Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗВЯЗДА́,

рухомая шматпрамянёвая асветленая знутры зорка на кіі, з якой хадзілі т.зв. звездары; атрыбут каляднай абраднасці. Да каркаса са знешняга боку прымацоўвалі пруткі і злучалі іх папарна так, што атрымліваліся промні (рогі З.). Канструкцыю абклейвалі паперай, аздаблялі рознакаляровымі выцінанкамі, палосамі фігурна выразанай паперы або фольгі. З. мела 5, 8, 16 промняў, якія заканчваліся пышнымі пампонамі з паперы рознага колеру. Цэнтр. асветленую нерухомую частку яе (у рух прыводзіліся толькі промні) займаў малюнак або абраз на біблейскую тэму. Звычай нашэння З. на Беларусі быў пашыраны да 1920—30-х г.

М.А.Каладзінскі, М.Ф.Раманюк.

Хлопчык з каляднай звяздой. Вёска Капылы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.

т. 7, с. 43

«ЗВЯЗДА́ ПРАСВЕ́ТЛАЯ»,

помнік перакладной стараж.-бел. л-ры, зборнік легенд, звязаных з культам дзевы Марыі. Як сведчыць адзін са спісаў, на рус. мову перакладзены з бел. тэксту «прасталюдзінам Мікітам» у Маскве ў 1668. Помнік зах.-еўрап. паходжання, але арыгінал (лац. ці польскі) не знойдзены. У зборніку 15 раздзелаў, прысвечаных апавяданням пра цуды Багародзіцы. 15-ы раздзел, што адсутнічаў у бел. арыгінале, складзены з рус. паданняў пра абразы і выпісак з інш. зб-каў.

т. 7, с. 43

ЗВЯ́ЗКА,

дзеяслоў са страчаным ці аслабленым лексічным значэннем, які ўваходзіць у састаўны выказнік як службовае слова. Выражае сувязь іменнай часткі выказніка з дзейнікам, У сучаснай бел. мове ёсць З. незнамянальныя («быць», «з’яўляцца»), паўзнамянальныя («станавіцца», «рабіцца», «выглядаць», «здавацца»), знамянальныя («ісці», «хадзіць». «прачынацца», «сядзець», «спыняцца»).

т. 7, с. 43

ЗВЯ́ЗКІ ў жывёл і чалавека,

валакністыя злучальнатканкавыя ўтварэнні (пучкі, цяжы, пласціны), што злучаюць косці шкілета і іх часткі ці асобныя органы. Размешчаны пераважна ў вобласці суставаў. Функцыі З.; павышаюць трываласць змацавання касцей (умацавальныя З.), абмяжоўваюць амплітуду руху (тармазныя З.) ці накіроўваюць рух (накіравальныя З.). У некат. суставах З. выконваюць ролю т.зв. пасіўных зацяжак, аслабленне іх выклікае парушэнне статычных функцый (расцяжэнне З.). У тоўшчы некат. З. праходзяць асн. крывяносныя сасуды, што жывяць косць. З. называюць таксама дублікатуры і лісткі серозных абалонак (брушыны, плеўры і інш.), што злучаюць органы са сценкамі поласцей цела ці паміж сабой. Пра галасавыя З. гл. ў арт. Галасавы апарат.

т. 7, с. 43

ЗВЯРКО́ Міхаіл Мартынавіч

(27.1.1930, г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 1989),

бел. майстар маст. керамікі. Працаваў ганчаром на Івянецкай ф-цы маст. керамікі (з 1955). Стварыў шэраг арыгінальных маст. твораў, а таксама ўзораў керамічных вырабаў для масавай вытв-сці. Прадаўжаў і развіваў мясц. традыцыі вырабу ганчарнага быт. посуду, аздобленага фляндроўкай, фігурных ляпных пасудзін у выглядзе зуброў, мядзведзяў, ільвоў, бараноў і інш., цацкі. Арыгінальнасцю ганчарнай пластыкі, дасціпнасцю вырашэння вызначаецца дробная скульптура ў выглядзе фігурак людзей і цэлых кампазіцый на быт. і фальклорныя тэмы: «Вяселле» (1970), «Івянецкія ганчары» (1975), «Царскі генерал» (1976), «Чырвонаармеец» (1978) і інш.

Я.М.Сахута.

М.Звярко. Леў. 1976.

т. 7, с. 43

ЗВЯРКО́Ў Яфрэм Іванавіч

(н. 1.2.1921, с. Несцерава Цвярской вобл., Расія),

рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1981). Чл.-кар. АМ СССР (1975). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т (1953). Аўтар жанравых карцін («Каруначніцы», 1964, «Белая ноч. Вяселле», 1967, і інш.). Асн. месца ў творчасці займае лірычны пейзаж, прысвечаны прыродзе сярэднярускай паласы і Поўначы: «Сіні дзень» (1965), «Кроплі дажджу», «Паўночная вясна» (абодва 1969), «Зімовае сонца» (1971), «Цішыня», «Блакітны красавік» (абодва 1972) і інш.

Я.Звяркоў. Зімовае сонца. 1971.

т. 7, с. 43

ЗВЯРО́ВІЧ Эдмунд Іванавіч

(н. 30.12.1936, станіца Нова-Уладзіміраўская Краснадарскага краю, Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1973), праф. (1977). Скончыў Растоўскі ун-т (1960). З 1975 у БДУ. Навук. працы па сінгулярных інтэгральных ураўненнях, тапалогіі паверхняў, тэорыі пругкасці і электрадынаміцы. Пабудаваў тэорыю краявых задач для аналіт. функцый на рыманавых паверхнях. Рашыў у найб. агульнай пастаноўцы ўсе асн. двухэлементныя краявыя задачы.

Тв.:

Двухэлементные краевые задачи и методы локально-конформного склеивания // Сибирский мат. журн. 1973. Т. 14, № 1.

П.М.Бараноўскі.

т. 7, с. 43

ЗВЯРУ́ГА Яраслаў Генрыхавіч

(н. 4.9.1928, г.п. Мядзел Мінскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1971). Скончыў БДУ (1953). У 1947—64 працаваў ва ўстановах нар. асветы, з 1966 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследаваў стараж. гарады Ваўкавыск, Гродна, Здзітаў, Ліду, Слонім, Турыйск, гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі Беларусі. Вывучае славяна-балцкія кантакты ў раннім сярэдневякоўі. Аўтар прац «Старажытны Ваўкавыск X—XIV стст.» (1975), «Верхняе Панямонне ў IX—XIII стст.» (1989), укладальнік і навук. рэдактар кнігі «Памяць». Гіст.-дакумент. хроніка Мядзельскага раёна» (1998). Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Кіеў і заходнія землі Русі ў IX—XIII стст.» (1982), «Беларуская археалогія» (1987) і інш.

т. 7, с. 44

ЗВЯРЫ́,

гл. Млекакормячыя.

т. 7, с. 44

ЗВЯРЫ́НАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 32 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,26 км2, даўж. 1,4 км, найб. шыр. 260 м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі каля 4,8 км. Пл. вадазбору 2,1 км2. Схілы катлавіны выш. 1—3 м, параслі лесам. Берагі пераважна пясчаныя, на Пн сплавінныя. Пойма шыр. 5—15 м, пад лесам. У паўд. ч. востраў пл. 0,4 га. Дно сапрапелістае, мелкаводдзе пясчанае. На ПдЗ выцякае р. Звярынка.

т. 7, с. 44