Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БРЫ́ТЭН ((Britten) Эдвард Бенджамін) (22.11.1913, г. Лоўстафт, Вялікабрытанія — 4.12.1976),

англійскі кампазітар, піяніст, дырыжор, адзін з буйнейшых кампазітараў 20 ст. З яго творчасцю звязана адраджэнне англ. муз. т-ра. Вучыўся (1929—33) у Каралеўскім муз. каледжы ў Лондане. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнік т.зв. Англ. опернай трупы, малой опернай трупы лонданскага т-ра «Ковент-Гардэн» (з 1947). Аўтар 11 опер, у т. л. «Пітэр Граймс» (1945), «Альберт Херынг» (1947), «Сон у летнюю ноч» (1960), «Блудны сын» (прысвечана Дз.Шастаковічу, 1968), дзіцячай «Маленькі камінар, або Давайце ставіць оперу» (1949), балета «Прынц пагад» (1957). Найб. дасягненні Брытэна ў галіне камернай оперы («Паварот вінта», 1954, і інш.). Яго сцэн. музыка вылучаецца своеасаблівасцю, вастрынёй драм. калізій, глыбінёй псіхал. характарыстык. Муз. стыль адметны спалучэннем традыцый 17—18 ст. (Г.​Пёрсел, І.​С.​Бах і інш.) і сучасных муз. сродкаў (араторыя «Ваенны рэквіем», 1961). Сярод інш. твораў: вак.-сімф. — «Балада аб героях» (1939), «Кантата міласэрнасці» (1963) і інш.; для арк. — «Варыяцыі на тэму Фрэнка Брыджа», «Сімфонія-рэквіем», 1940; сімфаньета для камернага складу (1932); канцэрты, сімфонія для віяланчэлі з арк. (прысвечана М.Растраповічу, 1963); камерна-інстр. і вак. — песенныя цыклы, у т. л. «7 санетаў Мікеланджэла», 1940; на сл. Пушкіна, прысвечаны Г.Вішнеўскай (1965), і інш.; апрацоўкі нар. песень, музыка для драм. т-ра, кіно, радыё. Выступаў як акампаніятар са спеваком П.Пірсам.

Тв.:

The story of music. London, 1958 (разам з І.​Холст).

Э.Б.Брытэн.

Літ.:

Таурагис А. Бенжамин Бриттен. М.; Л., 1965;

Ковнацкая Л. Бенджамин Бриттен. М., 1974;

White E.W. B.Britten. His life and operas. 2 ed. Berkeley, 1983.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 3, с. 279

БРЫ́ЎЗЕМНІЕК (Brīvzemnieks; сапр. Трэйланд) Фрыціс

(1.11.1846, воласць Ракайжы, Латвія — 15.9.1907),

латышскі фалькларыст, публіцыст, паэт. Доўга жыў у Маскве. У 1870-я г. па заданні Рускага т-ва антрапалогіі і этнаграфіі правёў экспедыцыю ў Латвію і склаў першыя на рус. мове навук. зб-кі лат. нар. песень («Зборнік антрапалагічных і этнаграфічных матэрыялаў», 1873), прыказак і прымавак («Матэрыялы па этнаграфіі латышскага племя», 1881), казак і паданняў («Латышскія казкі. Зб. матэрыялаў па этнаграфіі», 1887), а таксама першы на лат. мове зборнік казак («Нашы народныя казкі», 1887). Пісаў вершы. Перакладаў на лат. мову творы рус. пісьменнікаў, Ф.​Шылера. Аўтар кнігі пра М.​Ламаносава (1874).

Тв.:

Raksti. Sēj. 1—4. Rīga, 1909—14.

В.​Гудрыке.

т. 3, с. 279

БРЫ́ЦА (Echinochloa),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, часткова ва ўмерана цёплых краінах зямнога шара. На Беларусі як пустазелле, таксама каля дарог і па берагах рэк трапляецца брыца звычайная, або курынае проса (E. crusgalli), зрэдку — яе занесеная разнавіднасць брыца асцюковая (E. Crusgalli var. aristata).

Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным голым і гладкім простым сцяблом (саломінай) і валасніковістым коранем. Лісце лінейнае або лінейна-ланцэтнае, плоскае. Каласкі з адной двухполай кветкай, звычайна ў густых аднабаковых мяцёлках. Плод — сціснутая з аднаго боку зярняўка. Харч. (з насення атрымліваюць крупы) і кармавыя расліны, некаторыя віды — пустазелле.

Брыца звычайная.

т. 3, с. 279

БРЫ́ЧКА, тарантас,

выязны чатырохколавы экіпаж для коннай запрэжкі, прыстасаваны для камфортнай пасажырскай язды. Кузаў быў звычайна адкрыты, больш нізкі ў сярэдняй частцы, з падножкамі для пасадкі, козламі для вазніцы, сядзеннем для пасажыраў. З’явілася ў Зах. Еўропе ў 17 ст., на Беларусі пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. (ёю карысталася пераважна шляхта і заможныя сяляне). З шырокага ўжытку выйшла ў 1930—40-я г.

т. 3, с. 279

БРЫЧО́НАК (Роберт Іванавіч) (17.11.1893, г. С.-Пецярбург — 5.2.1972),

генерал-лейтэнант артылерыі (1945). Беларус. Скончыў тэхн. (1912) і кавалерыйскае (1915) вучылішчы. У Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Волхаўскім, Ленінградскім, 4-м Укр. франтах: нач. артылерыі дывізіі, камандуючы артылерыяй арміі. У 1946—53 нач. артыл. вучылішча.

т. 3, с. 279

БРЫШ (Аркадзь Адамавіч) (н. 14.5.1917, Мінск),

савецкі вучоны ў галіне прыладабудавання. Д-р тэхн. н. (1958), праф. (1965). Герой Сац. Працы (1983). Скончыў БДУ (1940). З 1941 у Ін-це хіміі АН БССР, з 1944 у навук. установах Масквы, з 1964 гал. канструктар Усерас. НДІ аўтаматыкі. Навук. працы па выбуховых працэсах і ўзбуджэнні дэтанацыі, па распрацоўцы спец. метадаў даследавання хуткапераменных працэсаў і нейтронным ініцыіраванні атамных зарадаў. Дзярж. прэмія СССР 1955, Ленінская прэмія 1960.

Літ.:

Военные судьбы: Сотрудники АН Беларуси — участники Великой Отеч. войны. Мн., 1995. С. 16.

М.​У.​Токараў.

А.А.Брыш.

т. 3, с. 279

БРЫЯЛО́ГІЯ (ад грэч. bryon мох + ...логія),

раздзел батанікі, які вывучае мохападобныя.

Узнікла ў канцы 18 ст., як навука сфарміравалася ў 19 ст. (І.​Гедзвіг, С.​Эндліхер і інш.). Уклад у яе развіццё зрабілі працы вучоных аўстр. Р.​Ветштайна, ням. М.​Фляйшэра, К.​Гёбеля, амер. Р.​М.​Шустэра, Б.​К.​Стотлера, рус. К.​І.​Меера, Б.​М.​Коза-Палянскага, укр. Дз.​К.​Зярова і інш.

На Беларусі вывучэнне відавога складу мохападобных пераважна Зах. Беларусі і Палесся пачалі ў канцы 19 — пач. 20 ст. А.​М.​Алексенка, К.​Шафнагель, Я.​Сепесфальві, У.​С.​Дактуроўскі і інш. Больш шырока і мэтанакіравана брыяфлору ў 1920-я г. даследавалі Л.​І.​Савіч-Любіцкая і інш., у 1930-я г. — С.​М.​Цюрэмнаў, А.​П.​Підоплічка, А.​С.​Лазарэнка. З 1960-х г. даследаванні па Б. вядуць пераважна ў Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Вывучаецца відавы склад і дынаміка флоры мохападобных, асаблівасці іх эколага-цэнатычнага размеркавання і геагр. пашырэння. Упершыню распрацавана цэласная канцэптуальная мадэль паходжання і эвалюцыі мохападобных з часу ўзнікнення пачатковых археганіятаў (Г.​Ф.​Рыкоўскі). Створана брыятэка з 20 тыс. узораў мохападобных. Звесткі Б. выкарыстоўваюць пры вызначэнні лесамеліярац. фонду, ступені парушэння біяцэнозаў, забруджвання навакольнага асяроддзя, пры выкананні мерапрыемстваў па аптымізацыі ландшафтаў, перспектыўныя пры стварэнні замкнёных сістэм жыццезабеспячэння.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

т. 3, с. 280

БРЫЯ́Н ((Briand) Арыстыд) (28.3.1862, г. Нант, Францыя — 7.3.1932),

дзяржаўны дзеяч Францыі, дыпламат. Адвакат па адукацыі. З 1880-х г. удзельнік сацыяліст. руху. У 1902 абраны ў парламент. У 1906 увайшоў у склад урада, за што быў выключаны з Сацыяліст. партыі. У 1909—31 займаў пост прэм’ер-міністра 11 разоў і міністра замежных спраў 17 разоў. Пасля 1-й сусв. вайны праводзіў палітыку раззбраення і бяспекі. У 1909—31 выступаў за «прымірэнне» з Германіяй. Адзін з ініцыятараў Лакарнскай канферэнцыі 1925, Келага—Брыяна пакта 1928, праекта стварэння «Пан-Еўропы». Нобелеўская прэмія міру 1926 (разам з Г.Штрэземанам).

т. 3, с. 280

БРЫЯНШО́НА ТЭАРЭ́МА,

тэарэма праектыўнай геаметрыі, якая сцвярджае, што ў кожным шасцівугольніку, акрэсленым вакол канічнага сячэння — эліпса (у прыватнасці, акружнасці), гіпербалы, парабалы, прамыя, якія злучаюць 3 пары процілеглых вяршыняў, праходзяць цераз адзін пункт. Даказана франц. матэматыкам Ш.​Брыяншонам (1806). Цесна звязана з Паскаля тэарэмай, разам з якой устанаўлівае асн. праектыўныя ўласцівасці канічных сячэнняў.

Да арт. Брыяншона тэарэма.

т. 3, с. 280

БРЭГ (Bragg),

англійскія фізікі, бацька і сын. Заснавальнікі рэнтгена-структурнага аналізу. Упершыню выкарысталі дыфракцыю рэнтгенаўскіх прамянёў у крышталях для выяўлення характарыстык гэтых прамянёў і для расшыфроўкі структуры крышталёў (1913). Нобелеўская прэмія 1915.

Уільям Генры (2.7.1862, Уігтан, графства Камбрыя, Вялікабрытанія — 12.3.1942), член (1906) і прэзідэнт (1935—40) Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1886 праф. Адэлаідскага ун-та ў Аўстраліі, з 1909 у Лідсе, з 1915 у Лондане. Аўтар шэрагу навук-папулярных кніг.

Уільям Лорэнс (31.3.1890, г. Адэлаіда, Аўстралія — 1.7.1971), член Лонданскага каралеўскага т-ва (1921). Вучыўся ў Адэлаідскім і Кембрыджскім ун-тах. У 1919—37 праф. ун-та ў Манчэстэры, 1937—38 дырэктар Нац. фіз. лабараторыі, 1954—66 дырэктар Каралеўскага ін-та ў Кембрыджы. У 1913 адначасова з Г.​В.​Вульфам даў ураўненне, якое звязвае вугал адхілення рэнтгенаўскіх прамянёў, рассеяных крышталём без змены даўжыні хвалі, з адлегласцю паміж суседнімі атамнымі плоскасцямі ў крышталі (гл. Брэга—Вульфа ўмовы), практычна ажыццявіў указаны У.​Г.​Брэгам спосаб вызначэння структур пры дапамозе радоў Фур’е, вызначыў структуры шматлікіх сілікатаў.

Тв.:

Рус. пер. — Рентгеновские лучи и строение кристаллов. М.; Л., 1929;

Дифракция электронов. Л., 1936.

т. 3, с. 280