Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ АТМАСФЕ́РЫ,

працэс змены складу атмасферы ў выніку паступлення ў яе забруджвальнікаў (аэразолей, газаў, цвёрдых часцінак і інш.). Негатыўна ўздзейнічае на жывыя арганізмы, прыносіць шкоду матэрыяльным каштоўнасцям. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.а. і забруджванне антрапагеннае. Крыніцы натуральнага З.а. — касмічны пыл, дзейнасць вулканаў, ветравая эрозія глебы, выветрыванне горных парод, зрэдку масавае цвіценне раслін і інш. У атмасферы дамешкі размяркоўваюцца нераўнамерна, у залежнасці ад размяшчэння крыніц забруджвання, метэаралагічных, тапаграфічных і інш. фактараў; маюць значэнне і мясц. атм. працэсы і трансгранічны перанос забруджвальнікаў. Антрапагеннае З.а. абумоўлена інтэнсіўнымі выкідамі і фіз. ўздзеяннямі на атмасферу розных галін гасп. дзейнасці чалавека; асн. забруджвальнікі: аксіды азоту, серы, вугляроду і інш. газападобныя злучэнні, пыл, аэразолі, вуглевадароды. Штогод у атмасферу выкідваецца каля 20 млрд. т вуглякіслага газу CO2, 700 млн. т інш. злучэнняў; тэхнагеннае паступленне CO2 складае каля 150 млн. т.

Канцэнтрацыя забруджвальнікаў паветра ў гарадах большая, чым у аддаленых населеных месцах. Непасрэдна з З.а. звязана ўзнікненне смогу ў буйных гарадах. Да асн. крытэрыяў якасці паветра належаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі для населеных месцаў (стандарты якасці паветра). Для аздараўлення павет. басейна ўдасканальваюць тэхналогіі вытв. працэсаў, спосабы газаачысткі, пыла- і попелаўлоўнікаў, герметызацыю абсталявання, удасканальваюць спосабы спальвання паліва, цвёрдае і вадкае паліва замяняюць прыродным газам, ствараюць больш дасканалыя трансп. рухавікі і інш. Барацьба з З.а. — вядучая задача аховы атмасферы.

Я.В.Малашэвіч.

т. 6, с. 490

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ВОД,

працэс змены складу і ўласцівасцей вады, абумоўлены паступленнем у водныя аб’екты забруджвальнікаў, якія робяць воды непрыдатнымі для водакарыстання, пагаршаюць умовы пражывання жывых арганізмаў. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.в. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае З.в. выклікаецца паводкамі, размывам берагоў, забруджанымі атм. ападкамі, рэчывамі, што вымываюцца з глебы. Некат. газападобныя рэчывы выкідваюцца ў атмасферу, а потым з ападкамі трапляюць у водныя аб’екты. Антрапагеннае З.в. абумоўлена паступленнем у вадаёмы прадуктаў, што выкідваюцца ў асяроддзе ў выніку бытавой, с.-г., прамысл. і інш. гасп. дзейнасці чалавека. Асн. крыніцы такога З.в.: воды сцёкавыя шахтаў, руднікоў, нафтапромыслаў, адходы хім. прам-сці, драўніны пры яе нарыхтоўцы, апрацоўцы і сплаве, апрацоўкі некат. с.-г. тэхн. культур, скіды воднага і чыг. транспарту і інш. Вылучаюць З.в. біял. (мікраарганізмы і здольныя да браджэння арган. рэчывы), хім. (таксічныя або рэчывы, якія змяняюць склад воднага асяроддзя), фіз. (награванне, радыеактыўнасць і інш.).

Першасныя змены З.в. узнікаюць ад непасрэднага ўздзеяння забруджвальнікаў на водныя аб’екты і ўплываюць на фіз.-хім. і біял. якасці вады, яе склад, т-ру, газавы рэжым і інш. ўмовы пражывання гідрабіёнтаў. У выніку другасных змен (пры ўзаемадзеянні забруджвальных рэчываў паміж сабой, з вадой ці інш. прыроднымі рэчывамі) утвараюцца новыя рэчывы, якія адмоўна ўплываюць на водныя арганізмы, узмацняюць або аслабляюць працяканне біяхім. працэсаў, змяняюць працэсы самаачышчэння і мінералізацыі вады і інш. Вынік — пагаршэнне гідрахім. рэжыму і ўмоў пражывання водных арганізмаў, немагчымасць выкарыстання вады для пітных, культурна-бытавых мэт, тэхн. водазабеспячэння. Трацічныя змены парушаюць складаны комплекс узаемасувязей гідрабіёнтаў з навакольным асяроддзем і ўзаемаадносіны паміж арганізмамі вадаёма, агульны жыццёвы цыкл іх развіцця. Назіраецца распад біяцэнозаў, паніжаецца біял. прадукцыйнасць вадаёмаў, знішчаюцца рыбныя запасы. Штогадовы знос з сушы ў воднае асяроддзе рэчываў пад уздзеяннем антрапагенных фактараў ацэньваецца ў 50 млрд. т.

На Беларусі ў рэкі скідваецца некалькі кубічных кіламетраў сцёкаў за год (найб. аб’ём забруджвальнікаў даюць нафтахім. і харч. прам-сць, электраэнергетыка), што вядзе да забруджвання вод нітратамі, засалення адходамі калійнай вытв-сці. Найб. аб’ёмы сцёкаў паступаюць у бас. рэк Зах. Дзвіна і Бярэзіна (бас. Дняпра). Гал. задача аховы водаў — папярэджанне З.>в. і ліквідацыя яго крыніц.

Я.В.Малашэвіч.

т. 6, с. 490

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ГЛЕБ,

працэс насычэння глебы забруджвальнікамі ў колькасцях і канцэнтрацыях, якія перавышаюць здольнасць глебавых экасістэм да іх уключэння ў біял. кругаварот. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.г. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае выклікаецца стыхійнымі сіламі і мае рэгіянальны або лакальны характар (напр., у выніку рассейвання вулканічнага попелу, пры пылавых бурах, паводках і інш.). Найб. пашырана антрапагеннае З.г., выкліканае гасп. дзейнасцю чалавека.

Асн. забруджвальнікі глебы — патагенныя мікраарганізмы (узбуджальнікі сібірскай язвы, батулізму, дызентэрыі, тыфу і інш.), металы (жалеза, медзь, цынк, ртуць і інш.) і іх злучэнні, сродкі хімізацыі сельскай гаспадаркі (гербіцыды, пестыцыды. мінер. ўгнаенні), радыеактыўныя элементы, дэтэргенты, дэфаліянты, нафтапрадукты і інш. Паступленне забруджвальнікаў у глебу з быт. адходамі, выкідамі прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі мяняе ход глебаўтваральнага працэсу (часцей у бок тармажэння), уплывае на фіз,хім. ўласцівасці глебы, здольнасць яе да самаачышчэння, вядзе да назапашвання забруджвальнікаў у раслінах: небяспечныя хім. элементы і прадукты іх пераўтварэння могуць трапляць у арганізм жывёл і чалавека. Большая ч. ўсіх адходаў акумуліруецца ў паверхневым (3—5 см) пласце глебы, больш за ўсё шкодных рэчываў намнажаецца ў паніжаных месцах, на ўзгорыстых і горных мясцінах, у поймах рэк таксічных рэчываў застаецца менш (вымываюцца патокамі вады). Маштабы З.г. у наш час набылі глабальны характар: тэхнагеннае паступленне жалеза на паверхню Зямлі перавышае натуральнае больш як у 10 разоў, медзі ў 26, цынку ў 15; для аховы ўраджаю с.-г. культур выкарыстоўваецца больш за 900 хім. злучэнняў; штогод у свеце назапашваецца каля 20 млрд. т аргана-мінер. і мінер. адходаў, з мінер. ўгнаеннямі на палі ў глебу ўносіцца каля 60 млн. т азоту, фосфару і калію, каля 4—5 млн. т пестыцыдаў.

На Беларусі найб. колькасць вытв. забруджванняў прыпадае на прадпрыемствы хім. прам-сці. У глебавым покрыве вакол гарадоў Гомель, Гродна, Магілёў, Мазыр, Наваполацк адзначаны павышаныя колькасці сярністага ангідрыду, вокіслаў вугляроду, азоту, цяжкіх металаў. У р-не г. Салігорск назіраецца засаленне глебы адходамі калійнай вытв-сці. Папярэджанне З.г. — адна з асн. задач аховы глебаў.

Я.В.Малашэвіч.

т. 6, с. 490

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ НАВАКО́ЛБНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,

паступленне ў асяроддзе рэчываў, біял. агентаў або розных відаў энергіі ў колькасці, якая перавышае звычайны ўзровень. Аказвае шкодны ўплыў на існаванне жывых арганізмаў і парушае прыродную дынамічную раўнавагу. Вылучаюць прыроднае і забруджванне антрапагеннае, з якімі звязаны забруджванне атмасферы, забруджванне вод, забруджванне глеб. Прыроднае забруджванне звязана з натуральнымі працэсамі (напр., у выніку вулканічнай дзейнасці); бывае часовае, пастаяннае, лакальнае, рэгіянальнае і глабальнае. Рост антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе — эканам., сац., паліт. і прыродазнаўча-навук. праблемы. Барацьба з З.н.а. патрабуе заканадаўчага забеспячэння, кантролю велічынь гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў, грунтуецца на пастаянным павышэнні агульнай, тэхнал., экалагічнай культуры насельніцтва, стварэнні экалагічна бяспечных сістэм гасп. дзейнасці, узвядзенні ачышчальных збудаванняў і інш. (гл. таксама Ахова прыроды, Экалогія). На Беларусі на 1.1.1996 намнажэнне адходаў складала 619 млн. т, за год утвараецца да 20 млн. т (у прам-сці да 80%, у быт. сектары да 20%). Гал. доўгатэрміновай экалагічнай праблемай з’яўляецца радыеактыўнае З.н.а. пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, якая ахапіла каля 23% тэр. рэспублікі (па цэзіі-137).

Літ.:

Будыко М.И. Глобальная экология. М., 1977;

Радкевич В.А. Экология. 3 изд. Мн., 1997.

В.М.Бурак.

т. 6, с. 490

ЗАБРЭ́ЗЗЕ,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад горада і 5 км ад чыг. ст. Валожын, 87 км ад Мінска. 423 ж., 180 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (1867). Каля вёскі Забрэзскі валун.

т. 6, с. 490

ЗАБРЭ́ЗСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды ў Беларусі, каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны. За 2 км на Пдадв. Забрэззе Валожынскага р-на Мінскай вобл. Вялікі ледавіковы валун ружавата-шэрага сярэднезярністага мігматыту. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,6 м, выш. 1,7 м, у абводзе 12,8 м, аб’ём 15 м³, маса каля 40 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад з паўд. Карэліі. На паверхні З.в. захавалася вял. паглыбленне (50—70 см у папярочніку, да 10 см глыбіні).

В.Ф.Вінакураў.

т. 6, с. 491

ЗАБРЭ́ЙКА (Пётр Пятровіч) (н. 3.2.1939, г. Варонеж, Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1968), праф. (1970). Скончыў Варонежскі ун-т (1961). Працаваў у Варонежскім і Яраслаўскім ун-тах, Ін-це тэхн. кібернетыкі АН СССР. З 1981 у БДУ. Навук. працы па нелінейным функцыянальным аналізе, набліжаных метадах, дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях. Распрацаваў тэорыю інтэгральных аператараў у шырокім класе прастораў. Адзін з аўтараў даведнікаў «Інтэгральныя ўраўненні» (1968), «Функцыянальны аналіз» (1972).

Тв.:

Геометрические методы нелинейного анализа. М., 1975 (разам з М.А.Краснасельскім).

Літ.:

П.П. Забрейко // Вестн. БГУ. Сер. 1. 1989. № 2.

П.М.Бараноўскі.

т. 6, с. 491

ЗАБЫЧА́ННЕ,

вёска ў Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПдЗ ад г. Касцюковічы, 120 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Камунары. 442 ж., 175 двароў (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў 1552 як сяло ў Крычаўскай воласці, дзярж. маёмасць. Сяляне вёскі ўдзельнічалі ў Крычаўскім паўстанні 1743—44. У 1747 у Крычаўскім старостве: 10 двароў, царква. Пасля 1772 у Рас. імперыі. У 1779 у Чэрыкаўскім пав., 208 ж., 47 двароў. У 1880—276 ж.. У 1909—322 ж., 3 разы ў год праводзіліся кірмашы. З 1924 у Касцюковіцкім р-не. У 1971—415 ж., 123 двары.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква (канец 19 — пач. 20 ст.).

т. 6, с. 491

ЗАБЭ́ЙДА-СУМІ́ЦКІ (Міхаіл Іванавіч) (14.6.1900, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 21.12.1981),

бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Маладзечанскую семінарыю (1918, на той час пераведзена ў Смаленск). Вакальную падрыхтоўку атрымаў у Харбіне (1920—22). У 1929—32 у Харбінскай оперы, у 1932—34 у Мілане, удасканальваўся ў Ф.Карпі, канцэртаваў у Міланскай кансерваторыі. У 1935—36 у Пазнанскай оперы (Польшча), з 1937 саліст Варшаўскага радыё, з 1940 саліст Нар. т-ра ў Празе, пазней канцэртны спявак. Адзін з яркіх прадстаўнікоў еўрап. вак. школы. Меў гнуткі, прыгожага тэмбру голас, яркую сцэн. знешнасць, акцёрскі талент; спяваў заўсёды на мове арыгінала. Сярод партый: Сінадал («Дэман» А.Рубінштэйна), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Уладзімір («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пінкертон, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Багема» Дж.Пучыні). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў (М.Аладава, А.Багатырова, М.Чуркіна, Р.Пукста і інш.). Першыя грампласцінкі, якія наспяваў З.-С., уключалі бел. нар. песні («Малады дубочак», «Чаму ж мне не пець», «Лявоніха» і інш.), у 1968 запісаў грампласцінку з бел. нар. песнямі. У гады 2-й сусв. вайны канцэртаваў у Ваўкавыску (1943), Вільні (1944) і інш. У 1963 канцэртаваў у розных гарадах Беларусі. На працягу многіх гадоў не парываў сувязі з Беларуссю, цікавіўся творчасцю бел. пісьменнікаў, быў асабіста знаёмы з М.Танкам, Р.Шырмам. Пераможца многіх конкурсаў вакалістаў. Архіў З.-С. захоўваецца ў Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.

Тв.: Песня сталася маёю моваю // Мастацтва Беларусі. 1990. № 6—7.

Літ.:

Станкевіч А. Міхаіл Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня. Вільня, 1938;

Плавінскі М. Салавей бацькаўшчыны мілай // Беларусь. 1990. № 2;

Сачанка Б. Беларуская эміграцыя: Факты і меркаванні // Маладосць. 1988. № 10.

Л.Ф.Голікава.

М.І.Забэйда-Суміцкі.
М.Забэйда-Суміцкі ў ролях Ленскага (злева) і Герцага.

т. 6, с. 491

ЗАБЯЛЫ́ШЫН (Забялышына),

вёска ў Хоцімскім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Хоцімск—Клімавічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на ПнЗ ад г.п. Хоцімск, 163 км ад Магілёва, 39 км ад чыг. ст. Клімавічы. 928 ж., 374 двары (1997). Спіртзавод, вінаробны цэх. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква Іаана Прадцечы (1843).

т. 6, с. 491