Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗВАРО́ТНЫ ТЫФ,

вострая інфекцыйная хвароба з групы тыфаў, якая выклікаецца спірахетамі. Перадаецца насякомымі-крывасмокамі (вошамі і кляшчамі). Адрозніваюць вошавы і кляшчовы. Найчасцей бывае эпідэмічны (еўрапейскі вошавы). Узбуджальнік яго — спірахета, адкрытая ням. урачом О.Обермаерам у 1868. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Прыкметы: чаргуюцца прыступы дрыжыкаў, т-ры да 41 °C, болі ў крыжы, мышцах, суставах (4—7 дзён) з перыядамі (7—15 дзён) без ліхаманкі. Ускладненні: крывацёк, інфаркт або разрыў селязёнкі, калапс, міякардыядыстрафія. Лячэнне тэрапеўтычнае. Эпідэмічны З.т. на Беларусі і Расіі ліквідаваны ў 1940-я г.

т. 7, с. 37

ЗВАРО́Т МЕТА́ЛАЎ,

працэс частковага аднаўлення структурнай дасканаласці і ўласцівасцей дэфармаваных металаў і сплаваў пры іх награванні ніжэй за т-ру рэкрышталізацыі. З.м. уключае адпачын металаў і поліганізацыю (пач. стадыю рэкрышталізацыі). Выкарыстоўваецца для павышэння пластычнасці накляпаных матэрыялаў і тэрмічнай стабільнасці іх структуры.

т. 7, с. 37

ЗВАРТНО́Ц,

помнік раннесярэдневяковай арм. архітэктуры. Храм пабудаваны ў 641—661 каля г. Эчміядзіна. Руіны З. выяўлены раскопкамі ў 1901—07. Захаваліся камяні падмурка, арх. абломы, калоны. Уяўляў сабой круглае 3-яруснае купальнае збудаванне, унутры — тэтраконх з абходнай галерэяй. Фасады былі аздоблены аркатурай, разьбой, рэльефамі, інтэр’ер — мазаікай і размалёўкай. Стаў прататыпам шэрагу наступных арх. пабудоў.

Рэшткі храма Звартноц.

т. 7, с. 37

ЗВАРЫ́КІНА Кіра Аляксееўна

(н. 29.9.1919, г. Мікалаеў, Украіна),

бел. шахматыстка. Засл. майстар спорту (1957), міжнар. гросмайстар (1977). Скончыла Ленінградскі ін-т кінаінжынераў (1943). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве (1957, 1963). Віцэ-чэмпіёнка свету ў асабістым першынстве (1959). Чэмпіёнка СССР у асабістым першынстве (1951, 1953, 1956—58). У 1968—70 старшыня федэрацыі шахмат Беларусі.

т. 7, с. 37

ЗВЕЗДАРЫ́,

група вясковай моладзі, якая паводле старадаўняга звычаю на Каляды хадзіла ад хаты да хаты з песнямі, скокамі, гульнямі і насіла на кіі асветленую знутры зорку — звязду. Нашэнне звязды суправаджалася калядаваннем, паказам «Казы», «Мядзведзя», «Жорава», «Кабылы», «Цыганоў», батлейкі, скамарохаў. З. ў суправаджэнні калядоўшчыкаў спявалі калядныя песні, што вызначаліся святочна-прыўзнятым, гулліва-гумарыстычным настроем і ў якіх выказваліся пажаданні дабра і заможнасці гаспадарам хаты, за што гаспадары частавалі З. і адорвалі.

Звездары з в. Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл. 1904.

т. 7, с. 37

ЗВЕЗДАЧО́ТАЎ Мікалай Пятровіч

(27.11.1904, г. Пенза, Расія — 8.1.1985),

бел. акцёр. Нар. артыст Беларусі (1944). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1929). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа (да 1977). Створаныя ім вобразы вызначаліся цэльнасцю, сац. акрэсленасцю, сцэнічнай выразнасцю і дакладнасцю: Алесь («Вайна вайне» Я.Коласа), Незнаёмы («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Ягор Булычоў, Сацін («Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага). Сярод камедыйных роляў Трахім Сініца («Прымакі» Я.Купалы), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), з класічнага рэпертуару Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Нешчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага), Клаўдзій («Гамлет» У.Шэкспіра) і інш.

М.П.Звездачотаў.
М.Звезлачотаў у ролі Ягора Булычова.

т. 7, с. 37

«ЗВЕ́ННІ»

(«Звенья»),

аб’яднанне рус. пісьменнікаў у БССР у 1925—28. Утворана з рус. секцыі «Маладняка». Уваходзілі Мінская, Віцебская, Полацкая і Магілёўская групы, пісьменнікі М.Гольдберг, Р.Лахматы (Р.Кобец), С.Пілітовіч, Я.Садоўскі і інш. Арганізоўвала літ. вечары ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Гомелі, стварала літ. групы і студыі, праводзіла кансультацыі для творчай моладзі, наладжвала сувязі з літ. аб’яднаннямі Масквы, запрашала для выступленняў паэтаў з РСФСР. Выдала альманах «Звенья» (1926). У 1928 яе чл. ўвайшлі ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў як рус. секцыя.

К.Р.Хромчанка.

т. 7, с. 38

ЗВЕРАБО́Й,

кветкавая расліна, тое, што святаяннік.

т. 7, с. 38

ЗВЕРАБО́ЙНЫ ПРО́МЫСЕЛ,

здабыча марскіх звяроў (цюленяў, нерпы, марскога коціка і інш.). Прадукцыя — футравая і гарбарная сыравіна, мяса (на корм пушным звярам), цюленевы тлушч, унутраныя органы (печань, эндакрынныя залозы і інш.) для вытворчасці вітамінаў і некаторых фармакалагічных прэпаратаў. Промысел цюленяў вядуць Расія ў Белым, Грэнландскім, Ахоцкім, Берынгавым і Каспійскім м., Нарвегія — у раёне Ньюфаўндленда і Грэнландскім м., Канада — у раёне Ньюфаўндленда, Данія — у раёне Грэнландыі. Промысел марскога коціка ЗША вядзе на лежбішчах в-ва Прыбылова, Расія — на а-вах Камандорскіх, Цюленевых, Сахалін. Кітабойны промысел з 1989 забаронены Міжнар. кітабойнай камісіяй.

т. 7, с. 38

ЗВЕ́РАВА Наталля Маратаўна

(н. 16.4.1971, Мінск),

бел. спартсменка (тэніс). Засл. майстар спорту (1991). Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1992), пераможца тэнісных турніраў: Уімблдонскага (Англія, двойчы), пяршынстваў Францыі, Аўстраліі і ў парным разрадзе. Неаднаразовая пераможца і прызёр інш. міжнар. турніраў.

т. 7, с. 38