БРЭ́ЙДА-ФІЁРД
(Breiðafjörður),
заліў Атлантычнага ак. каля берагоў Ісландыі. Даўж. 124 км, шыр. 72 км, глыб. 50—100 м. Парты — Сандур і Стыкісхоўльмур.
т. 3, с. 282
БРЭКВА́ТЭР
(англ. breakwater),
устарэлая назва хвалялома.
т. 3, с. 282
БРЭ́КЧЫЯ
(італьян. breccia),
сцэментаваная абломкавая горная парода, складзеная з вуглаватых абломкаў розных парод (памерам 1 см і больш). Брэкчыі адрозніваюць па генезісе (асадкавыя, вулканічныя, тэктанічныя, апоўзневыя і інш.) і памерах (глыбавыя — больш за 100 см, буйна-, сярэдне- і дробнаабломкавыя — 100—10 см і інш.).
т. 3, с. 282
БРЭМ (Brehm) Альфрэд Эдмунд
(2.2.1829, Рэнтэндорф, зямля Цюрынгія, Германія — 11.11.1884),
нямецкі заолаг, асветнік. Вучыўся ў Іенскім ун-це. Дырэктар Гамбургскага заапарка (1863—66), заснавальнік Берлінскага акварыума (1867). У час вандраванняў па Егіпце, Нубіі, Судане, Абісініі, Іспаніі, Нарвегіі, Зах. Сібіры сабраў грунтоўны матэрыял па біялогіі жывёл і абагульніў яго ў папулярным дапаможніку па заалогіі «Жыццё жывёл» (т. 1—6, 1863—69), дзе апісаў жыццё і характары жывёл.
т. 3, с. 282
БРЭ́МЕН
(Bremen),
зямля (адм. адзінка) на Пн ФРГ. Складаецца з гарадоў Брэмен (адм. ц., пл. 326,7 км²) і Брэмергафен (пл. 77,5 км²), агульная пл. 404 км², нас. 683,1 тыс. чал. (1994). Абкружаны тэрыторыяй зямлі Ніжняя Саксонія, з якой адміністрацыйна вылучаны ў 1949. Рэльеф раўнінны. Клімат марскі. Разнастайная прам-сць цесна звязана з партовай гаспадаркай абодвух гарадоў.
т. 3, с. 283
БРЭ́МЕН
(Bremen),
горад на Пн ФРГ. Адм. ц. і асн ч. зямлі (адм. адзінкі) Брэмен. 551,6 тыс. ж. (1994). Буйны марскі порт на р. Везер за 130 км ад яе ўпадзення ў Паўн. м. Імпарт бавоўны, шэрсці, джуту, тытуню, кавы, збожжа, садавіны, лесаматэрыялаў, нафты, руд, экспарт прамысл. вырабаў, коксу, калійных солей. Чорная металургія, судна- і авіябудаванне, суднарамонт, нафтаперапрацоўка; эл.-тэхн. і радыёэлектронная, аэракасм., хім., тэкст., дрэваапр., харчасмакавая (перапрацоўка кавы, тытуню, збожжа, чаю, піваварэнне) прам-сць. Ун-т. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 11—17 ст., у т. л. кафедральны сабор 11—13 ст., ратуша 1405—10.
У 787 утворана біскупства Брэемн (з 845 архібіскупства Гамбург-Брэмен). У 1186 Брэмен атрымаў ад герм. караля Фрыдрыха І Барбаросы гар. правы. З 1358 чл. Ганзы, з 1646 вольны імперскі горад. У 1815—1933 вольны горад. У 2-ю сусв. вайну база ВМФ фаш. Германіі, разбураны. З 1949 цэнтр аднайм. зямлі ФРГ.
т. 3, с. 283
БРЭ́МЕРГАФЕН
(Bremerhaven),
горад на Пн ФРГ, у зямлі Брэмен. Горад з 1851. 131,5 тыс. ж. (1994). Аванпорт г. Брэмен пры ўпадзенні р. Везер у Паўн. м. Адзін з гал. пасажырскіх і рыбалоўных партоў краіны. Увоз жал. руды, кантэйнерны тэрмінал. Суднабудаванне і суднарамонт, эл.-тэхн., хім. прам-сць. Рыбаперапрацоўка. Марскі арсенал. Музеі.
т. 3, с. 283
БРЭ́МСБЕРГ
(ням. Bremsberg),
1) падземная нахіленая горная выпрацоўка, якая не мае выхаду на паверхню і прызначана для спуску грузаў з гарызонту, які ляжыць вышэй, на той, што ляжыць ніжэй, пры дапамозе мех. прыстасаванняў (найчасцей канвеерных установак).
2) Прыстасаванне (пераважна шкіў з канатам і 2 ваганеткамі) для спуску грузаў па нахіленай плоскасці пры лясных, буд. і інш. работах.
т. 3, с. 283
БРЭН Келясцін Іванавіч
(каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875),
бел. краязнавец, фалькларыст, этнограф. Скончыў Брэсцкае 6-класнае вучылішча, Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). З 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губ. У працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета...» (нап. 1856; зберагаецца ў архіве Геагр. т-ва Рас. Федэрацыі ў С.-Пецярбургу) адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларусаў на тэр. Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных; пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Частка фалькл. матэрыялу змешчана ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гасп. пабудоў і іх планы. У параўнальным плане пададзены штодзённы побыт беларусаў і мазураў, адметнае і аднолькавае ў іх культурах.
Літ.:
Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa, 1988.
М.С.Лобач.
т. 3, с. 283
БРЭ́НА Вікенцій Францавіч
(1745, г. Фларэнцыя, Італія — 17.5.1820),
мастак-дэкаратар і архітэктар. Італьянец па паходжанні, працаваў у Польшчы (1780—83) і Расіі (1783—1802). У 1790-я г. надбудоўваў галерэі і афармляў інтэр’еры палаца ў Паўлаўску, часткова перабудоўваў палацы ў Гатчыне і Пецярбургу (Каменнавостраўскі палац), па-новаму апрацаваў іх інтэр’еры. Лепшы яго твор — Румянцаўскі абеліск на Марсавым полі (1798—99; цяпер каля будынка АМ у С.-Пецярбургу). У 1797—1800 па праекце В.Бажэнава будаваў Міхайлаўскі (інжынерны) замак у Пецярбургу.
т. 3, с. 283