ГЯЧЭ́ВІЧ
(Гечан-Гячэвіч) Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч; 5.4.1770—19.3.1840),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. З 1788 крайчы Вілейскага ваяводства, з 1791 член цывільна-вайск. парадкавай камісіі ваяводства (з 1792 старшыня яго аддзялення). З 1795 на царскай службе: засядацель земскіх судоў, падкаморы Вілейскага пав. і інш. Займаўся размежаваннем Мінскай і Віленскай губ. З 25.10.1816 мінскі віцэ-губернатар, з 31.12.1818 мінскі цывільны губернатар. Тайны саветнік (1831). 26.2.1831 прызначаны сенатарам.
У.П.Крук.
т. 5, с. 555
ГЯЧЭ́ВІЧ Іпаліт Вікенцьевіч
(1800 — 46),
удзельнік паўстання 1830—31. Сын В.Гячэвіча. Валодаў маёнткамі Вязынь і Ізабелін у Вілейскім пав. Служыў у Мінскай казённай палаце. З 1826 маршалак шляхты Вілейскага пав. У крас. 1831 узначаліў павятовы паўстанцкі камітэт, які на кароткі тэрмін устанавіў кантроль над паветам. Пасля заняцця Вілейкі казакамі хаваўся ў сваякоў, потым арыштаваны і зняволены ў крэпасць. У вер. 1832 вызвалены пад нагляд паліцыі, але ў хуткім часе высланы ў Варонеж. Вярнуўся на радзіму ў 1837.
У.П.Крук.
т. 5, с. 555