ГЁЗЫ
(галанд. geuzen ад франц. gueux жабракі),
1) мянушка ўсіх праціўнікаў ісп. панавання ў Нідэрландах у час Нідэрл. рэвалюцыі 1566—1609. Напачатку гёзы (ад беднай вопраткі сельскіх дваран) называлі членаў Саюза дваран (створаны апазіц. нідэрл. знаццю ў 1563 з мэтай абароны «законнымі сродкамі» паліт. і рэліг. вольнасцей краіны), якія 5.4.1566 уручылі ў Бруселі сваю петыцыю ісп. намесніцы, потым мянушка пашырана і на нідэрл. партызан, якія на сушы (лясныя гёзы) і на моры (марскія гёзы) вялі ўзбр. барацьбу супраць ісп. войск і іх памагатых. Пасля заняцця марскімі гёзамі порта Брыл (1.4.1572) паўсталі Флісінген, Феер, Арнемёйдэн, Энкхёйзен і інш. гарады.
2) Мянушка прадстаўнікоў ліберальнай апазіцыі ў Бельгіі ў 19 ст.
т. 5, с. 211