экспедыцыя Ю.Заліўскага). За рэв. дзейнасць у Галіцыі засуджаны аўстр. ўладамі (1834—41). У 1841—51 вывучаў скульптуру і працаваў як скульптар у Парыжы, з 1851 у ЗША, з 1861 на радзіме. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64 (паўстанскі камісар Дзісенскага пав. і нач. атрада). Загінуў у баі ў в. Парэчча Барысаўскага пав. Стварыў помнікі В.Пяткевічу (1848), героям паўстання 1848 у Познані (1849), жонцы ў Філадэльфіі, Б.Радзівіл, рэльеф Ю.Заліўскага, бюсты Т.Касцюшкі, К.Пуласкага, Т.Джэферсана (для кангрэса ЗША), Т.Дзялынскага (Познань), У.Сыракомлі (Вільня), гісторыка М.Балінскага, статую св. Уладзіслава, скульпт. групу «Гарыбальдзі з воінамі», медаль «Апафеоз Т.Касцюшкі», медальён з сілуэтамі павешаных дзекабрыстаў і інш.

Літ.:

Кісялёў Г Адысея паўстанца-скульптара // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.В.Кісялёў.

Г.М.Дмахоўскі.

т. 6, с. 168

ДМАХО́ЎСКІ (Уладзіслаў Вікенцьевіч) (1841, Вільня — ?),

бел. жывапісец. Сын мастака В.Дмахоўскага. Вучыўся ў бацькі і ў Варшаве. З 1875 выкладаў маляванне ў гімназіях (Чанстахова, Польшча). З канца 1870-х г. жыў і працаваў у маёнтку Нагародавічы (Дзятлаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Сярод твораў жанравыя карціны («Рамізнік», «Паштовая станцыя», «На начлезе»), акварэлі («У Вільню на карнавал» і інш.), у якіх паказана жыццё дробнамаянтковай шляхты. Удзельнічаў у дэкар. афармленні Марыяцкага касцёла ў Кракаве.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

т. 6, с. 168

ДМАХО́ЎСКІ (Фадзей Уладзіслававіч) (1858, каля г. Пінск — ?),

бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1873—77), у Кракаве ў Я.Матэйкі. У 1907 выкладаў арнаментыку ў Вышэйшай школе заахвочвання мастацтваў у Пецярбургу. Пісаў кампазіцыі на гіст. тэмы і пейзажы («Прысяга князя», «Лясная глуш»). Аўтар серыі малюнкаў гербаў бел. гарадоў для «Гербоўніка літоўскага», які публікаваўся ў пач. 20 ст. ў віленскіх час. «Kwartalnik Litewski» («Квартальнік літоўскі») і «Litwa i Rus» («Літва і Русь»). Вядома яго графічная серыя партрэтаў польскіх каралёў (Леха, Крака, Мешкі II, Пяста і інш.), гіст. асоб (Т.Касцюшкі, Напалеона) і дзеячаў культуры (А.Міцкевіча і інш.).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Л.Н.Дробаў.

т. 6, с. 168