БРЫ́ЦА

(Echinochloa),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных, часткова ва ўмерана цёплых краінах зямнога шара. На Беларусі як пустазелле, таксама каля дарог і па берагах рэк трапляецца брыца звычайная, або курынае проса (Е. crusgalli), зрэдку — яе занесеная разнавіднасць брыца асцюковая (Е. Crusgalli var. aristata).

Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным голым і гладкім простым сцяблом (саломінай) і валасніковістым коранем. Лісце лінейнае або лінейна-ланцэтнае, плоскае. Каласкі з адной двухполай кветкай, звычайна ў густых аднабаковых мяцёлках. Плод — сціснутая з аднаго боку зярняўка. Харч. (з насення атрымліваюць крупы) і кармавыя расліны, некаторыя віды — пустазелле.

т. 3, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)