БРЫ́ТЭН

(Britten) Эдвард Бенджамін (22.11.1913, г. Лоўстафт, Вялікабрытанія — 4.12.1976),

англійскі кампазітар, піяніст, дырыжор, адзін з буйнейшых кампазітараў 20 ст. З яго творчасцю звязана адраджэнне англ. муз. т-ра. Вучыўся (1929—33) у Каралеўскім муз. каледжы ў Лондане. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнік т.зв. Англ. опернай трупы, малой опернай трупы лонданскага т-ра «Ковент-Гардэн» (з 1947). Аўтар 11 опер, у т. л. «Пітэр Граймс» (1945), «Альберт Херынг» (1947), «Сон у летнюю ноч» (1960), «Блудны сын» (прысвечана Дз.Шастаковічу, 1968), дзіцячай «Маленькі камінар, або Давайце ставіць оперу» (1949), балета «Прынц пагад» (1957). Найб. дасягненні Брытэна ў галіне камернай оперы («Паварот вінта», 1954, і інш.). Яго сцэн. музыка вылучаецца своеасаблівасцю, вастрынёй драм. калізій, глыбінёй псіхал. характарыстык. Муз. стыль адметны спалучэннем традыцый 17—18 ст. (Г.Пёрсел, І.С.Бах і інш.) і сучасных муз. сродкаў (араторыя «Ваенны рэквіем», 1961). Сярод інш. твораў: вак.-сімф. — «Балада аб героях» (1939), «Кантата міласэрнасці» (1963) і інш.; для арк. — «Варыяцыі на тэму Фрэнка Брыджа», «Сімфонія-рэквіем», 1940; сімфаньета для камернага складу (1932); канцэрты, сімфонія для віяланчэлі з арк. (прысвечана М.Растраповічу, 1963); камерна-інстр. і вак. — песенныя цыклы, у т. л. «7 санетаў Мікеланджэла», 1940; на сл. Пушкіна, прысвечаны Г.Вішнеўскай (1965), і інш.; апрацоўкі нар. песень, музыка для драм. т-ра, кіно, радыё. Выступаў як акампаніятар са спеваком П.Пірсам.

Тв.:

The story of music. London, 1958 (разам з І.Холст).

Літ.:

Таурагис А. Бенжамин Бриттен. М.; Л., 1965;

Ковнацкая Л. Бенджамин Бриттен. М., 1974;

White E.W. B.Britten. His life and operas. 2 ed. Berkeley, 1983.

Л.А.Сівалобчык.

т. 3, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)